Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды падзець бяздомных?


Як можна дапамагчы беспрытульным (“бамжам”)? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы, у тым ліку адзін бяздомны.


Спадарыня: “Мне здаецца, што гэта справа дзяржавы. За мяжой жа нейк гэта арганізавана, у любым разе ёсьць начлежкі. На гэтым узроўні можна пытаньне вырашыць і, напэўна, трэба. У нас нехта казаў, будзе будавацца інтэрнат для іх, значыцца, неяк вырашаецца пытаньне. Як хутка гэта будзе, Бог яго ведае, але нешта ўлады думаюць наконт гэтага. У нас нейкі сход быў на працы, і вось гэта гучала”.

Спадар: “Трэба будаваць інтэрнаты, ці інтэрнатнага тыпу дамы для іх, з абавязковым мэдычным абсьледаваньнем, з душам, з усімі справамі. Займаюцца гэтым ці не, трэба падняцца ў выканкам і пацікавіцца. Але, наколькі я ведаю, тут, напэўна, яшчэ нічога няма. Ёсьць толькі для інвалідаў дамы, але гэта жах папросту. А для бамжоў няма, іх, напэўна, стараюцца ўвогуле прыбіраць адсюль”.

Маладая спадарыня: “Мне іх заўсёды шкада. Напэўна, трэба, каб для іх былі нейкія пакоі. Ёсьць жа бяздомныя старыя, паспрабуй зараз на пакой зарабіць, так жа?”

Яе сяброўка: “Трэба для іх інтэрнаты”.

Маладая спадарыня: “Але гледзячы для якіх бяздомных, бо ёсьць няшчасныя бабулі, дзядулі, якіх дзеці выганяюць, а ёсьць жа проста алкашы. Я супраць гэтых алкашоў, а звычайных бяздомных мне вельмі шкада. Хацелася б, каб штосьці для іх было зроблена”.

Малады спадар: “Ня тое што іх вельмі шкада, бо гэта іхні выбар, па вялікім рахунку. Бо чалавека ніхто не прымушае выглядаць гэтак, як ён выглядае, алькаголь сабе гэты купляць”.

Карэспандэнт: “Але чалавек ня мае даху над галавой, на гэта могуць быць розныя прычыны, абставіны. Што зь імі рабіць, калі ім няма дзе жыць?”

Малады спадар: “Гэта пытаньне не да мяне, а да адміністрацыі, каб прыдумалі нейкі сацыяльны варыянт. Наколькі я ведаю, іх кормяць недзе без аплаты. Трэба, значыцца, каб быў і такі начлег для іх бясплатны. Можа, улады штосьці й робяць, але мне невядома, вырашаюць яны гэтую праблему ці не”.

Маладзён: “Можна зрабіць прытулак для бяздомных, каб яны маглі там пераначаваць, калі мароз, і каб сацыяльнае харчаваньне маглі атрымаць. Каб хоць раз на дзень была магчымасьць іх пакарміць. Так, як гэта зроблена за мяжой — у Эўропе, у Амэрыцы, як паказваюць праз тэлевізар”.

Валацуга: “Са сьвятам вас прашэдшым!”

Карэспандэнт: “Скажыце, а вам ёсьць дзе жыць?”

Валацуга: “А мне няма дзе жыць, паважаны чалавек, вы мне прабачце. Бог зь ім. Зь мінулым сьвятам усіх хачу павіншаваць, каб жылі так сама прыгожа, шчасьліва, багата!”

Карэспандэнт: “Вам няма дзе жыць, а дзе вы тады начуеце?”

Валацуга: “А дзе прыйдзецца: упаў, кардон паслаў, паспаў, і мне нармальна!”

Сталы спадар: “Не, яны мне асабіста не перашкаджаюць. Ну, часам папросяць падаць, але я ім ніколі не падаю. А вось куды іх падзець, мне складана сказаць. Трэба ў нас, напэўна, начлежку зрабіць. Шкада ж, людзі ўсё-ткі. Трэба нейкі прытулак арганізаваць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG