Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын Коласа: Нават над дзіцячай паэмай цэнзары зрабілі экзэкуцыю


У першым сёлетнім нумары недзяржаўнага літаратурна-мастацкага часопісу “Дзеяслоў” пачалася публікацыя мэмуараў Міхася Міцкевіча, малодшага сына Якуба Коласа. У праграме "Начная Свабода" Міхась Міцкевіч расказвае пра цэнзуру бацькавых твораў і чытае невядомыя шырокай публіцы радкі беларускага клясыка, якія зьніклі з савецкіх выданьняў.


Бушлякоў: Вашая публікацыя ў "Дзеяслове", хоць часопіс яшчэ толькі-толькі зьявіўся, ужо выклікала прыкметны розгалас. Што новага, нечаканага пра Якуба Коласа можна даведацца з вашай публікацыі?

Міцкевіч: Перш за ўсё я стараўся даць ня тое новае, на якое бываюць падкія журналісты і ўвогуле чытачы, а стараўся паказаць наша жыцьцё з маіх малечых гадоў, юнацкіх гадоў. Што адбывалася дома, якая была абстаноўка творчая, узаемаадносіны бацькоў, адносіны бацькі да літаратараў, да навукоўцаў і яго работа ў гэтых галінах. Гэта і сустрэчы зь вядомымі людзьмі, з кіраўнікамі дзяржавы, і яго адносіны да навакольля, яго душэўны склад у пэўныя часы. Гэта і цяжкія ўмовы ў 30-я гады, калі было ганеньне на пісьменьнікаў, гэта і ваеннае ліхалецьце, гэта і пасьляваенныя гады. Так патрошку я пачаў расповед аб тым, што мне запомнілася ў бацькоўскім доме.

Што тычыцца паэзіі, я прыводжу гісторыю паэмы "Сон ці я", і некалькі радочкаў, якія помніліся мне, я занатаваў. Паэма, як і многія другія сатырычныя, жартоўныя рэчы, згарэла ў часе вайны. Толькі невялікія абрывачкі засталіся ў памяці -- я іх прыводжу для чытача. А таксама прыводжу сваё бачаньне некаторых галоўных твораў -- гэта і "Новая зямля", і "Сымон-музыка", "Рыбакова хата", "На шляхах волі". Гэта і аб "Казках жыцьця". Гэта і аб тым як цэнзура скарачала і зьмяняла тое, што выходзіла з-пад пяра майстра. Нават над дзіцячай паэмай "Міхасёвы прыгоды" цэнзары таксама зрабілі маленькую экзэкуцыю. Там было напісана "І каб больш не было яго духу, на агонь палажылі псяюху" (гадзюку). "Не, так нельга, будуць дзеці лаяцца". Прыйшлося пайсьці на кампраміс і напісаць "І каб больш не было яго паху, на агонь палажылі кусаху". Але гэта дробязь, а вось датычна буйных твораў папрацавалі вельмі многа, і Колас перажываў. Было прыкра, што большасьць "Казак жыцьця" не перадавалася, адна з такіх казак "Дудар".

"А старанныя рэдактар, пэдагог / У няшчаснай маёй музы ловяць блох"

Бушлякоў: Яна трапіла пад бязьлітасную цэнзуру, за што?

Міцкевіч: Яна была апалавінена. Толькі ў мінулым годзе яе надрукавалі поўнасьцю -- чытачы могуць паглядзець. Там аб трох братох, якім Бог даў аднолькавы розум, аднолькавыя сілы, але пакінуў іх у розных мясьцінах. Найменшы брат папаў у самыя кепскія ўмовы -- балота лес -- ён сам адзічэў, і песьні ў яго былі такія, якіх людзі не разумелі. Потым браты сустрэліся, і там ясна відаць, што старэйшы брат -- гэта рускі, сярэдні -- украінец, а меншы -- беларус. І старэйшы брат патрабуе: "Гавары як я! Твая мова незразумелая, хто чуў твае песьні?" і гэтак далей. А меншы кажа: "Брат, не адбірай таго, што можа адабраць толькі Бог. Давай лепей пойдзем разам шукаць лепшай долі і будзем дапамагаць адзін другому". Пасьля рэдагаваньня засталася толькі другая частка, дзе меншы брат расказаў, як пан пасадзіў дудара ў склеп і сказаў, што дазволіць сьпяваць, калі будзе чуваць яго песьні. Канечне, з-за каменных сьцен гукі не даносіліся. Фактычна мова была пад забаронай. Трэба сказаць, што Колас цаніў свае "Казкі жыцьця", дзе сілам прыроды, жывёльнаму сьвету, расьлінам надаюцца чалавечыя здольнасьці, і лягчэй распавядаць пра тыя ці іншыя праблемы. Я не ўключыў аднаго верша, які быў уключаны маім братам Данікам у кнігу "Любіць і помніць", але варта яго прыгадаць, бо ён таксама праляжаў гадоў 50 у архівах КДБ, і быў надрукаваны толькі ў гэтай яго кнізе. З гэтага верша ясна відны адносіны бацькі да таго стану. у якім яго творы аказаліся.

Я ад ранку і да вечара араў,
А ральлю маю рэдактар падабраў.
Назьляталася і галак, і гракоў
Ратаваць маю зямлю ад чарвякоў.

Ратавалі, талачыліся на ёй
І бяды мне нарабілі, ой-ё-ёй,
Зямля новая пакрыта дзірваном,
І замоўк Сымон-музыка са званом.

У глушы, глыбі Палесься толькі пні,
Адшчапенец мой закончыў свае дні.
Над распусьнікам Савосем стаіць крыж,
Эх, нядоўга жыў на сьвеце ты, малыш.

Нічагусенькі няма на рубяжы,
Казкі жыцьця мае леглі пад нажы,
Глушыць ніву маю дзікая трава,
Засталася ад мяне адно дрыгва.

Я ўстрывожаны спыняюся, стаю
І з журбой гляджу на спадчыну сваю,
А старанныя рэдактар, пэдагог
У няшчаснай маёй музы ловяць блох.

Вытрасаюць зь яе, беднае, духі,
Няхай Бог ужо даруе ім грахі
Ды павузіць прагавітую іх пасьць
І хоць трошкі болей розуму ім дасьць.

Вельмі шкада, што цяпер перавыдаюцца творы, у прыватнасьці "Сымон-музыка" зь вельмі перапраўленай і папсаванаю часткаю -- уступам да трэцяга разьдзелу паэмы. [У арыгінале] гэты ўступ гучыць як гімн беларускаму народу, яго гісторыі. У апошняй частцы пра тое, як падзялілі Беларусь, частка адыйшла да палякаў, частка да Савецкага Саюзу.

Родны край! Ты разарваны,
Паабапал ад мяжы
Лях ліхі, маскаль паганы
Моцна сьцягваюць гужы.

Каб з хаўтурнае майстэрні
Беларусу сшыць халат,
Ды ні пан, ні хам ня верне
Плынь гісторыі назад.

Эх, чаго нам не прыйшлося
Брацьце родныя ўжыць.
Колькі талентаў зьвялося,
Колькі іх і дзе ляжыць,

Невядомых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім,
Толькі ў полі адсьпяваных
Ветру посьвістам пустым!

"Трэба сынтэзаваць тое лепшае, што было выкінута"

Бушлякоў: Спадар Міхась, цяпер выдаецца збор твораў Якуба Коласа. Два тамы гэтага збору твораў летась ужо выйшлі ў сьвет. Ці будуць тыя Коласавыя творы, якія зазналі цэнзуру, адноўленыя паводле аўтарскіх рукапісаў, паводле нецэнзураваных першапублікацыяў?

Міцкевіч: Я думаю, што пасьля публікацыяў, у прыватнасьці ў "Дзеяслове", нашыя навукоўцы ўнясуць папраўкі. Канечне, хацелася б нават сынтэзаваць тую ж паэму "Сымон-музыка". Бо першы варыянт мае выключна цікавую канцоўку. Пад Ганнай мелася на ўвазе Беларусь, якая была задушаная бальшавікамі, а Сымон-музыка, гэта паэт, які павінны несьці слова. І калі Ганна загінула, ён засынае каля магілы каханай, а яна ўстае ў яве-сьне, і адбываецца цудоўная размова паміж закаханымі сэрцамі. А калі пачалося новае жыцьцё, і былі посьпехі, разьвіцьцё беларускасьці, Коласу давялося перапрацаваць гэтую паэму, значна перарабіць, і ўжо канец быў аптымістычны -- Ганна і Сымон ідуць поруч у новае жыцьцё. Міхась Мушынскі, які працаваў над гэтай паэмай, заўважыў, што аўтар ўнёс каля паўтары тысячы правак. Ён лічыць, што гэта проста два розныя творы.

У многіх вершах у камэнтарах будуць дадзеныя варыянты, але мне здаецца, што трэба кіравацца не апошнім выданьнем, а ўсё ж такі сынтэзаваць тое лепшае, што было выкінута. Напрыклад у "Новую зямлю" у апошні разьдзел "Сьмерць Міхала" было ўнесенае дапаўненьне. Я лічу, што гэта проста лыжку дзёгцю. Рэч у тым, што перакладчык на расейскую мову Сяргей Мітрафанавіч Гарадзецкі адмовіўся ад перапрацоўкі, а там каля 500 правак трэба было зрабіць. І да Коласа дайшлі чуткі, што Гарадзецкі матывуе сваю адмову тым, што гэта, маўляў, кулацкая паэма, што яна прапагандуе уласнасьць на зямлю і гэтак далей. І відаць пад уплывам ліста Гарадзецкага, бацька піша пісьмо Мазалькову, што трэба ўнесьці дадатковыя радочкі Міхалу з думкай, што можа і ня так патрэбная гэтая зямля, што будзе шмат клопату і гэтак далей. Гэтая праўка ўзьнікла пад прэсам акалічнасьцяў, і яна не павінна быць ўведзеная ў паэму, а вынесена ў дадатак.

Другі маленечкі эпізод – тры радочкі ў разьдзеле "Падгляд пчол":

Крыніцы бурнага натхненьня,
Мінут вясёлых, ажыўленьня,
Стаяць, як біскупы, бутэлі,
І ласа ўсе на іх глядзелі.
Ляжыць гарамі ў іх падножжы
Закуска, гэта міласьць божа:
Тут сыр, як першы сьнег, бялюткі,
Каўбас прыемнейшыя скруткі,
Што толькі ёсьць у Беларусі.


І далей абрываецца. А там было:

А масла! Не, казаць баюся,
У час пайкоў і суяты
Дражніць пустыя жываты.


Гэта ж было ў той час напісана. Трэба абмяркоўваць – я лічу, што такія радочкі не пагаршаюць, а толькі паляпшаюць твор.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG