“Для мяне гэта сьвята абсалютна чужое. Я сябе адчуваю, як у іншай краіне. А народу, як мне падаецца, становіцца ўсё больш і больш на такіх сьвятах. Яны вось у мяне перад вакном усё ідуць і ідуць. Таму што ў гэтай краіне, у гэтым горадзе больш нічога не адбываецца. Чалавек мусіць мець хоць нейкае сьвята. Чалавек хоча парадавацца хоце нечаму, нават калі і ня ведае, чаму ён радуецца. Там нешта пакажуць, там нейкія танцы, там рознакаляровыя фарбы, там вялікія сродкі круцяцца. Чаму і не паглядзець? Чалавек жыве адным днём, і ён мусіць быць на сьвяце, хай і аднаго дня.
Чалавек жыве адным днём, і ён мусіць быць на сьвяце, хай і аднаго дня
Мой дом заўсёды ў часе такіх сьвятаў ахоўваецца з усіх бакоў кардонам міліцыі. Вось некалькі дзён па тры чалавекі з аўтаматамі стаялі на дзьвярах. З раніцы ў дзьверы кожнай кватэры міліцыя грукала, патрабавала зачыніць форткі і не адчыняць пакуль будзе мерапрыемства. Людзі ў цывільным у два шэрагі праз 10 мэтраў глядзелі на нашы вокны, пакуль Лукашэнка катаўся на роліках. А людзі ходзяць сярод гэтага ўсяго, і, можа, нават не заўважаюць, колькі міліцыі і ахоўнікаў у цывільным сярод іх знаходзяцца.
У нас нічога не памянялася. Мы прывыклі да ўсяго гэтага. Адна палова ходзіць, другая іх ахоўвае. Навошта? Толькі таму, што там прэзыдэнт на роліках катаецца? Навошта столькі страху? Ці гэта толькі форма? Ці гэта так трэба? А людзі гэтага ўжо і не заўважаюць. Гэта толькі эмігрант можа ўбачыць, вось як я заўважаю, бо чужак у нібыта сваёй краіне.
Пройдуць гады, многія з тых, што ходзяць сёньня па вуліцах са сьцяжкамі, памруць. І што з гэтых сьвятаў яны пакінуць нашчадкам?
Так, там сьвята, нешта павінна адбывацца. А калі б там мы рабілі сьвята пад бел-чырвона-белымі сьцягамі? І калі б мы нічога новага не зрабілі? Таксама маса народу хадзіла б там фармальна. Справа ў тым, што трэба рабіць нешта глыбей, каб чалавек задумаўся пра сутнасьць. Ці будзе ён абараняць тое, чым жыве сёньня, калі спатрэбіцца? Вось ляснуўся Савецкі Саюз, і хто выйшаў абараняць яго? Ніхто, бо не было чаго абараняць, а штогод сьвяткавалі. Вось такая сутнасьць гэтых сьвятаў...
Пройдуць гады, многія з тых, што ходзяць сёньня па вуліцах са сьцяжкамі, памруць. І што з гэтых сьвятаў яны пакінуць нашчадкам? Пра якія каштоўнасьці маглі б ім расказаць? Ну, быў хлеб, былі відовішчы. Вось і сёньня за маім вакном відовішча. Мне ж любое маленькае, лякальнае сьвята даражэй, калі там ёсьць сутнасьць.
Дзень незалежнасьці, 3 ліпеня. А мог быць і 17-га, і 28-га.... Якая розьніца? Закруцілася сьвята, музыка грае, весела... Чалавеку хочацца сьвята, і ён сьвяткуе”.