Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славаччына: белыя палосы – супраць новага закону аб друку


Сёньня ўсе газэты ў Славаччыне выйшлі зь белай тытульнай паласою – такім чынам славацкія журналісты пачалі пратэст супраць праекту новага закону аб друку.


Журналісты лічаць паасобныя палажэньні гэтага законапраекту за сур’ёзную пагрозу свабодзе слова. Старшыня славацкага Таварыства выдаўцоў пэрыядычнага друку заявіў, што “рыхтаваны закон дэфармуе саму сутнасьць газэт як службы для чытачоў”.

Праз законапраект кіроўчая ў Славаччыне кааліцыя хоча правесьці права на адказ на старонках друку, у тым ліку і ў выпадку публікацыі аб’ектыўнай і праўдзівай інфармацыі. Праект закону крытыкуюць ня толькі журналісты: супраць яго выступілі апазыцыя і няўрадавыя арганізацыі. Прадстаўнік АБСЭ Міклаш Харасьці заявіў, што палажэньні падрыхтаванага да парлямэнцкага разгляду закону супярэчаць абавязаньням Славаччыны як чальца АБСЭ аб абароне свабоды друку.

Славацкія газэты надрукавалі сёньня таксама зварот, азагалоўлены “Сем галоўных грахоў закону аб друку”. На думку журналістаў, асноўную шкоду будуць у выпадку прыняцьця закону наносіць такія яго ўстанаўленьні:

1. Закон дае права на адказ і ў выпадку праўдзівай інфармацыі.
2. Дае права на выпраўленьне інфармацыі, якая нікому не нанесла шкоды.
3. Робіць магчымай падвойную санкцыю: выдавец абавязаны абнародаваць выпраўленьне інфармацыі і адказ.
4. Выдавец нясе адказнасьць за адказы, якія парушаюць закон і агульнапрынятыя правілы.
5. Права на адказ маюць дзяржаўныя і грамадзкія органы, што, паводле міжнародных арганізацыяў, можа весьці да злоўжываньняў.
6. Рэдакцыя ня мае права рэагаваць на адказ, што супярэчыць канстытуцыі.
7. Выдавец ня можа адмовіцца публікаваць адказ; такая адмова пагражае яму штрафам у памеры да 150 тысяч карун.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG