Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атамныя электрастанцыі ў суседзяў Беларусі


Ігналінская АЭС у Літве
Ігналінская АЭС у Літве
У Расеі цяпер 10 дзейных атамных электрастанцый, на якіх электраэнэргію вытварае 31 атамны энэргаблёк (ядравы рэактар). Найбліжэйшая да Беларусі расейская атамная электрастанцыя — Смаленская, з трыма рэактарамі тыпу РБМК-1000 (дакладна такімі як той, што выбухнуў у Чарнобылі 26 красавіка 1986 г.). Смаленская АЭС разьмешчана прыблізна за 100 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Адносна недалёка ад Беларусі знаходзяцца Курская і Леніградзкая АЭС, якія таксама выкарыстоўваюць рэактары РБМК-1000.

Нядаўна расейскі ўрад прыняў пастанову пабудаваць чатыры новыя атамныя электрастанцыі, у Цьвярской, Ніжагародзкай, Чалябінскай вобласьцях ды ў Яраслаўскай або Кастрамской вобласьці. Запуск энэргаблёкаў на гэтых АЭС прадбачаецца на 2011-2020 г.г.

Ва Ўкраіне чатыры атамныя электрастанцыі: Запароская, Паўднёва-Ўкраінская, Ровенская, Хмяльніцкая. На іх працуюць 16 рэактараў, а пяць знаходзяцца ў пабудове. Украінскія АЭС вырабляюць 44 адсоткі электраэнэргіі краіны. Найбліжэйшая да Беларусі — Ровенская АЭС з чатырма рэактарамі тыпу ВВЭР, за 100 кілямэтраў ад беларускай мяжы.

Чарнобыльская АЭС, якая так цяжка дасьведчыла Беларусь, была канчаткова закрытая ў 2000 годзе. У 1997 годзе быў створаны адмысловы міжнародны фонд дзеля пабудовы прыкрыцьця рэактара, што быў зьнішчаны выбухам у 1986 г. Кошт праекту, які мае быць закончаны ў 2012 г., ацэньваецца на 1.2 мільярда даляраў.

У Літве адна атамная электрастанцыя, у Ігналіне, за 30 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю. Цяпер у Ігналіне працуе адзін рэактар, РБМК-1500. Гэты тып рэактараў пакуль што самы магутны ў сьвеце. Літва мяркуе закрыць гэты рэактар у наступным годзе. Падобны рэактар у Ігналіне быў выведзены з ужытку ў сьнежні 2004 г. — гэта была адна з умоваў уступу Літвы ў Эўрапейскі Зьвяз.

Летась літоўскі парлямэнт прыняў пастанову аб пабудове новай АЭС, недалёка ад цяперашняй у Ігналіне. Удзел Літвы ў коштах праекту будзе роўны 34 адсоткам; рэшту грошай унясуць Польшча, Латвія і Эстонія, якія ня маюць атамных электрастанцый на сваіх тэрыторыях.

Польшча будавала атамную электрастанцыю ў 1982-90 г.г. на Жарнавецкім возеры ў Гданьскім ваяводзтве. Станцыя мелася складацца з чатырох энэргаблёкаў з сумарнай магутнасьцю 1600 мэгаватаў. Але ўрад Тадэвуша Мазавецкага, першы некамуністычны ўрад пасьля палітычнага злому 1989 г., перапыніў гэты праект пад уплывам пагаршэньня эканамічнай сытуацыі і пратэстаў экалягічных арганізацый. Сярод апанэнтаў пабудовы першай польскай АЭС быў і лідэр „Салідарнасьці” Лех Валэнса.

У 1990 г. Польшча правяла рэфэрэндум, дзе адно з пытаньняў датычыла АЭС на Жарнавецкім возеры. Больш за 86 адсоткаў галасавала супроць пабудовы, але рэфэрэндум ня быў правамоцны, таму што ў ім прынялі ўдзел ўсяго 44 адсоткі палякаў. Афіцыйнае апраўданьне закрыцьця праекту першай польскай АЭС сьцьвярджала, што: а) станцыя пакуль непатрэбная для энэргетычнага балянсу краіны; б) рэнтабэльнасьць атамнай станцыі сумнеўная ў параўнаньні з традыцыйнымі, цеплавымі электрастанцыямі; в) пад пытаньнем заставалася бясьпека праекту.

Сусьветнымі лідэрамі ў прадукцыі атамнай электраэнэргіі зьяўляюцца ЗША, Францыя, Японія, Нямеччына і Расея. У сьвеце больш за 450 атамных энэргаблёкаў — кожны шосты зь іх працуе на расейскім ядравым паліве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG