Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды прывядзе “сьпіс Статкевіча”?


Cтаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч паведаміў, што “Эўрапейская кааліцыя” аб'яднаных дэмакратычных сілаў практычна сфармавала сьпіс кандыдатаў на ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў.


Ці азначае гэта, што апазыцыя пойдзе на парлямэнцкія выбары дзьвюма калёнамі? Ці сапраўды ў апазыцыі існуюць прынцыповыя разыходжаньні ў пытаньні эўрапейскіх каштоўнасьцяў? Чаму Малады Фронт абвяшчае байкот выбарам, але ў той жа час некаторыя зь ягоных прадстаўнікоў знаходзяцца ў сьпісе прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітоляг Юры Чавусаў і шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна.

Цыганкоў: “Наколькі драматычна выглядае верагоднасьць таго, што дэмакраты, магчыма, пойдуць на парлямэнцкія выбары дзьвюма калёнамі? Або ў парлямэнцкіх выбарах ня так важна дэманстраваць еднасьць (як, напрыклад, на прэзыдэнцкіх выбарах)? Ці можна ўжо цяпер казаць, што гэтая выбарчая кампанія можа прывесьці да рэальнага падзелу апазыцыі на дзьве часткі?”

Калінкіна: “Тое, што “Эўрапейская кааліцыя” зьбіраецца ісьці на выбары сваёй калёнай — гэта не вялікая трагедыя. Сапраўды, апазыцыйныя сілы на гэтую кампанію ставяць дзьве задачы — па-першае, прапаганда сваіх ідэяў, і толькі па-другое — перамога.

Але тое, што дэмакраты ўсё ж не дамовіліся, сьведчыць пра непавагу палітыкаў адзін да аднаго. Бо было досыць часу, каб дамовіцца і паразмаўляць пра ўсе. А цяпер, калі ўжо сфармаваныя адзіныя сьпісы, выходзіць зь нейкімі сваімі прапановамі — гэта проста спроба “засьвяціцца”.

Цыганкоў: “Але сам Мікола Статкевіч тлумачыць свае дзеяньні тым, што “большасьць у аб’яднаных дэмакратычных сілах ігнаруе ідэю эўрапейскай інтэграцыі Беларусі і адмаўляецца рабіць яе асновай выбарчай кампаніі”. Таму, маўляў, ён вымушаны ісьці сваёй калёнай...”

Калінкіна: “Палітыкі, калі ідуць на выбары, паводле правілаў і тэхналёгіяў павінны ісьці з папулярнымі ў народзе лёзунгамі. На жаль, лёзунг эўрапейскіх каштоўнасьцяў — ня самы актуальны для нашых выбарнікаў. Але калі прачытаць пасланьне, зацьверджанае АДС для кандыдатаў, якія пойдуць адзіным сьпісам, то там ёсьць эўрапейская тэматыка — абяцаньне наладзіць стасункі з Эўразьвязам, дабівацца ўсталяваньня ў Беларусі тых стандартаў жыцьця, якія ёсьць у Эўропе. Таму мне здаецца, што аргумэнты Статкевіча надуманыя, і галоўнае для яго сёньня — гэта пазыцыянавацца як самастойная фігура, самастойная асоба ў палітыцы”.

“Гэта звыклая стратэгія спадара Статкевіча”

Чавусаў: “Я б таксама не ўжываў такіх тэрмінаў, як раскол ці трагедыя. Тое, што спадар Статкевіч робіць такія крокі, безумоўна, нічога добрага не нясе для адзінай стратэгіі апазыцыі. Але зь іншага боку, гэта звыклая стратэгія спадара Статкевіча, якую мы бачылі і падчас выбараў 1999 году, і 2004 году. Гэта стратэгія пазыцыянаваньня на палітычным полі ў якасьці альтэрнатывы агульнадэмакратычнай кааліцыі.

Таму, я мяркую мэта стварэньня альтэрнатыўнага сьпісу “Эўрапейскай кааліцыі” — зусім не прапаганда нейкіх эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Тым больш што — як слушна заўважыла спадарыня Калінкіна — гэтыя каштоўнасьці зафіксаваныя ў праграме Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Больш за тое, як мне здаецца, 12 прапановаў Эўразьвязу замяняюць беларускай апазыцыі ўсю стваральную праграму. Так што справа не ў эўрапейскіх каштоўнасьцях, а ў захаваньні спадара Статкевіча як самастойнага цяжкавагавіка на палітычнай прасторы.

Мне ўвогуле цяжка казаць пра існаваньне такога палітычнага суб’екту, як “Эўрапейская кааліцыя”. Бо сярод сьпісу 61 кандыдата на дэпутацкія мандаты ладная частка ўваходзіць у адзіны сьпіс АДС, пэўная частка належыць да Маладога Фронту, які заявіў, што байкатуе выбары, а яшчэ адна частка сапраўды належыць да незарэгістраванай сацыял-дэмакратычнай фракцыі, якую ўзначальвае спадар Статкевіч. Такая рыхлая структура зь нявызначаным парадкам прыняцьця рашэньняў дазваляе сказаць, што гэта выключна “група Статкевіча”.

Ці можна адначасова байкатаваць і ўдзельнічаць?

Цыганкоў: “А як гэта магло атрымацца, што некаторыя людзі, наколькі вядома, уваходзяць і ў сьпіс АДС, і ў “сьпіс Статкевіча”?”

Чавусаў: “Гэта пытаньне, як фармаваўся гэты сьпіс. Як я разумею, туды ўключаныя, з аднаго боку, удзельнікі суб’ектаў “Эўрапейскай кааліцыі”, якія ўвайшлі ў сьпіс АДС, потым — тыя, якія прапаноўваліся ў сьпіс АДС, але не прайшлі (бо былі ўзгадненьні, хтосьці чымсьці ахвяраваў, акругі былі падзеленыя, усім не хапіла), і цяпер яны “па астаткавым прынцыпе” пайшлі ў сьпіс “Эўрапейскай кааліцыі”.

Цыганкоў
: “Сярод тых, хто ўваходзіць у сьпіс “Эўрапейскай кааліцыі”, ёсьць і прадстаўнікі Маладога Фронту. Але МФ нядаўна гучна заявіў пра неабходнасьць байкоту парлямэнцкіх выбараў. Як такое можа ўжывацца ўнутры адной палітычнай сілы?”

Калінкіна: “Мне здаецца, што ў МФ ёсьць крызыс кіраваньня. Рэгіянальныя і менскія структуры, выглядае, не заўсёды знаходзяць паразуменьне паміж сабой. Таму ў МФ хто як хоча, так сябе і паводзіць — адны за байкот, іншыя за ўдзел, іншыя за ўдзел адразу ў абодвух сьпісах”.

Цыганкоў: “Пра байкот найчасьцей заяўляюць прадстаўнікі Хартыі-97, Маладога Фронту — якраз тых структураў, якія ўваходзяць у “Эўрапейскую кааліцыю”. І разам з тым “Эўрапейская кааліцыя” складае свой сьпіс на выбары. Як гэта разумець?”

Чавусаў: “Гэта сьведчыць пра несур’ёзнасьць намераў тых людзей, якія ад імя “Эўрапейскай кааліцыі” ідуць на выбары. Нейкага бачаньня сваёй ролі ў гэтай кампаніі ў іх няма, яны арыентуюцца на байкот. Сур’ёзнага ўдзелу “Эўрапейскай кааліцыі” ў выбарах я ня бачу.

Можна крытыкаваць сьпіс АДС і сыстэму прыняцьця рашэньняў у АДС. Але там прынамсі ёсьць нейкі празрысты мэханізм узмацненьня інтарэсаў. Тут усё кулюарна, мэты незразумелыя, а праэўрапейскія лёзунгі выглядаюць усяго толькі танным піярам”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG