Андрэас Грос, кіраўнік групы назіральнікаў ад Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, заявіў сёньня журналістам, што дэмакратычны патэнцыял расейскага народу ня быў рэалізаваны на гэтых выбарах.
Грос: “Роўны доступ кандыдатаў да СМІ і наагул да публічнай сфэры не палепшыўся, што ставіць пад сумнеў справядлівасьць выбараў”.
Назіральнікі ад парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы былі хіба не адзінай групай заходніх назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі. Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ адмовілася назіраць за выбарчым працэсам у Расеі з прычыны абмежаваньняў, якімі расейскія ўлады абумовілі працу місіі.
Адзін з назіральнікаў ад Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы брытанец Найджэл Эванс мяркуе, што назіральнікам было відавочна, што Мядзьведзеў выйграе выбары і бяз створаных для яго надзвычай спрыяльных умоваў, хаця магчыма і не з такім лікам. Эванс адзначыў, што расейскім ўладам варта было б больш давяраць свайму народу.
Дзьмітры Мядзьведзеў атрымаў значную падтрымку з боку расейцаў, але выглядае, што гэта насамрэч давер, выказаны расейцамі Ўладзімеру Пуціну. Яшчэ тры месяцы таму, да таго, як Пуцін назваў кандыдатуру Мядзьведзева ў якасьці свайго пераемніка, прэзыдэнцкі рэйтынг Мядзьведзева паводле дадзеных некаторых сацыялягічных цэнтраў не перавышаў 3%.
Мядзьведзеў разумее гэта, пра гэта ён казаў , у прыватнасьці, і ўчора, калі разам з Пуціным зьявіўся на начным рок-канцэрце на Краснай Плошчы.
Мядзьведзеў: У нас ёсьць шанец разьвівацца так, як мы разьвіваліся апошнія гады, мацаваць стабільнасьць , паляпшаць якасьць жыцьця, рушыць наперад ў адпаведнасьці з тым плянам, па якім мы ішлі гэтыя гады. І я ўпэўнены, што мы павінны выбраць гэты шлях.
Мядзьведзеў ужо атрымаў віншаваньні з перамогай ад прэмьер-міністра Сэрбіі Ваіслава Каштуніцы, які кажа пра «вялікую перамогу».
Ўлады Злучаных Штатаў пакуль ніяк не камэнтуюць расейскія выбары, прадстаўнік Рады бясьпекі заявіў, што трэба дачакацца афіцыйных вынікаў .
Але кандыдаты на прэзыдэнта ад дэмакратычнай партыі чакаць ня сталі. Паводле Гілары Клінтан учорашнія выбары ў Расеі ўяўляюць сабой новы этап у адыходзе Расеі ад дэмакратыі. Разам з тым яна падкрэсьліла, што падчас выбарчай кампаніі Мядзьведзеў выказаў некалькі тэзаў, якія выклікаюць надзею. І задачай новага прэзыдэнта ЗША будзе праверка шчырасьці гэтых заяваў.
Барак Абама выказаў расчараваньне тым, што расейскія выбары не былі цалкам сумленнымі і свабоднымі з прычыны адсутнасьці свабодных СМІ і ціску на палітычныя партыі і апазыцыю.
Калі ўрады думаюць, як і не адступіць ад прынцыпаў і не сапсаваць адносіны з новым кіраўніком Расеі, заходні друк дае жорсткія і адназначныя ацэнкі.
“Абраньне Мядзьведзева сталу кульмінацыяй высілкаў Уладзімера Пуціна па ўсталяваньні кантролю над ўрадам, бізнэсам і СМІ, пачатых 8 гадоў таму – мяркуе The New York Times.
“Ацэньваючы Пуціна, Захад у свой час глыбока памыляўся, і зараз ня варта чакаць, што пераемнік, асабіста выбраны Пуціным, будзе лепшы” – папярэджвае The Wall Street Journal
Экспэрт брытанскай The Guardian Джонатан Стіл прапануе нэалягізм “Путведзеў” і выказвае меркаваньне, што і пры гэтай істоце Расея працягне мадэрнізацыю ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму.
Брытанская Financial Times піша, што назваць расейскія выбары дэмакратычнымі было б зьнявагай дэмакратыі. Дэмакратыя была разбураная пры Пуціне – адзначае італьянская La Stampa.