Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франак Вячорка: “У нас з дзецьмі Лукашэнкі розныя дарогі”


Госьць Начной Свабоды -- старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франкак Вячорка.


эфір 9 чэрвеня

Аляксей Знаткевіч: “У Вас сёньня была мэдкамісіся ў ваенкамаце. Што Вам там сказалі?”

Франак Вячорка: “Сёньня я быў на мэдычнай камісіі ў ваенкамаце Савецкага раёну Менску. Там пануе хаос, зьмяніўся ваенком, і ўсе дактары ў разгубленасьці. Я прыйшоў, мяне адразу сустрэлі, без чаргі правялі, ўзялі картачку, ўсё выдалі і сказалі, што яны мяне вельмі даўно чакалі. Я прайшоў усіх дактароў, вельмі хутка, мне паўсюль паставілі традыцыйнае Г1, значыць "годны" баз усялякіх там дадаткаў, і я ўжо пачаў хвалявацца, што тут жа мяне напэўна забяруць у частку. Але не, знайшліся дактары. якія мне яшчэ прапісалі абсьледаваньне".

Знаткевіч: “І калі яно будзе?”

Хапае бедаў, хапае хваробаў, каб не служыць у гэтым войску. Прынамсі служыць можна іншымі справамі, іншымі ўчынкамі
Вячорка
: “Ужо заўтра я пайду ў адзін шпіталь правярацца па зроку, пасьля заўтра буду класьціся ў шпіталь, каб праверыць сэрца, ціск... Хапае бедаў, хапае хваробаў, каб не служыць у гэтым войску. Прынамсі служыць можна іншымі справамі, іншымі ўчынкамі”.

Знаткевіч: “Тры месяцы таму Вас адлічылі з факультэту журналістыкі БДУ. З таго часу ці спрабавалі Вы неяк абскардзіць адлічэньне і аднавіцца на вучобе?”

Вячорка: “Мяне адлічылі загадам 18 лютага праз пару дзён пасьля прыезду на журфак Аляксандра Лукашэнкі, адлічылі беспардонна, па-хамску і досыць подла, нягледзячы на тое, што я досыць добра вучыўся. Я ж падаў адразу скаргі на імя міністра, падаў у суд. Суд ужо прызначыў судзьдзю па маёй справе, і я спадзяюся, што неўзабаве пачнецца разгляд маёй справы. Прынамсі ў выпадку, калі мяне будуць прызываць у войска, я буду настойваць на адтэрміноўцы з тае прычыны, што яшчэ не разгледжаная мая скарга на рашэньне аб маім адлічэньні”.

Знаткевіч: “Вы ведаеце, што са Зьмітром Жалезьнічэнкам была такая ж самая сытуацыя, яго прызвалі не разглядзеўшы скаргу на адлічэньне з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Калі будзе такая ж самая сытуацыя, як з адлічэньнем Жалезьнічэнкі, як Вы будзеце дзейнічаць?”

Пачытайце ўважліва, я ж у турме сядзеў некалькі разоў, апошні раз у студзені, і раздражнёны я часта. А ён кажа: “А хто ў Вас у БНФ у турме ня сядзеў, усе сядзелі”, -- і паставіў мне “годны"
Вячорка:
"Мы з Жалезьнічэнкам паплечнікі. На дзіва, блізкія, з падобнымі сытуацыямі, мы зь ім мусім праломліваць гэтую сыстэму, мусім ламаць гэтую закасьцянелую дзедаўшчыну, гэтую досыць хамскую ўладу і стаўленьне ў боку дробных чыноўнікаў, што тычыцца і войска... Але я Вам скажу, што нават сёньня, калі я быў у ваенкамаце, я адчуў, што можна перарабляць гэтую сыстэму, можна яе патрошку ламаць. Напрыклад, калі я зайшоў да хірургаў -- адзін быў мужчына, другая -- жанчына, а калі выходзіў, дык ужо хірург крычаў на хірургіцу: "Ты, маскалька, што не даеш яму па-беларуску гаварыць, прыехала сюды і ўказваеш". Умоўна кажучы, у хірурга прачнулася адчуваньне патрыятызму і любові да роднай мовы. І калі пачалася дыскусія, на якой мове мне размаўляць, то хірург стаў на мой бок. І быў яшчэ цікавы факт з псыхіятарам, таксама я спрабаваў яго схіліць на наш бок і ўвайсьці ў маю сытуацыю. Я яму паказаў вельмі яскравую, сакавітую характарыстыку на маю асобу ад старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага. У адказ на што ён сказаў: Ай, годзен..." Я кажу: “Пачытайце ўважліва, я ж у турме сядзеў некалькі разоў, апошні раз у студзені, і раздражнёны я часта”. Ён кажа: “А хто ў Вас у БНФ у турме ня сядзеў, усе сядзелі”, -- і паставіў мне “годны”. Апроч такіх сьмешных фактаў уражаньне досыць добрае, працуюць там людзі , а не зьвяры”.

Знаткевіч: “Апошнім часам супрацоўнікі ваенкаматаў пачалі тэлефанаваць бацькам дзяцей, якія вучацца ў Польшчы па праграме Каліноўскага, каб тыя паведамілі, калі з вучобы дзеці вернуцца на вакацыі. Больш за 30 апазыцыйным актывістам у рэгіёнах тэлефанавалі таксама і выклікалі на мэдкамісіі. Прадстаўнікі ўлады кажуць, што ня робяць ніякай розьніцы паміж маладымі апазыцыянэрамі і звычайнымі маладымі людзьмі, маўляў, патрабаваньні да ўсіх аднолькавыя. Можа, сапраўды так, няма ніякай розьніцы, і гэта стандартная працэдура, няважна, апазыцыянэр ці не апазыцыянэр?”

Вячорка: “Гэта, мякка кажучы, дэмагогія. Ёсьць розьніца, і да ўсіх дэмакратычных актывістаў надзвычай пільнае стаўленьне, што тычыцца вучобы, напрыклад. Ні ў якім разе нельга прапускаць вучобу, нельга атрымліваць кепскія адзнакі, каб не даваць падставаў, якія можна выкарыстаць супраць цябе. У выпадку з войскам тое самае. Калі мяне затрымлівалі і везьлі ў ваенкамат на службовым "Лексусе" службы бясьпекі прэзыдэнта, то гэта як нішто іншае сьведчыць пра тое, што стаўленьне да нас надзвычай пільнае, надзвычай асаблівае. Я думаю, што гэта ўсё зьявілася, паўстала пасьля выступу Лукашэнкі з зваротам да беларускага народу, калі ён сказаў праверыць, ці служылі гэтыя апазыцыянэры ў войску? Чыноўнікі ўзяліся за працу і пачалі правяраць і пачалі нас цкаваць гэтым войскам і гэтымі ваенкаматамі, што па сутнасьці ёсьць вялікім прыніжэньнем”.

Знаткевіч: “Гэтыя людзі са службы бясьпекі прэзыдэнта паказалі вам свае дакумэнты?”

Вячорка
: “Якія дакумэнты? Гэта лапы і хвост -- іхнія дакумэнты. Вялікія бугаі ў белых гарнітурах з залатымі запанкамі, бліскучымі гальштукамі з шыкоўным "Лексусам" ці "Мэрсэдэсам", ня ведаю, якія паводзяць сябе гаспадарамі, якія прынамсі самі на ланцугу ў гаспадара галоўнага ў гэтай краіне. Прынамсі мне пасьля сказалі, што яны са службы бясьпекі.

Як прыйдзем да ўлады, будзе прафэсійнае войска, уступім мы ў НАТО, у нас будзе добрае абмундзіраваньне, з добрымі танкамі, авіятэхнікай, з добрымі нават ботамі, а не гэтымі кірзавымі 60-га году вырабу
У нас, як прыйдзем да ўлады, будзе прафэсійнае войска, уступім мы ў НАТО, у нас будзе добрае абмундзіраваньне, з добрымі танкамі, авіятэхнікай, з добрымі нават ботамі, а не гэтымі кірзавымі 60-га году вырабу. І тады ў нас будзе годнае войска, за якое ня сорамна, як зараз у Літве. Тады ня будзе паўставаць пытаньне прымусовага прыводу да ваенкамата. Людзі будуць самі прыходзіць, і для іх гэта будзе ганаровым абавязкам, а пакуль гэта проста прыніжэньне”.

Знаткевіч
: “Вы думаеце, што як толькі Беларусь уступіць у НАТО, дык адразу людзі пабягуць запісвацца ў войска?”

Вячорка: “Я думаю, што пакуль Беларусь уступіць у НАТО, у нас людзі пачнуць па-іншаму жыць і па-іншаму ставіцца да жыцьця”.

Знаткевіч:
“Франак, ваш удзел у палітыцы выклікае часам даволі недобразычлівую крытыку ў сувязі з тым, што ваш бацька Вінцук Вячорка ў свой час узначальваў Партыю БНФ – даводзілася чытаць на інтэрнэт-форумах выказваньні, што маўляў, як Лукашэнка цягне сваіх дзяцей ва ўладу, гэта і Вячоркі ствараюць палітычную дынастыю”.

Вячорка: “Цяжка тут пярэчыць альбо абвергнуць. Проста ў нас з дзецьмі Лукашэнкі розныя дарогі. Іх дарога ўсыпаная раскошай, дыямэнтамі цынізму, яшчэ лукашэнкавага цынізму. Мая дарога ў палітыцы ляжыць праз Акрэсьціна, праз суды, праз адлічэньні і нават праз прызыў у войска. Тое, што не давядзецца перажыць ані Віктару Лукашэнку...”

Знаткевіч: “Дзеля справядлівасьці варта сказаць, што Віктар Лукашэнка служыў у войску”.

Вячорка: “Можа гэта ягоны адзіны плюс. Гэтыя людзі не ідуць у палітыку, гэтыя людзі цягнуцца за вушы. Яны як саламяныя лялькі, як толькі Лукашэнкі ня будзе ў палітыцы, іх ў паміне ня будзе. А я, калі выбраў сабе гэтую дарогу, выбраў сабе гэты шлях, то я іду туды надоўга”.

Знаткевіч: “Вы атрымалі пасаду старшыні культурніцкай камісіі Партыі БНФ без судзеяньня бацькі?

Вячорка: “Вядома без. Я ў фронце з 13 гадоў, я на ўправе штодня праводжу болей часу, чым нават сакратары Партыі БНФ -- ад раніцы да зьмярканьня сяджу. І з маімі сябрамі, паплечнікамі па “Моладзі БНФ”, па Партыі БНФ працую, нешта выдумляю, нешта робім, дзейнічаем. І мяне ніколі не грызла сумленьне, гэтак сама як і не грызла сумленьне ў ліцэі. Я лічу, што я годна раблю сваю справу, і культурніцкая камісія мне толькі ў гэтым спрыяе. Прытым я толькі атрымаў яе з рук Аляксея Марачкіна, несумненнага аўтарытэта для мяне. І вельмі цешуся, што мне ўдалося пераняць ягоную працу”.
Лічу, што я годна раблю сваю справу, і культурніцкая камісія мне толькі ў гэтым спрыяе

Знаткевіч: “ Вы сталіся героем фільма "Урокі беларускай мовы", у тэлеспэктаклі "Тутэйшыя" на Белсаце зьняліся ў эпізадычнай ролі – ці не даводзілася сутыкацца з зайздрасьцю – маўляў і ў палітыку лезе, і артыстам хоча быць...”

Вячорка: “ Трэба ў розных сфэрах сябе паспрабаваць. Я не лічу, што чалавек ёсьць абмежаваны ў нейкай адной сфэры. Калі, напрыклад, ён вучыўся на вэтэрынара, то дарога на філялёгію яму закрытая. Я спрабую сябе паўсюль, і гэта мне падабаецца. І да тэмы сказаць -- тэатар, кіно і палітыка -- вельмі блізкія рэчы. Арнольд Шварцэнэгер вырас у губэрнатары менавіта дзякуючы Галівуду. Таму тут у кожнага свая дарога, і сваё жыцьцё. Я скажу, што тое, што я раблю, мне падабаецца, і спадзяюся, гэта мае плён для Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG