Марцаў: “Ідзе агульная тэндэнцыя на ратацыю і амаладжэньне кадраў. Шмат каго неабходна мяняць — хоць бы таму, што ў атачэньні кіраўніка дзяржавы зьявіўся Віктар Лукашэнка. Гэта малады дзяржаўны дзеяч, і, адпаведна, ён набірае сваю каманду. Юры Жадобін вядомы Віктару Лукашэнку яшчэ з часоў працы ў Службе бясьпекі прэзыдэнта, дзе ён займаўся аховай Віктара Лукашэнкі.
Агулам варта сказаць, што ўсё, што адбываецца зараз у Беларусі — гэта падрыхтоўка да выбараў 2011 году. Гэтыя працэсы — фармаваньне новых камандаў, кадравыя прызначэньні — можна расцэньваць як старт прэзыдэнцкіх выбараў 2011 году і нават як грунт для разьвіцьця ўлады ў Беларусі да 2016 году”.
Цыганкоў: “Магчыма, прызначэньне Ўладзімера Макея важнае ня толькі для ўнутранай, але і для замежнай палітыкі і зьнешняга іміджу беларускай улады?”
Марцаў: “Так, бо гэты чалавек мае досьвед працы ў МЗС. Ён мае ўстойлівую рэпутацыю чалавека празаходняга (вельмі ўмоўна) разьвіцьця. Хоць, я ўпэўнены, сам Макей не ўкладае ў гэты панятак таго сэнсу, які ўкладаем мы. Да таго ж, будучы першым памочнікам прэзыдэнта, ён зарэкамэндаваў сябе як дастаткова добры арганізатар, які сканцэнтраваў на сабе ўсе інфармацыйныя і дакумэнтальныя плыні”.