Кіраўнік раённай арганізацыі Партыі БНФ, прыхільнік Аляксандра Мілінкевіча, спадар Аўтухоў быў звольнены з пасады апэратара ачышчальных збудаваньняў 4 красавіка гэтага году. Звольнілі яго “ў сувязі з заканчэньнем тэрміну кантракту”, але сапраўднай прычынай звальненьня Леанід Аўтухоў лічыць сваю палітычную і грамадзкую актыўнасьць.
Паводле спадара Аўтухова, непасрэднае начальства неаднаразова выказвала незадавальненьне з прычыны таго, што ён арганізоўваў сустрэчы жыхароў райцэнтра з палітыкам Аляксандрам Мілінкевічам і пісьменьнікам Уладзімерам Арловым.
У Гарадку Леанід Аўтухоў вядомы яшчэ й тым, што выдае мясцовую незалежную газэту “Да перамогі!”, а ў мінулым годзе за ўласныя сродкі ўсталяваў мэмарыяльны крыж, прысьвечаны ахвярам сталінізму і змагарам за свабоду. Гэты крыж праз тры дні зьнік, і апазыцыянэр дагэтуль патрабуе ад міліцыі адшукаць і пакараць злодзеяў або тых, хто аддаў адпаведны загад.