Пра гэта паведаміў “Свабодзе” вікарый гэтага касьцёлу Фларыян Казлоўскі.
На храм абрынуўся вежавы кран, што задзейнічаны на будаўніцтве лёдавага палацу праз дарогу. У касьцёле разбураны дах, пашкоджаны пакой для прыёму гасьцей.
“Вернікі нашага прыходу вельмі дрэнна ставяцца да будаўніцтва лядовага палацу, – кажа ксёндз Фларыян.-- Будоўля адгарадзіла наш цэнтральны ўваход. Людзям даводзіцца, як гаворыцца, мясіць бруд нагамі. Асабліва нязручна вернікам ва ўзросьце. Крыўдна, што нават падчас набажэнстваў з будоўлі даносяцца крыкі і нават брыдкаслоўе”.
Са словаў ксяндза Фларыяна, касьцёл будаваўся ад 1997 году, пачаў працаваць у лістападзе 2006 годзе. Яго архітэктура – гэта элемэнты алегорыі на тэму беларускай архітэктурнай школы. Аўтар праекту – мясцовы архітэктар Іван Далматовіч.