Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы пакуль ня вызначыліся з прадстаўніцтвам толькі ў чатырох выбарчых акругах, ды яшчэ ў двух сытуацыя даволі заблытаная і там могуць быць нейкія зьмены.
У нас гэта праходзіць больш канструктыўна, менш спрэчак, менш амбіцыяў. Тут, “на версе” такой згоды яшчэ няма
Становішча тут вельмі падобнае: ёсьць два моцныя прэтэндэнты, якія не хочуць саступаць адзін аднаму. Прыкладам, у Берасьці ў адной і той жа акрузе балятавацца жадаюць дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Леанід Майструк і актывіст Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі. У Барысаве сутыкнуліся інтарэсы Мікалая Пахабава, які ўваходзіў у склад Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара, і прадпрымальніка Віктара Гарбачова.
Ім, як і іншым падобным парам, прапанавалі не пазьней за 9-га сакавіка правесьці конкурс сваіх каманд падтрымкі. Чыя каманда будзе выглядаць больш моцнай, таму і аддадуць перавагу.
Міхась Варанец – старшыня Гарадзенскай абласной філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі ўпершыню трапіў на паседжаньне Палітрады. Ён лічыць, што ў рэгіёнах згоды больш, чым у цэнтры:
“Мне здаецца, што тут самае галоўнае нават не тое, якое рашэньне будзе прынятае, і што у выніку ў ідэале будзе адзін кандыдат на акругу, ці нешта іншае. Галоўнае, як прымаюцца рашэньні, наколькі суб’екты АДС здольныя дамаўляцца паміж сабою.
Гэта будуць канфлікты лякальныя, перадусім на ўзроўні асобаў”
У нас на Гарадзеншчыне я прысутнічаў на некаторых куставых канфэрэнцыях, на абласной канфэрэнцыі. Скажу, што ў нас гэта праходзіць больш канструктыўна, менш спрэчак, менш амбіцыяў. Тут, “на версе” такой згоды яшчэ няма. Але ўсё ж цяпер і тут лепш, чым было, прыкладна, некалькі гадоў таму”.
Яшчэ адзін удзельнік паседжаньня, сябра Палітрады Віктар Карняенка таксама лічыць, што ў рэгіёнах паразуменьне знаходзяць хутчэй. Ён спасылаецца на прыклад Гомельскай вобласьці, якая першай вызначыла ўсіх патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты:
“Я дастаткова добра ведаю сытуацыю ў рэгіёнах, асабліва пасьля 2006 году, калі я фактычна адказваў за працу рэгіянальнай інфраструктуры. Мне здаецца, у тым жа Гомелі ёсьць арыентацыя на агульны вынік. Ў некаторых іншых месцах ёсьць скіраванасьць на адстойваньне карпаратыўных партыйных інтарэсаў”.
Міхась Варанец ня бачыць вялікай бяды, калі ў невялікай колькасьці акругаў дэмакратаў будуць прадстаўляць некалькі кандыдатаў. На ягоную думку, такое там-сям абавязкова здарыцца:
“Гэта не прывядзе да нейкіх узрушэньняў, тым больш на ўзроўні кіраўнікоў партыяў. Думаю, што гэта будуць канфлікты лякальныя, перадусім на ўзроўні асобаў”.