Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пачала скупляць беларускія банкі?


Зьнешняя запазычанасьць беларускіх банкаў упершыню дасягнула трох мільярдаў даляраў. Гэта вынікае з тых лічбаў, якія назваў, выступаючы ў Савеце Рэспублікі, старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч.


Паводле ягонай інфармацыі, летась зьнешняя запазычанасьць узрасла больш чым на два мільярды даляраў. А ў першым квартале 2008 году банкі дадалі яшчэ паўмільярда. Пётар Пракаповіч сказаў: “Мы актыўна карыстаемся зьнешнімі пазыкамі, але, натуральна, так, каб не парушыць бясьпеку функцыянаваньня нашай банкаўскай сыстэмы”.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію “Свабодзе” адзначыў, што беларуская банкаўская сыстэма апошнім часам ўсімі спосабамі спрабуе прыцягнуць як мага больш замежнага капіталу:

“Можна нават сьцьвярджаць: сёлета пачынаецца раздзяржаўленьне беларускіх банкаў. Аб’яўлена, што кантрольныя пакеты двух буйных дзяржаўных банкаў (“Прамбудбанк” і “Інвэстбанк”) прададуць замежнаму капіталу. Яшчэ два буйных дзяржаўных банкі (“Беларусбанк” і “Аграбанк”) выстаўляюць на продаж прыкладна па 15% сваіх акцыяў. Карацей, аж сем банкаў зьбіраюцца прадаць за мяжу значную частку сваіх актываў.

Думаю, што такія надзвычайныя дзеяньні перадусім тлумачацца жаданьнем прыцягнуць інвэстыцыі ў беларускую эканоміку праз банкаўскую сфэру”

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук таксама пацьвярджае, што працэс распродажу беларускіх банкаў пачаўся. Экспэрт зьвяртае ўвагу на тое, што акцыі беларускіх банкаў закупляюць пераважна расейскія фінансісты:

“Тое, што мы бачым сёньня, ёсьць рэалізацыя пляну Крамля на ўстанаўленьне поўнага кантролю расейскіх банкаў над беларускай банкава-фінансавай сыстэмай.

Думаю, за два гады расейцы змогуць уцягнуць беларускія прадпрыемствы ў даўгавую варонку, выйсьця зь якой ужо ня будзе. Расейцы будуць прапаноўваць прывабныя крэдыты, каб завабіць наш дырэктарат, які яшчэ не мае досьведу працы ў такіх умовах”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG