Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Пухаўшчыны перасьледуюць грамадзкіх актывістаў


Удзельніка мітынгу ў пасёлку Дружны Сяргея Абразоўскага будуць судзіць 10 красавіка ў судзе Пухавіцкага раёну. Яго вінавацяць у арганізацыі акцыі пратэсту супраць будаўніцтва хімічнага заводу, якая адбылася 22 сакавіка.


Сёньня раніцай Сяргею Абразоўскаму патэлефанавалі зь міліцыі і запрасілі на тлумачальную гутарку. Але калі ён зьявіўся ў Пухавіцкі РАУС, яго пасадзілі ў машыну і адвезьлі ў суд. Аднак пратрымаўшы там каля трох гадзін, вызвалілі, уручыўшы позву зьявіцца ў суд 10 красавіка. Спадар Абразоўскі мяркуе, што гэтыя падзеі зьвязаныя зь мітынгам, які мае адбыцца заўтра, 29 сакавіка ў бліжэйшым пасёлку Сьвіслач. Актывісты грамадзкай ініцыятыўнай групы зьвярнуліся да мясцовых уладаў з заяўкай на правядзеньне акцыі, але атрымалі адмову. Аднак, не зважаючы на забарону, яны мяркуюць сабрацца на мясцовым стадыёне.

Нагадаю, што жыхары пасёлка Дружны,Сьвіслач і іншых населеных пунктаў пратэстуюць супраць прадпрыемства хімічнай вытворчасьці, якое плянуе будаваць расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Плянуецца, што на заводзе будзе вырабляцца 18 відаў пэстыцыдаў -- хімічных сродкаў для сельгасвытворчасьці. Жыхары выказваюцца за правядзеньне мясцовага рэфэрэндуму аб мэтазгоднасьці будаўніцтва прадпрыемства ў непасрэднай блізкасьці ад жылых дамоў. А таксама за правядзеньне незалежнай мэдычнай, экалягічнай і юрыдычнай экспэртызы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG