Казулін лічыць, што тая акцыя салідарнасьці, якая адбылася ўчора ў Менску, вельмі моцна паўплывала на рашэньне уладаў. "Таму што людзі ня могуць дазволіць таптаць сьятое, я сёньня тут", -сказаў Казулін зь Менску ў інтэрвію нашай ранішняй праграме. Ён паўтарыў, што ў выпадку яго сям'і рэжым растаптаў самае сьвятое і пераступіў усе каноны. Палітзьняволены паведаміў, што адпушчаны ён на тры дні пад расьпіску аб крымінальнай адказнасьці . У калёнію "Віцьба-3" ён павінен вярнуцца 28 лютага.
На пытаньне, якім яму бачыцца сёлетні Дзень волі, Казулін сказаў, што за свабоду трэба змагацца, ахвяруючы ўсім, бо яна не падае зь неба. Ён лічыць, што беларусы павінны выйсьці і заявіць разам, што яны свабодныя і не жадаюць больш татальнага гвалту ў дзяржаве. Сам Казулін быў арыштаваны 25 сакавіка 2006 году, калі ўзначаліў мірную дэманстрацыю грамадзянаў. Менавіта гэтыя два гады зьняволеньня сталі ракавымі для разьвіцца хваробы яго жонкі і паплечніцы Ірыны.
Пытаньне пра месца пахаваньня Ірыны Казулінай, якое адбудзецца заўтра, яшчэ вырашаецца. Грамадзкае разьвітаньне павінна пачацца сёньня а 20 -й гадзіне ў менскім Чырвоным касьцёле.