Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь трапіла ў сьпіс нетрывалых дзяржаваў


53-е месца з 60 недзеяздольных дзяржаваў сьвету займае Беларусі ў адмысловым рэйтынгу, які ўжо чацьверты год складаюць Цэнтар Карнэгі і незалежная дасьледная арганізацыя Фонд міру.

Паводле дасьледчыкаў, недзеяздольная дзяржава – гэта дзяржава, якую можа абрынуць сур'ёзны крызыс. Чыньнікі недзеяздольнасьці – страта фізычнага кантролю над сваёй тэрыторыяй і дзяржаўнай манаполіі на ўжываньне сілы, няздольнасьць уладаў забясьпечыць нармальнае функцыянаваньне грамадзтва, а таксама няздольнасьць узаемадзейнічаць зь іншымі краінамі як паўнацэнны член міжнароднай супольнасьці. Гэта не азначае, што дзяржава ўжо абрынулася, што яе няма, але гэта – паказчык яе крохкасьці, датклівасьць да любога сур'ёзнага ўнутранага шоку.

Экспэрты двух амэрыканскіх дасьледных цэнтраў прааналізавалі сытуацыю ў 177 краінах сьвету паводле 12 індыкатараў. 60 краінаў, якія замыкаюць сьпіс – якраз тыя, якія паводле аўтараў дакладу можна ахарактарызаваць як недзеяздольныя.

Пачынаюць сьпіс афрыканскія краіны Самалі, Судан і Зімбабвэ. У Самалі працягваецца шматгадовая грамадзянская вайна з удзелам арміі суседняй Этыёпіі, толькі летась і толькі сталіцу Магадыша пакінулі 700 тысяч уцекачоў. Судан вядомы ва ўсім сьвеце сапраўдным генацыдам, які адбываецца ў правінцыі Дарфур. У Зімбабвэ акрамя жахлівых парушэньняў правоў чалавека і нахабных фальсыфікацый выбараў - інфляцыя 150 000(!) працэнтаў за год.

Таксама вельмі нізка экспэрты ацэньваюць ірацкую дзяржаву. Зразумела, не ва ўсіх дзяржавах, што патрапілі ў шасьцідзясятку найгоршых, сытуацыя такая, як у Самалі ці Судане, скажам, на 58-м месцы апынуўся Ізраіль з прычыны няздольнасьці інтэграваць арабскую меншасьць і глыбокага расколу эліты.

Пераважную большасьць краінаў недзеяздольнай шасьцідзясяткі складаюць краіны Афрыкі (і амаль усе краіны гэтага кантынэнту ў гэты “чорны” сьпіс трапляюць). З постсавецкіх краінаў у сьпісе – дзяржавы Цэнтральнай Азіі Узбэкістан (26), Таджыкістан (38), Кіргістан (39), Туркмэністан (46) , Малдова (49), Грузія (56) і Беларусь – 53-е месца.

Паводле якіх паказчыкаў Беларусь патрапіла ў сьпіс недзеяздольных дзяржаваў? Найбольш кепскія адзнакі краіна атрымала паводле паказчыкаў нелегітымнасьць улады, правы чалавека і раскол у элітах. Таксама ня надта высока былі ацэненыя стан эканомікі, дэмаграфічная сытуацыя і характар зьнешніх уплываў. Варта адзначыць, што за апошні год Беларусь адсунулася на два радкі далей ад небясьпечнай вяршыні сьпісу - летась у аналягічным рэйтынгу яна была 51-ай.

Ня ўсе недзеяздольныя краіны характарызуюцца адкрытымі забурэньнямі і канфліктамі, іх можа і ня быць, справа ў патэнцыяле нестабільнасьці, у рызыцы, што нечаканы штуршок можа раптам абрынуць усю дзяржаўную канструкцыю. На думку аўтараў дакладу шмат для якіх недзеяздольных дзяржаў такім штуршком можа стаць цяперашні харчовы крызыс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG