“За заявамі мусілі б ісьці нейкія справы. Але сытуацыя ў краіне адваротная заявам. Людзей, якія хочуць стаць дэпутатамі, перасьледуюць, у сувязі з выбухам без дастатковых падставаў было затрымана 16 чалавек, сярод іх актывісты палітычных партыяў, кіраўнікі выбарчых штабоў дэмакратычных кандыдатаў”.
Учарашнія паседжаньні аблвыканкамаў, на якіх фармаваліся акруговыя выбарчыя камісіі, на думку спадара Калякіна, прайшлі непразрыста, ня ўсе выканкамы дазволілі прысутнічаць на гэтых паседжаньнях прадстаўнікам апазыцыі, пры гэтым улады не тлумачылі і матываў, паводле якіх прымаліся рашэньні.
“Проста зачытвалі кімсьці загадзя складзены сьпіс і казалі, што гэтыя людзі ўключаныя ў камісіі. Чаму гэтыя ўключаныя, а тыя – не, хто ўвогуле падаваў заявы на ўключэньне, – гэта абсалютна невядома”.
Паводле інфармацыі С.Калякіна, са 110 вылучаных Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі кандыдатаў у акруговыя камісіі ўключаныя толькі каля 30 чалавек. Гэта ўжо парушэньне дэкляраванага ўладамі прынцыпу роўнасьці, прынамсі ў тых акругах, дзе не ўключылі ў камісіі прадстаўнікоў апазыцыі.
Спадар Калякін мяркуе, што ўлады яшчэ маюць шанцы палепшыць сытуацыю, зрабіць усё, каб выбары прызналі як унутры краіны, гэтак і за мяжой.