Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Праўду пра тыя падзеі мы надалей замоўчваем..."


Сёньня ў Беларусі адзначаюць Дзень Перамогі. Чаму пераможцы ў Другой сусьветнай вайне жывуць горш за тых, каго яны перамаглі? На гэтае пытаньне Свабоды адказваюць гарадзенцы.


Спадар: “Пасьля зьнішчэньня фашызму Нямеччына вярнулася да вытокаў больш эфэктыўнай дэмакратычнай сыстэмы, а Савецкі Саюз працягваў існаваць у таталітарызьме. Можна нават сказаць, што вайна для немцаў скончылася ў 45-м, для Савецкага Саюза значна пазьней, а для Беларусі яна хіба яшчэ працягваецца. Вось і ўсё”.

Спадар: “Я так думаю, што ў нас няма той культуры, працаздольнасьці, як у тых немцаў. Вы паглядзіце: іх машыны самыя лепшыя, дарогі самыя лепшыя, а што ў нас... Няма ні арганізацыі, ні кіраўніцтва”.

Спадар: “Усё гэта засталося ад старога савецкага рэжыму. Колькі ён існаваў, так і ня здолеў нават накарміць людзей”.

Спадар: “Думаю, што пераможцы жывуць зусім у іншай сыстэме, якая абсалютна нялюдзкая й не зацікаўленая ў тым, каб тыя, хто праліваў сваю кроў, жылі добра й адчувалі свой дабрабыт”.

Спадар: “Пытаньне на пытаньне: а чаму пераможцы паехалі пасьля вайны на Далёкі Ўсход, у Сыбір у лягеры? Гэта дзеля таго, каб яны нават не распавядалі, што бачылі ў Эўропе й каго ад чаго вызвалялі. Таму гэта бяда нашых дзядоў, якія змагаліся”.

Спадарыня: “Вэтэраны — яны ж цярплівыя, яны ня ходзяць скардзіцца, як бы іх ні крыўдзілі. А другія — хапугі, усё заграбуць, а бедным вэтэранам — ламаны грош”.

Дзяўчына: “Напэўна, гэта залежыць ад узроўню дзяржавы. У нас, відавочна, гэтыя людзі ня вельмі шануюцца, і тое, што яны зрабілі ў вайну, таксама недацэньваецца”.

Спадар: “Думаю, што большасьць залежыць ад нас саміх. А ў нас усім на гэта напляваць... Дый дзяржава зусім мала дапамагае вэтэранам”.

Спадарыня: “Вы што, лічыце, што яны горш жывуць? У нас усё ў першую чаргу прадстаўляецца для вэтэранаў і ў бальніцах, і ў крамах, і абслугоўваюцца ў першую чаргу. Я лічу, яны ў нас нічым не абдзеленыя”.

Спадар: “Мяне турбуе іншае пытаньне: ні пераможцаў, ні пераможаных ужо, па сутнасьці, не засталося, а вось праўду пра тыя падзеі мы надалей замоўчваем, ператварылі гэта ўсё ў міт. Акурат зараз ідуць тыя гады, калі вайна цалкам перастае быць нейкай рэчаіснасьцю, яна ператвараецца ў мінулае. Акурат сёньня важна захаваць гістарычную праўду, інакш мы наагул можам страціць адчуваньне тых падзеяў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG