У Менску 8-га ліпеня міліцыя правяла ператрус у кватэры Ніны Шыдлоўскай, прэсавай сакратаркі Аляксандра Казуліна падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Карэспандэнт “Свабоды” размаўляў з Нінай Шыдлоўскай, калі міліцыя яшчэ не пакінула яе кватэру.
“Мне патлумачылі, што ператрус праводзяць на падставе пастановы ў сувязі з завядзеньнем справы паводле выбуху ў ноч на 4-ае ліпеня. У гэтай кватэры жывем мы з мужам і ягоныя бацькі. Ператрус ужо праведзены, зараз мы чакаем прыезду майго мужа. Пасьля гэтага нас азнаёмяць з пратаколам і стане вядома пра тое, што забяруць з кватэры”.
Карэспандэнт: “А як вам патлумачылі, якое вы маеце да гэтага дачыненьне?”
“Сказалі, што, магчыма, могуць знайсьці нейкія рэчы ці яшчэ нешта, што наўпрост ці ўскосна можа быць зьвязана з выбухам”.
Карэспандэнт: “Гэта менавіта ваша асоба іх зацікавіла, ці вашага мужа, ці вашы бацькі?”
“У пратаколе стаіць прозьвішча майго мужа, Міраслава Лазоўскага”.
Карэспандэнт: “А чым займаецца ваш муж?”
“Працуе ў камэрцыйнай фірме інжынэрам па забяспячэньні”.
Карэспандэнт: “Ці меў ён калі адносіны да выбуховых рэчываў ці выбуховых прыстасаваньняў? Ці ягоныя бацькі?”
“Ён ніякага і ніколі. Яны таксама. Прабачце, але мяне просяць спыніць размову. Да пабачэньня”.