Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Для паноў паўнютка вавёрак, для парабкаў — апошнія здохлі”


На Лідчыну, у Ваверку я ехаў, як мінімум, з патройнай цікаўнасьцю


Па-першае, 5 гадоў таму, у часе маёй першай вандроўкі, вёска знаходзілася, бадай, у катастрафічным стане. Тут адбыўся першы на Лідчыне вясковы страйк. На фэрмах з-за недахопу кармоў парэзалі жывёлу. На мэхдвары — камбайны пад адкрытым небам, аж прарасло на адным зерне. У крамах — карткавая сыстэма. Доўг дзяржаве — 800 мільёнаў. Ужо цяпер вясковец нагадаў мне:

Спадар: “Даходзіла, па 4 месяцы заробку не плацілі да 2003 году...”

Другая падстава. Год таму на развалах былога калгасу ў Ваверцы ўзьнік аграгарадок, які афіцыйна раптам стаў лічыцца адным зь лепшых у раёне. Па-трэцяе, цэнтар паселішча вонкава насамрэч зьмяніўся да лепшага. Пра гэта мне паведаміў сябра ды краязнаўца Валеры Сьліўкін зь Ліды.






Сьліўкін: “Калі заяжджаеш, прыгожа — каляровыя дахі, плітка пакладзена...”

Акурат напярэдадні ў часопісе “Лідзкі летапісец” у Валерыя выйшаў грунтоўны досьлед пра гісторыю Ваверкі. Аўтар падзяліўся некаторымі цікавосткамі.

Сьліўкін: “На пачатку 16 стагодзьдзя хлопцы з Ваверкі вучыліся ў Кракаўскім унівэрсытэце. Мястэчка пры тракце Вільня — Кракаў было на карце Томаша Макоўскага. Адсюль і бяда прыйшла ў 1650 годзе. Войскі рускага ваяводы Хаванскага зьнішчылі яго, і толькі ў канцы 18 веку вёска ачуняла. І Самуэль Кастравіцкі збудаваў адзін з найлепшых лідзкіх касьцёлаў. Яго дачка Мэланья, адукаваная і здольная мастачка, была прынятая пры аўстрыйскім двары. Паводле паданьняў, зацяжарала ад Напалеона Другога. Сына адабралі і выхоўвалі ў Ватыкане — баяліся спадчыны імпэратара. Галоўная знакамітасьць Ваверкі — старажытныя могілкі. Я знайшоў, напрыклад, магілу князя Гедройца. І тамсама магіла знакамітага Яна Пеўніка па мянушцы Пануры. Яго вывезьлі ў 1987-м і правезьлі па ўсёй Польшчы — па дарозе стаялі людзі і віталі. Ён браў 2 разы нямецкія турмы. Засталіся 7 магіл яго жаўнераў...”

З новым кіраўніком гаспадаркі Іванам Блюднікам сустрэцца не ўдалося. Але праз тэлефон ён распавёў:

Блюднік: “Зьменшылася крэдыторская запазычанасьць у 2 разы. Заробак плаціцца пастаянна і неблагі — сярэдні 387 рублёў. Ёсьць на фэрмах заробак у даярак па 600—700 рублёў. Малако — на 83% ідзе вышэйшым гатункам. Хто працуе, таму ёсьць заробак, жыв, тэхніка. І амэрыканскія камбайны, і нямецкія прапашныя трактары “Кляйн”. Пабудаваў адну даільную залю. Будую другую...”

Старшыня сельсавета Іван Іодка, якому тут жа паведамілі пра мой прыезд, настойліва прапанаваў наведаць адзін з так званых прэзыдэнцкіх домікаў. Там на будаўніцтве гаража застаў 45-гадовага беспрацоўнага Хведара Шырму. Яшчэ нядаўна быў “удалым гастарбайтэрам”. Вось што гэта значыць на яго погляд.

Шырма: “З Масквы прыехаў — брат памёр, маці дапамагчы. У нас фірма была “законная” зь Менску. Жыльлё было, раз у дзень кармілі. Я працаваў у француза, устаўляў дзьверы плястыкавыя, столі. Нам і прапіску зрабілі. А нелегалам — катастрофа, асабліва ў дзень заробку. Усе разьбягаюцца, як па норах... А во і гаспадар!”






Знаёмлюся з 40-гадовым даглядчыкам быкоў Валянцінам Пятрашкам. Мае трох дзяцей. Дом далі паўтара года таму.

Пятрашка: “У хаце падлогі ды столі “не пучыла”. Шпалеры клеілі самі. Гумно самі дабудоўвалі. 10 год трэба адпрацаваць у аграгарадку. Але мы вырашылі да пэнсіі — па-любому дзесьці трэба...”

Заходжу ў дрэваапрацоўчы цэх, што паблізу. Сустракае прараб, 58-гадовы Тадэвуш Бункевіч. Пакрысе зьбіраюцца і ўсе шасьцёра працуючых. У часе размовы ружовыя фарбы яўна пачынаюць зьнікаць.






Бункевіч: “Пры аграгарадку заасфальтавалі дарогу, школу зрабілі. Заробак павялічваецца — у мяне да 250-300...”

Карэспандэнт: “Нічога сабе “павялічваецца”!”

Спадар: “Што ты будзеш гаварыць — 150 рублёў! Без камэнтароў, таму што не мелі столькі!”

Але ў часе далейшай размовы і з самога спадара Бункевіча спадае аптымістычная маска.

Бункевіч: “Не хапае лесаматэрыялаў, бо няма грошай у калгаса. У лясах шмат буралому, а пакуль нарады, паперкі па існуючай сыстэме зрабіць — не каштуе аўчынка выдзелкі. Буралом гніе, а людзям і арганізацыям забраць не даюць! Хай давалі б нам ачышчаць па 5 тысяч за куб! А то пакуль знойдзеш дзяляначку чыстую. Людзям раней давалі за 3 тысячы за куб сабраць, а цяпер за 10. А цяпер перайшлі ў калгасе на “драўлянае” паліва — эканомія электраэнергіі. І мы, як бамжы, просім у лесьніка хоць сьмецьце пачысьціць. Проста душа баліць!”

***

Па выхадзе з цэху чую гучныя воклічы — “пане карэспандэнт, пачакайце!” Бачу, да мяне шкандыбае пажылая кабета. Знаёмлюся з Ядвісяй Францаўнай Чапляй. Запрашае ў госьці. Яна інвалід другой групы, 45 год прапрацавала заатэхнікам. Побач зь ёй Ганна Касьцюк, 33-гадовая дачка, непрацуючая, паварыха. Мае трох дзяўчат — мал-мала-менш. Ілонцы — 4 годзіка. Муж 15 год няспынна працуе ў Ваверцы кіроўцам. Аказваецца, кагосьці накшталт мяне тут чакалі.

Касьцюк: “Я хацела зьвяртацца на радыё. У дадзены момант у мяне ў гаргазе 500 тысяч даўгу. І я не магу заплаціць. Мы атрымліваем 300 тысяч — а трэба зь іх 100 за газ. Да старшыні Блюдніка Івана Феліксавіча зьвярталася. Мы ў яго прасілі — дайце нам бычка. Мы яго адкормім, прадамо і аплацім за газ — не далі! Чым болей мы зьвяртаемся, тым больш яны на нас валяць. Я пайшла да старшыні па дапамогу, ён цяпер не вітаецца. Мужа папракае — “што твая жонка за дзялавая, усё ходзіць да мяне!” Таму нікуды не зьвяртаюся, бо не дадуць жыць...”

Зь Менску зьвярнуўся па камэнтар да Івана Блюдніка.

Блюднік: “Касьцюк аказана дапамога па правядзеньню вады, а наконт бычка ў мяне заявы не было. Не ведаю, чаго яны скардзяцца...”

Але ў спадарыняў Касьцюк ды Чаплі шмат нараканьняў на ўзровень клопату аб людзях.

Касьцюк: “У мяне ў дзяцей няма пісьменнага стала, бо няма за што купіць. За свае грошы правялі каналізацыю, ваду, газ. Дом пабудавалі мне бацькі на вясельле. Сельсавет жахлівы! Можа хто баіцца, таму іх ухваляе. А я не баюся! Магу сказаць у вочы — Блюднік ні зь кім не вітаецца!”

Чапля: “Мой муж паўтара гады, як памёр. У яго прызналі рак падстраўнікавай залозы. А мы жылі ў засьценку. А яму дрэнна. Я на дарогу, плачу, махаю рукамі. Едзе Блюднік — каля мяне газануў, толькі пыл пайшоў! Няма тут аграгарадка — якое! Нават не паставілі парканаў, дарожкаў не праклалі. Каля сельсавета плытку паклалі новую, а ў астатніх? А то яны лоўка кажуць!”

З Іванам Каралём, 5 год таму настаўнікам, цяпер намесьнікам загадчыка клюбу, ня мог не сустрэцца. Адзіны тут сябра Партыі БНФ і тады гаварыў востра і трапна. Вось ягоныя ацэнкі становішча ў аграгарадку.






Кароль: “Нічога не зьмянілася! Ну бардзюры паклалі. А я лічу, калі аграгарадок, трэба працоўныя месцы ствараць. Ну куды пайсьці — на фэрму за 100 тысяч? А яшчэ вылічаць за салому, за соткі. І той трактарыст яшчэ вінаваты грошай будзе. І такое бывае. (сьмяецца ) Зарплаты вельмі малыя ў калгасьнікаў. 10-15 чалавек эліты на амэрыканскіх трактарах атрымліваюць, а астатнія што? Быкоў карміць — быў 400 тысяч заробак. Цяпер пад 200 — “прывесу няма”. Хто ж вінаваты, што такі корм даюць? А кормяць без выхадных і ў 4 раніцы трэба ўстаць. Асноўнае — гэта жабрацтва. І асабліва сыстэма прыгнятае, калі робіш у дзяржаўнай сфэры. Табе адразу: “ня хочаш, не рабі, выганім, замену знойдзем”. Баяцца ўсе. Страйку, як раней, не будзе...”

У таго ж спадара Блюдніка мусіў запытацца пра адносіны да фэрмэрства. 5 год таму на буйнейшага тут прадстаўніка новай формы гаспадараньня Станіслава Навіцкага многія вяскоўцы ледзь не маліліся — ці не адзіная тады крыніца працы, за якую рэальна плацілі. У яго было 50 га зямлі, тэхніка. Вось што сёньня сказаў пра яго новы кіраўнік.

Блюднік: “У яго свая гаспадарка, у мяне свая. Ён зьвяртаецца па дапамогу за тэхнікай буракі ўбраць. Я дапамагаю. Хай працуе — Навіцкі гаспадар. Ніякіх перашкодаў з боку гаспадаркі...”

Заўжды занятага Станіслава Навіцкага на месцы таксама не застаў. Вылавіў па тэлефоне з пытаньнем — што зьмянілася за 5 год? Ці ўсё так бясхмарна, як расказвае спадар Блюднік?

Навіцкі: “Тэхнікі больш: тры МАЗы, ЗІЛоў-131 4 машыны ўжо. Спэцыялізацыя тая ж — зерневыя культуры, гародніна...”

Карэспандэнт: “Фэрму хацелі адкрыць...”

Навіцкі: “Раськідалі — пуставала калгасная сьвінафэрма. Пісаў некалькі заяў, каб выкупіць ці ўзяць у арэнду — так і не дало мясцовае кіраўніцтва. Хоць ім нерэнтабельна было трымаць сьвіней. Я хацеў завесьці галоў на 100.. У Ваверцы я адзін фэрмэр, арандатараў, хто мае за 3 га 7 чалавек. З кожным годам меншы прыбытак — закупачныя цэны, цэны, падаткі, тэхніка і запчасткі ў некалькі разоў даражэй. Такі прыклад: уклеіць ніпэль у камэру цяпер 30 тысяч, а гады тры таму — 3-5 тысяч. А за малако больш толькі на 100 рублёў. Ціхі жах — жыцьцё дзеля пражыцьця, падтрымкі штаноў...”

Карэспандэнт: “У вас сын Віктар...”

Навіцкі: “Фэрмэрская гаспадарка на яго перапісаная. Гаворыць, калі ўсё так будзе, займацца не будзе. Я схапіў інфаркт — мне ўжо ўсё да фені...”

Пры канцы я вырашыў зрабіць невялікі тэст. Ведаючы, што, паводле ўзроўню занятасьці, і Івану Блюдніку, і Станіславу Навіцкаму ў лесе бываць наўрад ці даводзіцца, спытаў, як яны яго хаця б уяўляюць.

Карэспандэнт: “У Ваверцы вавёркі ў лесе водзяцца?”

Блюднік: “Хапае — і шмат-шмат...”

Навіцкі: “Не, няма. І паляваньне на іх даўно закрылі. Назва вёскі засталася, а вавёркі прапалі...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG