Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Дроздаве драздам і нам ёсьць і будзе што дзяўбсьці...”


У Дроздава заехаў падчас сталай радыёэкспэдыцыі “Малая Радзіма-Вялікі Боль” па вёсках, якія паміраюць. І... вырашыў спачатку, што патрапіў не туды. Асфальт на вуліцы. Ладныя, дагледжаныя хаціны. Упарадкаваныя гароды, сады. Праўда, вакол пустэльна. Пасьля сытуацыю патлумачыў старажыл — 67-гадовы спадар Кудло.






Кудло: “Дроздава будзе паселішчам для лецішчаў. Побач аўтастрада, дызэль. Рэкі — Дзітва і Нёман. У вёсцы збудаваньні за бясцэньне купляюць. У горадзе ж цэны бязь меры растуць. Можна ў горадзе кватэру здаць і тут 5 год жыць...”

Сустрэча і знаёмства зь цікавым захапленьнем Віктара Іванавіча — наперадзе. Я ж пакуль гутару зь іншымі дроздаўцамі.

Казак: “Наша суседка раптоўна памерла. Яшчэ бабулю ў горад дзеці забралі — хаты вызваліліся. Соткі дзяліць — ідзеш, няма каму паведаміць. Бібліятэку, што ўбралі, шкада. Для дзяцей быў прытулак. Прыходзілі з гітарамі, да сьвятаў былі мерапрыемствы. А зараз ім што — прыпынкі размазваць засталося. Раней вёска была настолькі густа населеная, хаты настолькі шчыльна стаялі, што ў якой дах вышэй, дык як пойдзе дождж, вада сьцякала на наступны дах. Я памятую, дошчачкі ставілі. А яшчэ людзі з аднаго канца і з другога хадзілі, кантралявалі, каб ня здарыўся пажар...”

Гэта была таксама карэнная жыхарка Кацярына Аляксандраўна Казак. Шосты год на пэнсіі. У вёсцы на правах старэйшыны. Жыве з псыхічна хворай маці. Таму гаману вядзем на ганку. Суразмоўніца кажа, што працавала аграномам, бухгальтарам у тагачасным калгасе імя Чкалава. Але ў далейшай размове назвала і яшчэ адну сваю колішнюю пасаду. Пачынаем жа з развагаў пра аграгарадок у Ганчарах, што ўзьнік два гады таму і да якога адміністрацыйна павінна было б адносіцца Дроздава. Але на вёску махнулі рукой — усіх, маўляў, не абсталюеш. Хоць тут амаль 100 жыхароў, 16 зь іх — падлеткі.

Казак: “Гэта толькі ў цэнтры аграгарадок, дзе сацкультбыт, ФАП, пошта, клюб, царква, газ праведзены...”

Карэспандэнт: “Тое, што Дроздава ня стала часткай аграгарадка ў Ганчарах, дык гэта і не вялікая страта?”

Казак: “Мы нічога не згубілі. Маладых няма. Хто ўладкаваўся ў горадзе, там жыльлё, пэрспэктывы. Людзі, што засталіся, п’яніцы. У іх запой — скаціну не пакармілі, прыбаўленьне ў вазе і губляецца празь некалькі дзён. Вось у суседнім дамку бабуля памерла. Пасяліліся муж з жонкай. Ён сядзеў — ну нічога, бывае. Дык не ж — п’юць. І хлопчык красьці пачаў. А добрых не дачакацца. Ну, пабудаваць комплекс з кампутарамі, дык п’яніцу не паставіш...”

Паступова суразмоўніца пераходзіць да абагульненьняў.

Казак: “Прэзыдэнт кажа — аб’ядноўваць. Вучоныя — трэба ня менш за 10000 га ральлі, каб пачынаць будаваць. Трэба крэдыты браць, а грошай няма. На 100—200 кг саляркі нават, каб адвезьці калгаснае малако. Альбо кармы падвезьці. А тут на фэрму прыйдзеш — рэмень недзе парваўся, лямпачкі перагарэлі. А фэрмы ж дажылі — сьцены сыплюцца. З аднаго боку ўсё разумна — ня латаць, не кранаць, бо гэта бяз сэнсу. Але грошы, што ў абароце, ідуць толькі на бягучыя выдаткі...”

Карэспандэнт: “Падрамантаваць дарогу, пафарбаваць парканы... Ці тая гэта кропка прыкладаньня сіл?”

Казак: “Не, не! Але трэба вялікія грошы, каб укласьці ў новае. А то прыяжджаюць з раёна — мая думка правільная, а другая — глупства. А прыйдзеш на сход, здаецца, хтосьці такое выкажа!”

Мая суразмоўца выглядае чалавекам дасьведчаным. Кабета прызнаецца, што была сакратаром калгаснай арганізацыі КПСС. Пытаюся тады, як яна ставіцца да поглядаў настаўніка фізкультуры з Ганчароў Івана Матусевіча. Чую знаёмыя доўгімі гадамі інтанацыі.

Казак: “Матусевіч адносіцца да бэнээфаўцаў крайняга крыла. Яму ўвесь час, колькі жыве, усё дрэнна. Хоць і ў часы партыі па-чалавечы імкнуліся, ніхто нікога не прыціскаў...”

Патлумачу. Зь яшчэ дзеючым трэнэрам па клясычнай барацьбе спадаром Іванам Матусевічам я сустрэўся два гады таму. Ён выхаваў срэбнага прызэра Эўропы, 22-гадовага цяпер Валерыя Паленскага, таксама ганчароўца. У Ганчарах у спадара Матусевіча рэпутацыя галоўнага апазыцыянэра. Ён адзіны ў вёсцы выпісваў “Народную волю”, пакуль была такая магчымасьць, і сваіх палітычных перакананьняў ня ўтойвае. У тым ліку і стаўленьня да аграгарадкоў. Вось што ён сказаў мне тады.

Матусевіч: “Аграгарадок? Былі такія, калі ўзбуйнялі вёскі. Вёскі разбурылі. Нічога гэта, думаю, ня дасьць. Хто прыдумаў аграгарадкі? Наагул нават і не Хрушчоў у Савецкім Саюзе. Гэта марыў Гітлер, як ён заваюе Ўкраіну, што будуць немцы будаваць такія гарадкі, дзе людзі будуць рабамі, а начальнікамі германцы — вышэйшая раса. Згоняць людзей у адну кучу і каб яны рабілі — аграканцлягеры...” (Сьмяецца.)

Ізноў пытаюся ў былой камуністкі Кацярыны Казак — а ці так ужо разыходзіцеся вы сёньня ў поглядах з Іванам Матусевічам? Яна ў разгубленасьці.

Казак: “Я людзям кажу — пішыце! А пасьля гляджу адказ на ліст у газэце — “так і трэба”. Ну няправільна...”


Ля шашы на Берасьце ў Дроздаве пабудаваныя тры так званыя прэзыдэнцкія домікі, куды ўсяліліся тры маладыя сям’і. Праўда, хаты на сямі вятрах, бо без парканаў. 34-гадовая даярка Алена ды 40-гадовы трактарыст Мікалай жывуць тут другі год. Больш за тое — пераехалі сюды зь Ліды.






Алена: “Бачыце, гарод пачала саджаць. Вядома, хацелася, каб плот паставілі...”

Карэспандэнт: “Па аграгарадках калі ежджу, у хатах столі самі кладуць, падлогі “пучыць”...”

Алена: “Ёсьць, ёсьць такое! У першым дамку ваннаў не было. Сьцены “пайшлі” — прасьветы ёсьць ужо. Усё даводзіцца рабіць самім. Гумно адно на дзьве сям’і. Праца, вядома, няўдзячная. Ня цэніцца. Усё робім самі, з-пад кароў вычышчаем. За хату калгас вылічвае. Тэлефонаў няма. Прырода неблагая — побач лес зь ягадамі-грыбамі. Я асабіста не шкадую, што пераехалі. Лепш у горадзе без заробку сядзець?! Я лепш якія 300—350 тысяч атрымаю...”

Знайшоў я ў Дроздаве і адзінае фэрмэрскае сямейства. Знайшоў — бо на людзі асабліва не высоўваюцца. Не ад боязі — няма з чым. Алег і Галіна Макаравы 44 га зямлі ўзялі ў арэнду 7 год таму. Маюць старэнькія камбайн, грузавік, трактар. Але ўрадлівая зямля толькі на 10 га, астатняя на пясках ды дрыгве. І хоць апошнім разам сабралі 100 тон збожжа, адчуваюць роспач. Кажа Галіна.






Галіна: “Выжыць цяжка будзе. Каторы год працуем. Асаблівага прыбытку ня маем. Падаткі — вялікая сума. Плацім адзіны падатак, НДС — 10%, у фонд сацыяльнай абароны, Белдзяржстрах — ад рэалізацыі прадукцыі...”

Карэспандэнт: “А вам удаецца на 100% рэалізоўвацца?”

Галіна: “Не ўдаецца. Канкурэнцыя ўзрастае. Удаецца захаваць на зіму — захаваеш. Не — прападзе. Мой муж таксама ня ведае, што рабіць...”

Ну а цяпер абяцаны расповед пра захапленьне старажыла, спадара Віктара Кудло. Ён па надпісах на помніках, па архіўных дакумэнтах, па запісаных на відэа ўспамінах родных зрабіў уласны радавод да сёмага калена. Зьбіраецца стварыць уласную старонку ў інтэрнэце.

Кудло: “Не зьмянялася прозьвішча. Усюды напісана — Кудло. Сымон быў, Васіль, Андрэй, ужо прадзед Ісідор і мой бацька Іван Іванавіч. Калі немец наступаў у часе першай сусьветнай, пры цары-бацюхну ўсё рабілася і апісвалася арганізавана. Маем акт ад 15 жніўня 1914. “Асабістае хадайніцтва Івана Ісідарава Кудла аб складаньні апісаньня і ацэнкі рухомай і нерухомай маёмасьці, пасеваў, што знаходзяцца ў вёсцы Дроздава”. І тут пералічваецца: бульбы пасаджана на 247 рублёў, дом жылы новы — 10000, стары — 500, гумно — 700, канюшня — 150 рублёў... Гэтым самым дзяржава заклікала людзей пакінуць тэрыторыю, але гарантавала зварот! І так яны паехалі ў Расею. Заехалі ў Ніжагародзкую губерню, вёску Навінкі. (Гартае.) Дзед стаў лесьніком. Ім там адразу выдалі 2 каровы, каня, добры дом. Ім давалі дапамогу — па 27 рублёў 97 капеек. Вось пячатка і квіток уцекача...”

Зусім іншыя гісторыі запісаў спадар Кудло пра сваіх нядаўніх продкаў, што жылі ў сярэдзіне 50-х мінулага стагодзьдзя.

Кудло: “А ўжо матку маёй маці прызналі кулаком у 50-х гадах. Ноччу прыехаў “варанок”. Стук у дзьверы — “зьбірайцеся, бярыце толькі самае неабходнае”. А хто, што — “не пытайцеся”. Праўда, дзядзька ўцёк. А гэтых прывезьлі ў Ліду, станцыя ачэпленая. Маці цудам даведалася, што бабулю ўзялі — прыляцела! І не дапусьцілі нават разьвітацца! І павезьлі ў Казахстан. Пасьля 55-га было “польскае рашэньне”. І хоць яны былі праваслаўнымі, паехалі ў Польшчу. Там разжыліся — ім далі хату. Другі дзядзька адваяваў, застаўся ў Лягніцы — яму давалі дом двухпавярховы. А тут, на Бацькаўшчыне, забралі дом. Яму не было куды вяртацца! Можаце параўнаць...”

Апошняя прыемная сустрэча адбылася ў мяне пры канцы, з 62-гадовым спадаром Анатолем Быстрыцкім. Ён адрэкамэндаваўся мне сам.






Быстрыцкі: “Карэнны, нарадзіўся тут, выгадаваўся, вывучыўся. Засталася бацькава хата, кавалак зямлі. Тут мае бацькі жылі, родныя, блізкія. Усё гэта нажытае працай — хата, хлявы. Унуку ўжо 16 год. Усе зьбіраемся тут у нядзелю...”

Карэспандэнт: “А драздоў чуваць, як дзяўбуць?”

Быстрыцкі: (Сьмяецца.) “Дзяўбуць. Ёсьць што дзяўбаць — людзі сеюць. Я думаю, што і будуць сеяць...”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG