Наш чарговы грамадзкі рэдактар Уладзімер Папруга – архітэктар. З 1983 па 1996 год працаваў у “Белдзяржпраекце”. Навучаўся ў Рымскім міжнародным цэнтры па дасьледаваньні праблемаў аховы гісторыка-культурных аб'ектаў. Пазьней стажыраваўся ў Вэнэцыі. Выступаў запрошаны лектарам на тэму гісторыка-культурнай спадчыны Менску на міжнародным кангрэсе ICOMOS (Канада). Чатыры гады займаўся рэстаўрацыяй шэрагу аб’ектаў Польшчы.
Уліцёнак: “Шмат хто зь менчукоў не разумеюць вашай крытыкі на аб’ект, які прэзэнтаваўся рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй былога гатэлю “Эўропа”. Што вы скажаце, спадар Папруга, тым, хто наадварот захапляецца гэтым навабудам, цьвердзіць, што ён арганічна пасуе гарадзкому цэнтру?”
Папруга: “Рэч у тым, што гістарычна гатэль “Эўропа” стаяў на абсалютна іншай тэрыторыі – на тэрыторыі суседняга пляцу, які прымыкаў да дадзенага будынку, калі глядзець цяпер ад галоўнага фасаду справа.
А цяперашні будынак Эўропы знаходзіцца на месцы абсалютна іншага аб’екта – прычым безумоўна больш цікавага й гістарычна важнага, чымсьці гатэль: гэта першы гарадзкі тэатар. У мурах якога было пастаўлена клясыкамі беларускай і польскай культуры Вінцэнтам Дуніным-Марцынкевічам і Станіславам Манюшкам першай беларускай опэры.
Што цікава, яшчэ раней на месцы гарадзкога тэатра (ёсьць такія згадкі) быў гарадзкі палац рэзыдэнцыі Радзівілаў”.
І раптам безь ніякага абгрунтаваньня – гатэль “Эўропа” перасаджваецца на абсалютна іншую пляцоўку”.
Уліцёнак: “Факты наконт геаграфіі і гісторыі ўражваюць. Ну а наколькі колішні гатэль “Эўропа” адпавядае сёньняшняму сваёй формай?”
Папруга: “Гістарычныя прапорцыю гатэлю неверагодна скажаюцца. Па галоўным фасадзе ён раздуваецца прыкладна на 30 працэнтаў. А па доўгім фасадзе ўздоўж сучаснай вуліцы Леніна і былой Францішканскай удвая скарачаецца…”
Уліцёнак: “Вы шмат працавалі на рэстаўрацыі за мяжой: пры аднаўленьні Ўроцлава, скажам, Кракава там ці Варшавы, Вэнэцыі, самога Рыму такое магчыма?”
Папруга: “Гэтая інтэрвэнцыя ўнікальная ў тым сэнсе, што ніводная краіна сьвету ня мае падобнага спосабу “асваеньня” гісторыка-культурнага аб’екту ці пераасэнсаваньня. А ўсё разам уваходзіць у неверагодны канфлікт і з мэтадалягічнай базай, і з заканадаўствам Беларусі”.
Уліцёнак: “Дарэчы, у вашым пляне рэканструкцыі гораду аднаўленьне “Эўропы” выключалася?”
Папруга: “У межах нашага праекту рэканструкцыі і далейшага разьвіцьця гістарычнага цэнтру Менску мажлівасьць мэтадалягічна апраўданага вяртаньня даўніны да жыцьця застаецца”.