Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улада прымушае апазыцыю радыкалізавацца”


Сёньня суд Савецкага раёну Менску задаволіў позву прадпрыемства “Горремавтодор” Менгарвыканкаму да заяўнікаў Эўрапейскага маршу.


Суд абавязаў адказьнікаў выплаціць больш за 2 мільёны рублёў на карысьць гэтага прадпрыемства. Нагадаем, акцыя адбылася ў Менску 14 кастрычніка мінулага году.

Паводле адваката Аляксандра Галіева, матывацыйную частку ў судзе пакуль не прадставілі.

“Мы лічым пазоў беспадстаўным і незаконным. Там мноства элемэнтаў, пра якія трэба казаць. І пра гэта можна будзе меркаваць пасьля таго, як мы атрымаем матывацыйную частку. Але пазоў мы не прызналі”.

Першае паседжаньне суду па гэтай позьве адбылося 25 лютага. “Горремавтодор” Менгарвыканкаму запатрабаваў, каб заяўнікі кампэнсавалі выдаткі на прыбіраньне вуліцаў пасьля маршу ў памеры больш за два мільёны рублёў. Цяпер гэтыя грошы мусяць заплаціць заяўнікі — Аляксандар Мілінкевіч, Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Зьміцер Хведарук і Яўген Афнагель.

Аднак гэты пазоў не апошні. На чарзе яшчэ каля васьмі аналягічных пазоваў, сказаў Анатоль Лябедзька, які хадзіў на ўсе паседжаньні суду:

“Прэцэдэнт вельмі дрэнны. Што можна пасьля таго, як прайшло тое ці іншае мерапрыемства, — а гэтае адбывалася ў кастрычніку, — прад’явіць матэрыяльны пазоў, і нягледзячы на тое, што там ня будзе ніводнага доказу, ніводнага факту, які даказвае віну, можна выносіць даволі вялікія штрафы. І такім чынам улада прымушае нас радыкалізавацца і выносіць гэтыя ўзаемаадносіны з прававой сфэры ў сфэру стыхійных, неарганізаваных дзеяньняў на вуліцы.

Гэта зьвязана з агульнай сытуацыяй у краіне. Краіна паступова зьяжджае з глузду. Гэта адзін з элемэнтаў узьдзеяньня на апанэнтаў улады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG