Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Байкатаваць Алімпійскія гульні нельга”


Агляд тэлефанаваньняў за 8 красавіка

Сёньня ў гарадзкім судзе Полацку пачаўся суд над Касяй Салаўёвай. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Актывістцы пагражае да двух гадоў зьняволеньня.
Віктар: “Хачу выказаць меркаваньне наконт “Маладога Фронту”. Малайцы, моладзь! Без дапамогі дзяржавы, не за нашы падаткі вы, у адрозьненьне ад БРСМ, які існуе на нашы падаткі, а яго функцыянэры атрымліваюць па тры мільёны, кватэры і гэтак далей, працуеце як альтруісты на карысьць Беларусі”.
7 красавіка Рада Эўразьвязу вырашыла працягнуць на год візавыя абмежаваньні для шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі. Кіраўніцтва Беларусі абвінавачваюць у фальшаваньні вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году, у парушэньні міжнародных выбарчых стандартаў на выбарах у сакавіку 2006 году. Рада Эўразьвязу і Эўракамісія нагадваюць, што гэтае рашэньне можа быць перагледжана ў зьвязку з палітычнымі падзеямі ў Беларусі. “Вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных і правядзеньне ў верасьні 2008 году парлямэнцкіх выбараў забясьпечыла б пэўныя магчымасьці для такога перагляду”, — гаворыцца ў паведамленьні Рады Эўразьвязу і Эўракамісіі.
СМС-паведамленьне на гэтую тэму: “Я не магу ні ўхваліць, ні асудзіць падаўжэньне санкцыяў супраць Лукашэнкі і іншых яго паплечнікаў з боку Эўразьвязу. Але я лічу, што рабіць гэта няма сэнсу, таму што Лукашэнка і сам не паедзе ў Эўразьвяз, і іншых ня пусьціць. Патрэбны іншыя формы пакараньня”.
Спадар: “Я хачу выказацца наконт санкцыяў, якія Захад прымяняе супраць беларускіх чыноўнікаў. Можа, гэта і слушна, але не зусім. Чаму? Таму што такім чынам ваяваць супраць беларускага народу, прыніжаць яго, саджаць, зьбіваць прымушае толькі адзін чалавек — Лукашэнка. Больш ніхто, толькі ён. І калі яны гэтага рабіць ня будуць, то на ўсіх выступах ён ясна кажа: “Ты ня будзеш рабіць, значыць, іншыя будуць рабіць”. Яны ня хочуць страціць высокааплатную працу, таму ідуць насустрач і гэтыя злачынныя дзеяньні робяць”.
7 красавіка ў Парыжы двойчы прыпынялася эстафэта алімпійскага агню. Гэта стала наступствам акцыі супраць дзеяньняў Кітаю ў Тыбэце. Паходню запалілі ў старажытнай Алімпіі 24 сакавіка. Да пачатку цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў 8 жніўня ў Пэкіне яе пранясуць па тэрыторыі 20 краінаў.
Спадар Сяргей: “Хачу выказацца наконт Алімпійскіх гульняў у Пэкіне. Спорт ужо даўно стаў аб'ектам палітыкі. Успомнім алімпіяду ў Бэрліне, дзе Гітлер перасьледаваў яўна палітычныя мэты, успомнім гісторыю алімпіяды ў Маскве і Лос-Анджэлесе. Спартовыя функцыянэры — гэта прафэсійныя палітыкі. Прэзыдэнт нашага беларускага Алімпійскага камітэту — Лукашэнка. Усе алімпійскія спартовыя фэдэрацыі ачольваюць сілавыя міністры ці людзі з Адміністрацыі прэзыдэнта, якія са скуры выпінаюцца, каб даказаць пасьпяховасьць таталітарнай сыстэмы, спартоўцаў выкарыстоўваюць, каб засланіць антыгуманізм сыстэмы. Кітайскія камуністы душылі танкамі апазыцыйных студэнтаў. Трымаюць у вязьніцах тысячы палітычных зьняволеных і жадаюць адцягнуць увагу ад акупаванага Тыбэту. Даўно трэба разьмежаваць прафэсійны спорт і палітыку. Спартоўцы павінны выступаць не ад імя краіны, а ад свайго імя. Алімпіяда павінна быць толькі асабістай і бізнэс-акцыяй”.
Тэлефанаваньні камэнтуе трохразовы алімпійскі чэмпіён, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч:
“Ад свайго імя ніяк нельга выступаць. Калі будзеш выступаць ад свайго імя, ніколі ня будзеш першым на Алімпійскіх гульнях. Дый калі ты выступаеш за краіну, гэта зусім іншае пачуцьцё. Што да сувязі палітыкі і спорту — гэта справа знаёмая, яна ня сёньня пачалася. Палітыку ад Алімпійскіх гульняў трэба адасабляць. Тыя, хто сёньня мае намер байкатаваць Алімпійскія гульні, — людзі несумленныя. Яны ня ўлічваюць тых людзей, якія кладуць сваё здароўе, каб дасягнуць нейкага выніку. Выніку, які, можа, толькі раз на ўсё жыцьцё здарыцца. Таму нельга байкатаваць Алімпійскія гульні”.
Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз.
Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG