Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкляма тэатральнага форуму — толькі па-расейску


Сёньня ў Магілёве пачаўся трэці міжнародны моладзевы тэатральны форум “Март контакт — 2008”. Цягам шасьці дзён у Магілёўскім абласным драматычным тэатры гледачы пабачаць трынаццаць спэктакляў.


Іх пакажуць тэатры зь Беларусі, Баўгарыі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расеі ды Ўкраіны. Завершыцца спэктакль 27 сакавіка ў Міжнародны дзень тэатру.

На форуме пакажуць два спэктаклі на беларускай мове. Рэкляма форуму, аднак, аформленая толькі па-расейску.

У конкурснай праграме найбольш прадстаўленыя тэатры з Расеі, іх чатыры. Беларусь прадстаўляюць тры тэатры. Украіна, Баўгарыя, Малдова, Польшча, Літва прадстаўленыя адным тэатрам кожная.

Удзельнікі тэатральнага конкурсу пазмагаюцца за гран-пры форуму — “За лепшы спэктакль”. А таксама за дыплёмы, прызы ды прэміі ў намінацыях “За лепшую рэжысёрскую працу”, “За яркае ўвасабленьне моладзевай тэматыкі”, “За лепшую жаночую ролю” ды “За лепшую мужчынскую ролю”.

Упершыню моладзевы тэатральны форум адбыўся ў 2006 годзе. Пра тое, што ён сабой уяўляе, расказаў “Свабодзе” загадчык літаратурнай часткі Магілёўскага драматычнага тэатру Цімафей Яравікоў:

“Самае галоўнае, паколькі форум — міжнародны, моладзевы, тэатральны, то на гэтым форуме паказваюцца спэктаклі пра моладзь, для моладзі, з удзелам моладзі. Упор робіцца на тое, што гэта ня проста тэатральны фэстываль, а менавіта форум, то бок гэтае мерапрыемства мае яшчэ такую працоўную афарбоўку”.

Паводле спадара Яравікова, на форуме адбудуцца творчыя сустрэчы, майстар-клясы, канфэрэнцыі ды выставы.

Дырэктар Магілёўскага абласнога тэатру Андрэй Новікаў паведаміў, што на форуме два спэктаклі будуць ісьці на беларускай мове:

“Спэктакль нашага тэатру паводле паэмы Янкі Купалы “Яна і я” ды спэктакль Тэатру беларускай драматургіі “Сталіца Эраўнд” паводле п’есы Сяргея Гіргеля. З чатырох беларускіх спэктакляў два спэктаклі на беларускай мове, два на расейскай”.

Беларуская мова будзе гучаць і на канфэрэнцыі “Сучасны тэатар і беларуская нацыянальная клясыка”. На ёй удзельнікі форуму абмяркуюць стан нацыянальнай беларускай драматургіі.

У магілёўскім тэатры, аднак, не змаглі патлумачыць карэспандэнту “Свабоды” чаму рэкляма форуму ўся на расейскай мове. Тэатралы прызналі, што лепей было б, калі б рэклямныя абвесткі былі на трох мовах: беларускай, ангельскай ды расейскай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG