Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожнаму палітвязьню — “Бібліятэчку верніка”


Сябры аргкамітэту дзеля стварэньня “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” накіравалі палітвязьням камплекты беларускіх хрысьціянскіх кніжак.

Актывісты аргкамітэту дзеля стварэньня “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” паклалі ў перадачы для палітвязьняў Андрэя Кіма, Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Зьмітра Лісяенкі Біблію ў перакладзе на беларускую мову, кнігу “У чым сэнс” у перакладзе Артура Вольскага, кнігу Джоша Макдаўэла “Ня проста цясьляр”, а таксама кнігі Юркі Рапецкага “Вяртаньне чалавека да першаснага стану” і “Новае жыцьцё ў Ісусе Хрысьце”.

Актывіст аргкамітэту Павал Севярынец патлумачыў мэту акцыі “Свабодзе”:

“Ведаю толькі адно: у тых абставінах, калі гаворка ідзе пра жыцьцё і сьмерць, пра свабоду і няволю, самыя патрэбныя кнігі — слова Божае, Біблія — гэта хрысьціянская літаратура. Калі яны ёсьць пад рукой, ня толькі значна лягчэй перанесьці выпрабаваньне, а становіцца ясна ўвогуле, як гэта перанесьці. Думаю, што гэта ўмацуе ўсіх чатырох”.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, адбываючы пакараньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі ў Шклоўскай папраўчай калёніі, таксама час ад часу атрымліваў рэлігійную літаратуру.

“Безумоўна, чалавек у цяжкіх умовах, асабліва ў месцах пазбаўленьня волі, імкнецца да духоўных пошукаў. Таму нават чалавеку, які на волі ня быў хрысьціянінам і не імкнуўся да духоўнай літаратуры, у турме гэта вельмі неабходна. Гэта дапамагае пераадольваць цяжкасьці, бо сапраўды ў тых месцах ты разумееш, што апроч Госпада табе ніхто не дапаможа”.

Беларускія хрысьціянскія дэмакраты спадзяюцца, што палітвязьні атрымаюць рэлігійныя кнігі цягам тыдня. На бліжэйшыя два месяцы яны заплянавалі яшчэ некалькі акцыяў, каб падтрымаць людзей у няволі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG