Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сынкавічы: “Зааралі ўсё, каб чыста было”


Паводле адной са шматлікіх легендаў, Сынкавіцкую царкву заснаваў сам вялікі князь Вітаўт. На знак удзячнасьці за тое, што ў тутэйшых пушчах ён уратаваўся ад Ягайлавай пагоні.


Летась у Сынкавічах нават сьвяткавалася шасьцісотгодзьдзе храма. Але прафэсійныя дасьледчыкі лічаць, што храм Сьвятога Міхала паўстаў на пачатку XVI стагодзьдзя. І, магчыма, фундаваў яго гетман Канстанцін Астрожскі, славуты палкаводзец, фундатар Траецкай і Прачысьценскай цэркваў у Вільні, якія таксама маюць абарончыя рысы.





Я ня быў у Сынкавічах больш за год. І перамены пасьля сьвяткаваньня шасьцісотых угодкаў не заўважыць цяжка. Калісьці простая, драўляная страха званіцы цяпер “упрыгожана” залатым шаломам. Убачыўшы здалёку зьзяньне сусальнага золата, якое вельмі кантрастуе з суровай готыкай храма, я баяўся, што размовы з настаяцелем царквы не атрымаецца. Але айцец Арсеній, нестары беларускамоўны сьвятар, як мог супакоіў мяне.





Айцец Арсеній: “Такой, якой мы яе бачым, яна захавалася з тых часоў. Няма ніводнага помніка, які б дайшоў у такім выглядзе, як Сынкавіцкая царква. Званіца была пабудаваная ў 1892 годзе. Яна аніякага дачыненьня ня мае да самой царквы. Тут мы бачым замкавую архітэктуру, а тут званіца царкоўная. І мы аднавілі яе такой, якой яна была. Стыль яе зусім адрозьніваецца”.

Я прыехаў у нядзелю. Калі царква літаральна ачэпленая аўтобусамі з усіх куткоў Беларусі. Народу ў храме нямала. Але сярод модна апранутых турыстаў вылучаюцца мясцовыя бабулькі. Зрэшты, мясцовыя — ня значыць сынкавіцкія. Сюды прыходзяць і прыяжджаюць маліцца з усіх навакольных вёсак. Вось старая са шчасьліваю ўсьмешкай на маршчыністым твары старанна хрысьціцца перад уваходам.




Карэспандэнт: “Знакаміты храм у вас”.

Старая: “Старажытны. Такога, мусіць, нідзе і няма. Як яна пабудавана! 600 гадоў! Яна лічыцца царква-крэпасьць. Калісьці тут чалавека забівалі і ён схаваўся сюды. І менавіта ў гэтай царкве, ён пісаў сваім сваякам, што менавіта гэтая царква-крэпасьць яго выратавала”.

Карэспандэнт: “А што дае чалавеку вера?”

Старая: “Лягчэй жыць на сьвеце, калі будзеш верыць. Ня будзеш шкоды нікому зычыць. І мы нікому нічога... Хочацца, каб кожнаму было найлепей. Быў час, адхіліліся ад гэтага. А цяпер, калі ёсьць вольны час... Сёньня выйшла, гадзіну ці болей, але дачакалася аўтобуса. Хоць пазьней, але прыехала”.

Міхайлаўская царква, безумоўна, шэдэўр праваслаўнай готыкі. Але як бы выглядаў гэты храм, каб побач не было савецкай спадчыны! Вы можаце сабе ўявіць царкву Пакрова на Нярлі ў суседзтве зь сіласнаю вежаю? Ці Крыжовую гару пад Панявежысам на фоне кароўнікаў? Тое, да чаго не дадумаліся ў суседніх краінах, у Беларусі ажыцьцявілі напоўніцу. Кіраўнікі БССР яскрава выявілі свае адносіны да архітэктурнай спадчыны. Пабудаваўшы вялізарную фэрму ледзь ня ўсутыч з царкоўнай брамай. І выгляд, і гукі, і пахі ствараюць адпаведную аўру.

Айцец Арсеній: “Сюды больш прыяжджае нашых суайчыньнікаў. Пачынаючы ад Гомеля і канчаючы Гародняй. Учора былі з Масквы, сёньня з Рыгі прыяжджалі паломнікі. Са ўсяго сьвету”.

Карэспандэнт: “Больш паломнікаў ці турыстаў?”

Айцец Арсеній: “Больш паломнікаў. Бо турыстычны маршрут толькі адкрыўся. І пра яго вельмі мала хто ведае. Паломнікі ж, яны чалавек чалавеку перадае. Перадае аб службе, перадае аб благадаці Божай, якая нямаведама як дзейнічае на нас. Але ж вы самі адчуваеце яе ўплыў. Як заходзіш у храм, адразу адчуваеш, што на душы становіцца лягчэй. Як быццам нешта адступае тое сьвецкае, што навалілася на нас”.

Карэспандэнт: “Але ж гэтае сьвецкае прысутнічае тут у выглядзе фэрмы, якая ледзь не ўпрытык з храмам”.

Айцец Арсеній: “Аб гэтым ня ведаюць і ня хочуць, мусіць, ведаць нашы кіраўнікі. Дарэчы, калі надвор’е цёплае, то што мы бачым?”

Карэспандэнт: “Бачым і адчуваем”.

Айцец Арсеній: “Гэта ж недарэчна, што ў ста мэтрах ад царквы, ад помніка такога сусьветнага значэньня, знаходзіцца фэрма”.

Карэспандэнт: “А вы не спрабавалі гаварыць з кіраўніцтвам СПК?”

Айцец Арсеній: “Кіраўнік СПК таксама ідзе насустрач. Але ж гэта вырашаецца на іншым узроўні. І нават райвыканкам гэта не вырашае. Гэта вырашаецца на вышэйшым узроўні. Калі б гэта была маленькая фэрмачка на сто галоў. А тут на васямсот”.





Я зазірнуў на сынкавіцкую фэрму. Дзьве работніцы сядзелі каля ўваходу ў кароўнік.

Карэспандэнт: “Як вам тут жывецца і працуецца?”

Даярка: “Як у калгасе. Наш калгас перадавы”.

Карэспандэнт: “А тут працуюць у асноўным сынкавіцкія?”

Даярка: “Не. Елка. У Сынкавічах толькі пара сем’яў працаздольных. Пэнсіянэры”.

Карэспандэнт: “І колькі людзі зарабляюць?”

Даярка: “Мы на фэрме 280, 260”.

Карэспандэнт: “Цяжкавата”.

Даярка: “Дык мы на дваіх вось гэты хлеў трымаем. І яшчэ ў нас адзін хлеў”.

Карэспандэнт: “Гэта вы ўдваіх на два хлявы. І колькі галоў у вас?”

Дарка: “Тут 280. І там 320”.

Карэспандэнт: “На два хлявы працуюць два чалавекі, па сутнасьці. Вы абслугоўваеце 600 галоў і атрымліваеце па 280 тысяч. Вам не здаецца, што гэта неяк несправядліва?”

Даярка: “Ужо даўно здаецца. Што ж зробіш?”

Карэспандэнт: “А чаму так? Што, мяса такое таннае стала?”

Даярка: “Мяса даражэе”.

Карэспандэнт: “Якая цікавая арытмэтыка ў нас”.

Даярка: “Здаецца, мы аніякага дачыненьня да мяса ня маем. Начальства толькі гадуем”.

Карэспандэнт: “Так, гадуем начальства. А начальства многа?”

Даярка: “Многа. Гэта спэцыялісты вышэйшага рангу”.

Спэцыяліст “вышэйшага рангу” доўга чакаць сябе не прымусіў. Загадчыца фэрмы, саракагадовая дама зь неласкавым позіркам паўстала нібы з-пад зямлі.

Загадчыца: “Нельга пабочным. Я кажу сур’ёзна. Была апошняя нарада — пабочным нельга. Ці журналісты, ці не журналісты”.

Карэспандэнт: “А гэта што, сакрэтны вайсковы аб’ект?”

Загадчыца: “Тут фэрма, разумееце? Тут жывёла, тут людзі працуюць”.

Карэспандэнт: “А я магу прынесьці заразу і будзе падзеж жывёлы”.

Загадчыца: “Тут справа ў іншым. Вы калі прыяжджаеце, то павінны са старшынём пракансультавацца ў першую чаргу. Ці можна, ці нельга наведаць”.

Карэспандэнт: “А дзе ён ёсьць?”

Загадчыца: “А ён у бальніцы”.

Звычайна паселішчы, якія маюць знакамітыя храмы, фармуюцца вакол іх. Сваімі вулкамі яны сьцякаюцца да кірмашовага пляца, па-над якім пануюць вежы і крыжы. Альбо храм стаіць на самым высокім пагорку, заўважны сваімі крыжамі здалёку. У Сынкавічах сытуацыя іншая. Вёска пабудаваная так, нібыта яна цураецца сваёй царквы. Царкву і не відаць з-за кароўнікаў. І сакрэту тут няма аніякага. Самы стары жыхар Сынкавіч, 80-гадовы Ўладзімір Рыпінскі нарадзіўся ня ў Сынкавічах. Бо вёскі тут не было.

Карэспандэнт: “А даўно тут людзі жывуць?”

Уладзімір: “Не. Тут пры пану жылі, баракі стаялі. Сьпіртзавод”.

Карэспандэнт: “А да вайны, за Польшчай гэтых дамоў не было?”

Уладзімір: “Не было. Гэта ўжо пры савецкай уладзе пабудовы зьявіліся. Там кантора, там клюб, а там перад ім стаяў панскі дом”.

Карэспандэнт: “А яго разабралі?”

Уладзімір: “Разабралі. Усё павычышчалі. Думалі, што прыедзе Лукашэнка, і ніхто не прыехаў”.

Карэспандэнт: “Дзеля таго каб прыехаў Лукашэнка, нешта зьнесьлі?”

Уладзімір: “Ачышчалі. Каб зрабіць, каб харашо было. Пазносілі гэта ўсё. Ерунда была. Мусары былі страшныя. Усё пазносілі, дрэвы паабпільвалі. Зааралі ўсё, каб чыста было”.

Былы вязень фашысцкага лягера, спадар Уладзімір паказвае мне трохкутныя віншавальныя лісты з Адміністрацыі прэзыдэнта. З факсыміле Лукашэнкі. Апошнія два гады стары Рыпінскі ад Лукашэнкі нічога не атрымаў. Акрамя паведамленьняў пра адмену льготаў.





Уладзімір: “Сам Лукашэнка паўсюль. А цяпер ужо няма нічога. Усё аднялі”.

Карэспандэнт: “Ня хочаце напісаць яму ліст?”

Уладзімір: “Ды вось адраса ня ведаю”.

Фэрму можна перанесьці ў іншае месца. Але ці будзе адзін з самых знакамітых беларускіх храмаў беларускім па сутнасьці? Напэўна, хутчэй зьнясуць фэрму. Паслухаем айца Арсенія.

Карэспандэнт: “Айцец Арсеній, выдатная беларуская мова. Вы не практыкуеце чытаць казані па-беларуску?”

Айцец Арсеній: “Чаму? Размаўляем. І пропаведзі чытаем на беларускай мове. І ёсьць такая мэта, раз на два месяцы служыць на беларускай мове службы. Для гэтага ўжо ўсё ёсьць. Сёньня ёсьць пераклады і Эвангельля, і служб на беларускую мову. Сёньня беларуская мова гучыць і ў Гародні, і ў Менску. Але я гляджу, на чым народ размаўляе. Тут народ размаўляе на трасянцы. Многія старыя людзі ня ведаюць беларускай мовы. Яны лепш ведаюць польскую, бо вучыліся ў польскай школе”.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG