Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўліна Сурвіла: “Самавызначэньне – цяжкая рэч”


Госьця “Начной Свабоды” – Марыя Паўліна Сурвіла, спэцыялістка ў галіне беларускай сучаснай і этнічнай музыкі, дачка старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.



Караткевіч: Вы нарадзіліся ў Гішпаніі, жылі ў Канадзе... Скажыце, як вы вызначаеце сваю нацыянальную ідэнтыфікацыю?

Сурвіла: Гэта цяжкае пытаньне. Я час ад часу думаю як гішпанка, калі чую гішпанскую музыку... Таксама я канадыйка, я там доўга жыла, я пра гэта думаю. Калі мяне пытаюцца, ці я амэрыканка, я кажу – не, я канадыйка. Але найбольш я адчуваю, што я беларуска, я заўсёды чула гэтую мову, мае бацькі мяне вучылі, і гэта такая стабільная рэч у жыцьці.

Караткевіч: А якія асабістыя рысы ў вас дамінуюць?

Сурвіла: Таксама нялёгка на гэта адказаць. Я заўсёды ўяўляла, што людзі, чыё жыцьцё не складанае, яны шчасьлівейшыя. Напрыклад, мае сяброўкі заўсёды мелі болей вольнага часу, яны гулялі, тым часам як я была з бацькамі на беларускіх мерапрыемствах. Адчувала я сябе добра, бо бачыла, як паважалася беларуская культура, але адначасна хацелася ўліцца і ў шырэйшы кантэкст, быць звычайным дзіцём.

Мае аднаклясьнікі спачатку ўважалі, што я была іншая, крыху дзіўная. Але з часам яны вырашылі, што я эклектычны, цікавы чалавек, і я са свайго боку навучылася знаходзіць раўнавагу паміж сваімі рознымі ідэнтычнасьцямі, не ігнаруючы ніводнае зь іх. Я ўсё заўсёды шаную. Але цяпер я адчуваю сябе як складаная структура. Адначасна разумею, што кожны чалавек атаясамліваецца з рознымі ідэнтычнасьцямі – асабістымі, прафэсійнымі, культурнымі. Некаторыя зь іх ён сам выбірае, іншыя ёсьць дарам лёсу. Я хацела б, каб і мае дзеці гэта разумелі. Для многіх людзей самавызначэньне – цяжкая і нават небясьпечная рэч.

(Да гутаркі далучаецца зь Менску музыка Зьміцер Вайцюшкевіч)



Караткевіч: Вы выкладаеце і вывучаеце этнічную музыку. Скажыце, а этыёпскую і беларускую музыку вы б дасьледавалі аднолькава?

Сурвіла: Як прафэсар, я выкладаю і этыёпскую, і беларускую, і японскую музыку. Інструмэнт навуковы аднолькавы. Але мая спэцыялізацыя – беларуская музыка.

Караткевіч: Вашая праца выкарыстоўваецца ў навуковых установах, у школах?

Сурвіла: Так. Мая кніжка пра беларускую рок-музыку ўжываецца ў Бэрклі, у Каліфорніі, таму што тут мы дагэтуль ня мелі такой працы па-ангельску пра сучасную беларускую культуру, і гэта вельмі важная рэч. Цяпер я пішу другую кніжку, у нас яшчэ ня так шмат матэрыялаў на гэтую тэму, таму гэтая мая кніжка вельмі ўжываная, і часам я сама зьдзіўленая, што гэта настолькі важная кніжка.

Караткевіч: Ці можа палітычная сытуацыя ў Беларусі паўплываць на падыход да працы над кнігай пра сучасную беларускую музыку?

Сурвіла: Мне вельмі цяжка цяпер працаваць. Я ўжо не была ў Беларусі амаль што 13 гадоў, і пасьля таго, як Лукашэнка стаўся прэзыдэнтам, я баялася крышку там ехаць, таму што мне здавалася, што мая праца была б небясьпечнай для маіх сяброў-музыкаў, якія са мною так добра працавалі ў 1993 годзе. Таксама я нарадзіла сыноў, і калі чалавек мае дзяцей, трэба шукаць іншыя спосабы працы.

Караткевіч: Скажыце, а вашыя дзеці, Антон Джэймс і Валік Нікаляс, далучаныя неяк да беларушчыны?

Сурвіла: Ну так, гэта ясна. Мы маем кругом у хаце беларускія рэчы, я з маткаю гавару па-беларуску, стараюся дзяцей навучыць таксама... Можна сказаць, што сьвяткаваньні ў хаце ладзяцца таксама збольшага па-беларуску – Каляды, Вялікдзень і г.д. Мне вельмі цікава, што Антон, які ў 4-й клясе, хацеў зрабіць школьны праект пра Беларусь, а яму было тады толькі 8 гадоў... І ён напісаў пра Беларусь, і гэта значыць, што ён сапраўды беларус, і гэта мяне вельмі пацешыла.

Караткевіч: Паўліна, вашыя пажаданьні да 90-х угодкаў БНР?

Сурвіла: Каб людзі ведалі, што маюць права мець голас, і каб асьцярожна жылі, але таксама думалі, што гэта значыць, жыць па-беларуску... І каб сытуацыя зьмянілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG