Спадар Статкевіч акцэнтуе ўвагу на тым, што такія сэрыялы зьяўляюцца напярэдадні важных палітычных падзеяў у краіне. У дадзеным выпадку – пад заплянаваныя на восень выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:
“Гэта ўсё рыхтуецца пад выбары. Нашая ўлада – вялікая панікёрша і перастрахоўшчыца. На выбарах – звышперастрахоўкі, падрабляюць нават пратаколы. Але ім здаецца і гэтага мала, заганяюць людзей яшчэ на папярэдняе галасаваньне, фальсыфікуючы бюлетэні. Так і тут: чыноўнікі вельмі перастрахоўваюцца, машына прапагандысцкая працуе. І хоць на вынік гэта практычна ніяк не ўплывае, яны робяць чарговы раз з апазыцыі здраднікаў, шпіёнаў, прадажных, нікчэмных людзей. Прычым, гэта машына ў нейкай ступені нават на самазаводцы працуе. Псыхалёгія чыноўніка – як бы чаго не выйшла, заўсёды трэба перастрахоўвацца, каб далажыць пра прэвэнтыўныя меры. Нехта недзе ініцыятыву праявіў, астатнія даведаліся (іншы раз нават з дапамогай апазыцыйных мас-мэдыяў) і зрабілі выснову: дык і мы ж павінны, а то раптам начальства падумае, што не стараемся, а іншыя ўжо зрабілі...”