Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік аўстрыйскага Telekom: “Беларусь лепшая за Брусэль”


Пра гэта вядомы аўстрыйскі бізнэсовец, кіраўнік кампаніяў мабільнай сувязі Telekom Austria Group і Mobilkom Austria Барыс Немзіч заявіў у размове з брытанскай Financial Times.


Заява зроблена ў сувязі з чарговай атакай Эўракамісіі на апэратараў мабільнай сувязі. Брусэль падазрае, што міжнародныя роўмінгавыя зборы (плата за карыстаньне паслугамі замежнага апэратара) — гэта вымаганьне грошай з кліентаў, а ня вынік справядлівай канкурэнцыі. На мінулым тыдні Брусэль заклікаў эўрапейскіх электрасувязістаў скараціць роўмінгавыя выдаткі на SMS-паведамленьні і на мабільны доступ у Інтэрнэт. На апошняй адмысловай канфэрэнцыі ў Барсэлёне Эўракамісія нават вызначыла на гэта крайні тэрмін — да 1 ліпеня.

“Беларусь лепшая для бізнэсу, чым Брусэль”, — заявіў Financial Times кіраўнік адной з найбуйнейшых у Эўропе тэлекамунікацыйных кампаніяў Telekom Austria Group Барыс Немзіч. Ён таксама падкрэсьліў: “Да нас у Беларусі паставіліся нашмат лепш, чым у Брусэлі. Гэта не палітычная заява. Так заяўляе бізнэс”.

Барыс Немзіч таксама адзначыў, што “задаволены тым, як беларускія ўлады летась паставіліся да прапановаў кампаніі, калі яна набыла 70% акцыяў Velcom’у за 730 мільёнаў эўра” .

Паводле Немзіча, які нарадзіўся ў Югаславіі, крокі Эўракамісіі па навязваньні кантрольных розьнічных цэнаў нагадалі яму камунізм. “Я жыў пры камунізьме і ненавідзеў гэтыя рэгуляваныя цэны”, — сказаў бізнэсовец.

Немзіч таксама папярэдзіў Брусэль, што ў выніку такой палітыкі ЭЗ могуць чакаць вельмі сур’ёзныя наступствы на гэтым рынку.

"Лібэралізацыя тэлекамунікацыяў дагэтуль была пасьпяховай. Канкурэнцыя ёсьць, і яна працуе. Але павялічыць канкурэнцыю шляхам рэгуляваньня цэнаў немагчыма”, — заявіў кіраўнік кампаніяў мабільнай сувязі Telekom Austria Group і Mobilkom Austria Барыс Немзіч у размове з брытанскай Financial Times.

Нядаўна самы ўплывовы дзелавы часопіс Аўстрыі Trend назваў бізнэсоўца Немзіча “Чалавекам 2007 году”. У якасьці галоўнай прычыны вылучэньня яго кандыдатуры быў выхад кампаніі на рынак мабільнай сувязі Беларусі, набыцьцё кантрольнай долі у беларускім апэратары “Мабільная лічбавая сувязь” (гандлёвыя маркі VELCOM и PRIVET).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG