Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску адкрылі лядовы палац <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня ў Бабруйску адкрылі самы вялікі ў Беларусі лядовы палац – “Бабруйск-Арэну”.


У адкрыцьці ўдзельнічаў Аляксандар Лукашэнка. Палац разьлічаны на сем тысяч глядацкіх месцаў.

Палац будавалі аўральным чынам. На будоўлі правалі ў тры зьмены дзьве тысячы будаўнікоў. Жыхары Бабруйска дзеля палацу працавалі на суботніках. Колькі сродкаў пайшло на лядовы палац – невядома.

Ля палацу знаходзіўся і аўтазак
Лядовы палац у Бабруйску пачалі будаваць у чэрвені 2006 году. Меркавалася будоўлю скончыць праз тры гады, у лістападзе 2009 году. Аляксандар Лукашэнка, аднак, запатрабаваў паскорыць будаўніцтва. Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Барыс Батура паабяцаў пабудаваць палац у першым квартале 2008 году.

Плянавалася, што ў 2013 годзе ў Беларусі пройдзе чэмпіянат сьвету па хакею. “Бабруйск-арэна” значылася ў заяўцы як адно зь месцаў правядзеньня першынства. Гэтым і апраўдвалася паскарэньне будаўніцтва. Права правядзеньня хакейнага чэмпіянату ў 2013 годзе, аднак, выйграла Швэцыя.

Ці патрэбны Бабруйску самы вялікі лядовы палац у Беларусі? Жыхары кажуць, што патрэбны:

Юнак: “Гэта забаўляльны цэнтар, зручнасьці для дзяцей. Я лічу, што маленькіх дзяцей можна будзе здаваць на фігурнае катаньне. У Беларусі турызм зьявіцца, у Бабруйску, у прыватнасьці. Плянуюць правесьці чэмпіянат Эўропы па хакею ў Бабруйску. Пэрспэктывы ў яго вялікія”.

Спадарыня: “Усё, што робіцца да лепшага – патрэбнае”.

Спадар сталага веку: “Мне, як пэнсіянэру, усё роўна. Аднак для дзяцей, для ўнукаў пойдзе, канечне”.

Спадарыня: “А хто яго ведае, я сама ня ведаю, патрэбны ён ці не патрэбны. Для моладзі мо і трэба”.

На бабруйскім аўтавакзале мяне папярэдзілі: калі наважуся ехаць да Лядовага палацу, каб ня дужа спадзяваўся на грамадзкі транспарт. Да пятнаццаці гадзінаў рух на вуліцы Савецкай будзе перакрыты. Трэба ісьці пешкі. Яшчэ параілі гаварыць па-руску, бо могуць быць праблемы.

У дзень адкрыцьця “Бабруйск-Арэны” ў горадзе на Бярэзіне праходзіла нарадаў калегіяў міністэрстваў унутраных спраў Беларусі й Расеі. Бабруйскі палітык Алесь Чыгір лічыць, што адкрыцьцё палацу й нарада ня проста супадзеньне:

“Гэтыя мерапрыемствы рабіліся адмыслова. Гэта дае магчымасьць прыцягнуць у Бабруйск вялікую колькасьць міліцыянтаў. Калі ідзеш па горадзе, такое адчуваньне, што тут ходзяць адны міліцыянты. Гэта паказьнік таго, што рэжым паранаідальна баіцца свайго ж народу”, зазначае Алесь Чыгір.

На вуліцы Савецкай, якая вядзе да палацу, шмат міліцыянтаў і дужых хлопцаў у цывільным. Апоўдні каля самога палацу шматлюдна. Пабачыць палац у асноўным прыйшлі людзі сталага веку.

Увечары на лядовай арэне пройдзе хакейны матч між камандай Аляксандра Лукашэнкі й сусьветнымі зоркамі хакею. Жыхары Бабруйску ў гэтым матчы ня бачаць інтрыгі. Выйграе, кажуць, каманда Лукашэнкі. Чаму, запытваюся:

Спадар сталага веку: “Калі б Лукашэнка не гуляў бы, то зоркі бы перамаглі, а так выйграе Лукашэнка”;

Спадар сталага веку: “Таму што падыграюць”.

Юнак: “Таму, што яны гуляюць у нас”.

Спадарыня: “Мне хацелася б, каб перамаглі зоркі хакейныя. Гэта маё меркаваньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG