Для спартоўцаў і для заўзятараў створаны значна лепшыя ўмовы, чым былі. Стадыён існуе на гэтым месцы каля пяцідзесяці гадоў. На яго тэрыторыі збудавалі і лядовы палац, а перарабляць футбольны стадыён узяліся пазьней, рэканструкцыя цягнулася 5,5 гадоў, каштавала 35 мільярдаў рублёў. Цяпер тут сучаснае поле, сучасныя трыбуны з крэсламі, можна праводзіць міжнародныя матчы.
Калі пачалася перабудова стадыёну, будаўнікі сталі вывозіць грунт на ўскраіну, і людзі, якія там жылі, заўважылі ў гэтай зямлі чарапы. Зьвесткі трапілі ў недзяржаўную прэсу, затым увогуле ў замежную і ўзьнік такім чынам скандал. Габрэйскія арганізацыі міжнародныя і таксама беларускія зьвярнуліся да абласных уладаў з патрабаваньнем спыніць будоўлю.
Работы сапраўды часова прыпынілі, але гэта не зьмяняла справы: стадыён там існаваў вельмі даўно. Як сказаў тады адзін архітэктар: няправільна гаварыць, што рэканструкцыя адбываецца на могілках, могілкі былі зьліквідаваныя даўно — пры канцы 1950-х гадоў.
Былі два, прынамсі бачныя, кампрамісныя рашэньні. Спачатку былі сабраныя знойдзеныя косткі і чарапы, іх перазахавалі ў некалькіх скрынях на іншых габрэйскіх могілках, што існуюць за Нёманам. Другое: улады і габрэйскія грамадзкія арганізацыі пагадзіліся прымацаваць на агароджы стадыёну шыльду, прысьвечаную зьліквідаваным могілкам.
Улады ад пачатку настойвалі на сваім варыянце, і ўсе мусілі пагадзіцца. Па-першае, улады адмовіліся павесіць шыльду на бачным месцы, павесілі на бакавой вуліцы. Па-другое, калі прысутныя на адкрыцьці ўбачылі саму шыльду, яны былі папросту ўражаныя. Яе тэкст ня меў дачыненьня да габрэйскіх могілак, якія былі зьліквідаваныя тут у хрушчоўскія часы. На шыльдзе гэтай напісана: “Памяці габрэяў, якія з ХІV стагодзьдзя жылі на Гарадзенскай зямлі. Ад нашчадкаў". Ізраільскі амбасадар на адкрыцьці сказаў тады літаральна наступныя словы: “Канечне, футбол, лёгкая атлетыка — гэта вельмі важна. Але чаму на касьцях, чаму на праху?”
Побач з цэнтрам захаваліся старыя праваслаўныя і каталіцкія могілкі з ХІХ стагодзьдзя. Праваслаўныя ўлады нядаўна добраўпарадкавалі. Нядаўна выйшла кніга “Магдэбургская Гародня” гісторыка Юрыя Гардзеева, дзе ён піша таксама пра могілкі. Аказваецца ў самым цэнтры Горадні існавалі некалькі могілак, цяпер на гэтым месцы забудова, вуліцы. У кнізе ёсьць цікавыя факты: месца ў горадзе было гэтак мала, што на могілках існавалі будынкі і крамы. І ўрэшце пры канцы 18 стагодзьдзя было вырашана вынесьці могілкі за гарадзкія межы, паколькі яны пагаршалі санітарна-гігіенічныя ўмовы ў горадзе.