Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр легендарны фантаст Артур Кларк


Ва ўзросьце 90 гадоў у Шры-Ланцы памёр усясьветна вядомы брытанскі фантаст Артур Кларк. Ён – аўтар болей як ста навукова-папулярных твораў, найбольш вядомы зь якіх раман “2001: Касьмічная Адысэя”. Аднак, многія ягоныя ідэі выходзілі па-за межы літаратуры і апярэджвалі час.


На сваім дзевяностагодзьдзі ў сьнежні летась Кларк падсумаваў зробленае наступнымі словамі:

“У мяне часам пытаюцца, чым бы я найперш хацеў застацца ў памяці людзей. Я меў разнастайную кар’еру – я быў пісьменьнікам, дасьледчыкам падводнага сьвету, пратэктарам космасу і папулярызатарам навукі. З усяго гэтага, я хацеў бы застацца ў памяці найперш пісьменьнікам, які забаўляў чытачоў. І, спадзяюся, пашыраў іх уяўленьні таксама”.

Кларк, які нарадзіўся ў Англіі ў 1917 годзе, зацікавіўся навуковай фантастыкай у раньнім дзяцінстве, але да 1950-х гадоў не займаўся літаратурай. Пісаў шмат, але ўсясьветную славу набыў у 1968 годзе, калі знакаміты кінарэжысэр Стэнлі Кубрык экранізаваў ягоны раман “2001: Касьмічная Адысэя”.

Артур Кларк вельмі выразна, да дробных дэталяў апісваў будучыя касьмічныя палёты, спадарожнікі, супэркампутары. Рабіў гэта так праўдзіва, што людзі верылі ў магчымую рэальнасьць ягоных фантазіяў. Пазьней многія ягоныя прадказаньні і сапраўды зьдзяйсьняліся. Яшчэ ў 1945 годзе ён, лейтэнант брытанскіх паветраных сілаў, напісаў нататку, у якой прадказаў выкарыстаньне спадарожнікаў як сродкаў сувязі. Тады ж у 1940-я ён прадказаў, што чалавек дасягне Месяца да 2000 году. І ён радаваўся, калі чалавек пабываў на Месяцы нават раней, – у 1969 годзе.

Аднойчы Кларк сказаў, што не шкадуе, што ня лётаў у космас. Але, калі стала папулярнай ідэя кланаваньня, ён заявіў, што хоча забясьпечыць сваю бесьсьмяротнасьць, паслаўшы ў космас капсулу з пасмай сваіх валасоў. Ён уяўляў, што нейкія незямныя істоты знойдуць капсулу і з ДНК у валасах зробяць ягоны клон.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG