У афіцыйным паведамленьні гаворыцца, што адмова ад гэтай нормы “будзе спрыяць стварэньню спрыяльных умоваў для прыцягненьня прамых замежных інвэстыцыяў у рэальны сэктар эканомікі Беларусі”. Апазыцыйныя палітыкі сьцьвярджаюць, што гэты крок зроблены пад ціскам Крамля і што наступае этап прыхватызацыі Беларусі.
“Залатая акцыя” была ўведзеная ўказам прэзыдэнта ў 1997 годзе “для рэгуляваньня працэсу прыватызацыі”. Праз мэханізм “залатой акцыі” дзяржава магла ўмешвацца ў рашэньні акцыянэрных таварыстваў. Нават некаторыя прадстаўнікі ўлады ў апошнія гады заяўлялі, што наяўнасьць “залатой акцыі” стрымлівае прыход замежных інвэстыцыяў у беларускую эканоміку.
Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, сёньняшні крок уладаў сьведчыць, што патрэба ў замежных інвэстыцыях для беларускай эканомікі паўстала зараз надзвычай востра.
Злотнікаў: “Па-першае, мы бачым вельмі хуткі працэс нарастаньня зьнешніх пазыкаў. Па-другое, рэзка страчваецца канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў. Цэны на беларускі экспарт узрасьлі ў меншай ступені, чым цэны на імпарт. Сёлета чакаецца павялічэньне на мільярд даляраў выплат Расеі за энэрганосьбіты і іншае. Каля 700 мільёнаў даляраў трэба сёлета вярнуць нашым замежным крэдыторам.
Абслугоўваньне зьнешняга доўгу становіцца вялікім грузам для эканомікі — трэба знаходзіць новыя крэдыты, каб вярнуць даўгі. Стварыліся такія ўмовы, які патрабуюць зьнешніх пазыкаў і зьнешніх інвэстыцыяў”.
Лябедзька: "Гэта пачатак “прыхватызацыі” Беларусі"
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што адмена залатой акцыі — пачатак “прыхватызацыі” Беларусі.
Лябедзька: “Для мяне гэта сьведчаньне таго, што наступае новы этап – этап прыхватызацыі. Доўгі час гаварылася, што ёсьць прыблізна 120 беларускіх прадпрыемстваў, якія ўяўляюць вялікую цікавасьць для бізнэсу, прычым у першую чаргу расейскага. Гэта азначае, што Лукашэнка адмаўляецца ад сваёй ранейшай эканамічнай палітыкі, што “ўсё вакол калгаснае, усё вакол мае і ўсё належыць народу Беларусі”. А клан, які вакол Лукашэнкі, разам з алігархамі, у першую чаргу з Расеі, пусьціць гэтае “фамільнае срэбра” з малатка.
Я думаю, гэта была адна з умоваў падчас перамоваў з Пуціным і ягоным атачэньнем – зрабіць максымальна лёгкім доступ да беларускай уласнасьці для расейскага бізнэсу і алігархаў”.
Цікава, што яшчэ на нарадзе 16 студзеня 2004 году Аляксандар Лукашэнка выступаў супраць адмены “залатой акцыі”. Цікава пачуць аргумэнты, якія прыводзіў прэзыдэнт Беларусі. “Ці здолеем мы гарантаваць заўтра, што пасьля гэтага на прыватызаваных прадпрыемствах ня будзе нэгатыўных момантаў у выглядзе нявыплаты заробкаў, зьдзекаў з рабочых? І няўжо вы мяркуеце, што калі мы гэта зробім, то да нас пацякуць інвэстыцыі ракой?” — казаў Лукашэнка ў 2004 годзе. (Цытата з афіцыйнага сайту Прэзыдэнта Беларусі.)
Як паведамілі ў беларускім прадстаўніцтве Міжнароднага валютнага фонду, МВФ вітае адмену інстытуту "залатой акцыі" ў Беларусі.
"Міжнародны валютны фонд вітае гэты крок. МВФ неаднаразова рэкамэндаваў беларускім уладам адмяніць інстытут "залатой акцыі" для паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату ў краіне", — падкрэсьлілі ў прадстаўніцтве.