Грамадзкі актывіст з Магілёву Ігар Барысаў, які прыехаў на пахаваньне Ірыны Казулінай на ўласнай машыне, кажа:
“Народ у сваёй бальшыні ведае, што здарылася. Я сустракаўся з многімі людзьмі, прычым, з незаангажаванымі, і ўсе вельмі спачуваюць з гэтай нагоды, такая шчырая салідарнасьць праяўляецца ў іх. Асабіста я сеў у машыну і прыехаў. Ведаю, што два мікрааўтобусы прыехала з Магілёва. Каля дзесятка магілёўцаў я бачыў асабіста, шмат людзей было з Бабруйску, Салігорску, Віцебску, Наваполацку”.
У Горадні актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі 26 лютага замовілі жалобную імшу ў касьцёле за жонку палітыка Аляксандра Казуліна. На набажэнства прыйшлі і каталікі, і праваслаўныя.
Асабліва блізкай сытуацыя вакол сям’і Казуліных стала для Валера Леванеўскага. Спадар Леванеўскі таксама знаходзіўся ў зьняволеньні, калі ў яго памёр бацька. І яго не адпусьцілі на пахаваньне бацькі. Што да Аляксандра Казуліна, спадар Леванеўскі перакананы, што яго выпусьцілі толькі пад ціскам міжнароднай і беларускай грамадзкасьці. І далі па мінімуму – толькі 3 дні адпачынку, хаця маглі паводле заканадаўства даць 7 дзён.
“Асноўная задача ўлады – зламаць волю Казуліна, і таму ўсялякія штучныя перашкоды робяцца спэцыяльна. Я цалкам перакананы, што ў сьмерці Ірыны Казулінай вінаватыя ўлады. Можна было і зараз выкарыстаць акт амністыі, ёсьць шмат спосабаў вызваліць Казуліна, але ўлады на гэта не ідуць пакуль. Гэта ня тое што не па-хрысьціянску, гэта не па-людзку так зьдзекавацца зь сям’і”, гаворыць Леванеўскі.
27 лютага а 6-й раніцы каля дому дзьве міліцэйскія машыны пільнавалі прадпрымальніка са Сьветлагорска Анатоля Зьмітровіча, які зьбіраўся ў Менск на пахаваньне. Міліцыянты спрабавалі ўручыць яму нейкую позву. Зьмітровіч позву ня ўзяў, агародамі адарваўся ад міліцыі і накіраваўся на мікрааўтобусе ў Менск. Але за горадам мікрааўтобус спынілі супрацоўнікі ДАІ. Расказвае Анатоль Зьмітровіч:
“Тармазнулі спачатку – быццам бы кіроўца п’яны, едзем на экспэртызу. Экспэртыза, дарэчы, засьведчыла, што ўсе цьвярозыя. А мяне завезьлі назад, пратрымалі тры гадзіны, дапытвалі пра нейкага прадпрымальніка, якога я наагул ня ведаю – быццам на яго завялі крымінальную справу”
Карэспандэнтка: “Такім чынам, не далі вам даехаць да Менску?”
“Так, я сам проста ў шоку. Ехалі ж не на мітынг. Міліцыя таксама вочы тупіць. Маразм, проста маразм!”
Анатоль Зьмітровіч зьбіраецца накіраваць зварот аб нямэтавым выкарыстаньні сродкаў падаткаплатнікаў на ўтрыманьне міліцыі ў палітычным зыску.