Ад моманту прэзэнтацыі гістарычнай стужкі “Анастасія Слуцкая” мінула пяць гадоў, аднак яна па-ранейшаму прыносіць добрыя дывідэнды. Праўда, не аўтарам і акторам, не кінастудыі “Беларусьфільм”, а расейскім пракатнікам, якія за некалькі тысяч даляраў займелі на стужку эксклюзіўныя правы і цяпер прадаюць яе па ўсім сьвеце. Рэжысэр Юрый Ялхоў спрабаваў зьвярнуць увагу зацікаўленых структураў на праблему. У адказ -- цішыня:
“Прадавала наша студыя, быў дырэктарам тады Шэнько. У чым, уласна, увесь крымінал? Прадалі “Анастасію Слуцкую”. Праз месяц прыходзіць ліст ад кампаніі “Екацерынбург Арт”: “Просім зьмяніць назву фільма з камэрцыйных прычынаў”. Студыя пагаджаецца: маўляў, зьмяняйце, як хочаце. Вы набылі, вы і вырашайце. Бо набылі яны эксклюзіўныя правы. І гэта вельмі дзіўна: чаму эксклюзіўныя правы набытыя за такую мізэрную суму? І цяпер пад іншай назвай яны прадаюць стужку па ўсім сьвеце. Раскруцілі, зрабілі магутную рэкляму, паставіўшы ў шэраг усясьветных шэдэўраў. Фільм, канечне, гэтага не заслугоўвае, але гэта ўжо справа гандляроў, яны здолелі прадаць. І зарабілі сапраўды вельмі шмат грошай. Па-рознаму кажуць: тры мільёны, пяць, сем мільёнаў даляраў. Карацей, зарабілі. Мы зьнялі карціну за мільён, а нейкі дзядзя атрымаў вялікія грошы. Студыя ж не атрымала нічога”.
У. Замяталін: “На фільме зарабілі мільёны”
Цяперашні генэральны дырэктар “Беларусьфільма” Ўладзімер Замяталін ведае пра спробу сваіх папярэднікаў прасунуць “Анастасію Слуцкую” на кінарынак.
“Фільм “Анастасія Слуцкая” цяпер называецца “Княгіня Слуцкая”. Канечне, ня маюць яны права так рабіць, абсалютна няма ў іх такіх паўнамоцтваў”.
Карэспандэнт: “Беларускі бок можа паспрабаваць выправіць сытуацыю?”
Замяталін: “Можа паспрабаваць, натуральна. І мы гэтым зараз будзем займацца. Але справа ў тым, што гэта было зроблена тры гады таму. Усё было зроблена падпольным спосабам. Прадалі вельмі танна, па зусім сьмешнай цане. Расейцы зараз на фільме маюць мільёны, у нас ёсьць такія зьвесткі”.
Карэспандэнт: “А хто ўсё ж вінаваты, што фільм так танна прадалі?”
“Гэта не мая праблема, разумееце? Я займаюся цяперашнім днём і будучым. А мінулым не займаюся”.
Кінакрытык Максім Жбанкоў ня верыць, што ў такой скандальнай сытуацыі можна знайсьці крайняга:
“Хто мог гэта зрабіць? Ну, напэўна папярэдняе кіраўніцтва студыі. Справа ў тым, што толькі зараз яны, уключна з Замяталіным, пачынаюць разьбірацца з аўтарскімі правамі. А да таго часу там была нейкая абсалютная бязглузьдзіца, рабілі што заўгодна. Тым больш, гэта былі тыя гады, калі ў прынцыпе ў нас ніхто нічога не здымаў і не зарабляў. Таму нават гэты бюджэт сьмешны, а там у суме было каля мільёна даляраў, абсалютна мінімальны бюджэт даў нейкі плён. Шчыра кажучы, сумняюся, што тут можна знайсьці нейкія канцы, каб нехта ўзяў на сябе адказнасьць. Амаль перакананы, што такога ня будзе. Хутчэй за ўсё, будуць перакладаць адзін на аднаго, спускаючы на тармазах”.
Ю.Ялхоў: “Чамусьці здаецца, што Лукашэнка пра гэта ня ведае”
Цяпер абноўлены кінабрэнд прадаецца пад знакам “Зроблена ў Расеі”. Як магло здарыцца, што зьняты на дзяржаўную замову і пад патранажам Аляксандра Лукашэнкі фільм працуе на прыватную кішэню ў Расеі? Юрый Ялхоў перакананы, што без “адкату на лапу” тут не абышлося:
Калі б у пагадненьні было сказана, што зьмянілася назва, і цяпер прадаецца не “Анастасія Слуцкая”, а “Княгіня Слуцкая” тады, напэўна, былі б і грошы
Сьвятлана Зелянкоўская, выканаўца галоўнай ролі Анастасіі Слуцкай:
“На самой справе мне крыўдна за ўсё, што тычыцца гэтай стужкі. Ці гэта нашы ня ўмеюць яе прадаваць, але зараз я, выканаўца галоўнай ролі, не магу нідзе набыць стужку, каб проста камусьці падарыць. Трэба ехаць у Маскву, каб набыць гэтую стужку. У нас жа яна не прадаецца ні на якіх носьбітах”.
Карэспандэнт: “Хто вінаваты, што так здарылася?”
“Што гэта вы актрысе такія пытаньні задаяце? Вы мне інфармацыю сказалі, яна для мяне новая. Я сыграла галоўную ролю, атрымала нейкую суму ганарару. І што далей? Я ж пракатам, усім астатнім не займаюся. Мне як актрысе хочацца набыць фільм на DVD ці хоць бы касэту. А я не магу нічога знайсьці ў сваёй краіне. А гэта ж адзіны зь вядомых фільмаў Беларусі”.
Карэспандэнт: “Каб прадалі цывілізавана, Вы дагэтуль мелі б дывідэнды...”
“Я калі падпісвала кантракт, не падпісвала, што буду атрымліваць дывідэнды. Падпісвалася пад тым, што выканаю ролю і мой здымачны дзень будзе каштаваць столькі і столькі. Усё. Ужо прайшло пяць гадоў ад гэтага фільма, і мне цікавіць тое, што адбываецца са мной зараз”.