Ён нарадзіўся ў Амсьціславе. Гісторык, археоляг. Кандыдат гістарычных навук. Аўтар манаграфіяў, прысьвечаных матэрыяльнай культуры беларусаў. Апошнія гады дасьледуе дзяржаўныя ўтварэньні на тэрыторыі этнічнай Беларусі. Адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту й Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, старшыня Таварыства беларускай мовы.
Алег Трусаў – дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, намесьнік старшыні Камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны, старшыня Камісіі па забесьпячэньні адзінай палітыкі выкарыстаньня дзяржаўных сымбаляў РБ пры Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету. Алег Трусаў прапанаваў нашым карэспандэнтам падрыхтаваць перадачу на тэму: “Вяртаньне нашых каштоўнасьцяў: праблемы рэстытуцыі”. Чаму?
Трусаў: "Кожная нацыя, як толькі становіцца незалежнай, адразу пачынае будаваць свой нацыянальны музэй. Вось і Рэспубліка Беларусь зусім невыпадкова надала статус нацыянальных музэяў адразу двум установам: мастацкаму і Музэю гісторыі й культуры, дзе сабраныя самыя ўнікальныя каштоўнасьці нашага народу.
Так сталася, што мы як мост паміж Захадам і Ўсходам найбольш страцілі свае каштоўнасьці, чым усе народы Эўропы. Ёсьць падлікі: у нас засталося толькі два працэнты зробленага на беларускай зямлі. Хто толькі тут не нажыўся цягам стагодзьдзяў, і куды толькі не вывозілі нарабаванае…
І зараз наша мэта, па-першае, зрабіць мартыралёг тых каштоўнасьцяў, якія былі, але згінулі.
Другая мэта: выявіць нашыя каштоўнасьці ва ўсіх краінах сьвету. Надрукаваць адпаведную інфармацыю, распаўсюдзіць. Увесьці ў сваю віртуальную музэйную спадчыну.
І самая складаная задача – вярнуць гэтыя каштоўнасьці на Беларусь шляхам міжнародных перамоваў, абменаў і гэтак далей".