Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Андрэя Кіма: прызначана новае слуханьне


Сёньня на працэсе Андрэя Кіма судзьдзя аб'яднала дзьве справы ў адну, і таму будзе прызначана новае слуханьне па фактычна новай справе


Судовы працэс над грамадзкім актывістам Андрэем Кімам пачаўся а 14 гадзіне ў Цэнтральным раённым судзе Менску. Падтрымаць яго прыйшлі праваабаронцы, паплечнікі, палітыкі (Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Мікола Статкевіч ды іншыя). Прысутнічалі таксама прадстаўнікі амэрыканскай амбасады і АБСЭ.

У судовую залю здолелі прайсьці далёка ня ўсе з тых, хто прыйшоў падтрымаць Кіма – астатнія заставаліся ў калідорах судовага будынку і на вуліцы. У клетку для падсудных прывялі Андрэя Кіма. На ім была надзетая майка з надпісам «Дзе дух Гасподні, там свабода». Прыблізна ў 14.20 у залю ўвайшла судзьдзя і працэс пачаўся.

Адкават Кіма заявіла хадайніцтва, каб яе падабароннаму зьмянілі меру стрыманьня.

Дзяржаўны абвінаваўца, памочнік пракурора Цэнтральнага раёну Лук'янаў заявіў хадайніцтва, каб дзьве справы аб'ядналі ў адну. Нагадаем, Кіма абвінавачваюць ва ўжываньні гвалту падчас мітынгу прадпрымальнікаў 21 студзеня, а таксама ў крымінальнай справе, распачатай пракуратурай за нібыта масавыя беспадаркі ў часе акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня. Судзьдзя Алена Ільіна задаволіла згаданае хадайніцтва.

Працэс над Андрэем Кімам праходзіў у будынку, дзе ён вучыўся -- ў Беларускім ліцэі, пазьней закрытым уладамі, у ім цяпер знаходзіцца суд Цэнтральнага раёну Менску

Андрэя Кіма ўжо болей за два месяцы трымаюць за кратамі ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Калі суд прызнае актывіста вінаватым ва ўжываньні гвалту падчас мітынгу прадпрымальнікаў альбо ў стварэньні такой пагрозы, яго могуць пакараць двума гадамі зьняволеньня. Андрэй Кім вінаватым сябе не прызнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG