Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч мае намер вярнуць гонар і маёмасьць


Мікалай Аўтуховіч, беларускі прадпрымальнік, які нядаўна выйшаў на волю, зьвярнуўся з адкрытым лістом да грамадзян Беларусі, дзе паведамляе аб намеры дамагчыся справядлівасьці , вярнуць свой гонар і канфіскаваную дзяржавай маёмасьць.

Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 14 кастрычніка 2005 года. Яго вінавацілі ў нявыплаце падаткаў і асудзілі да 3 з паловай гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай на прадпрымальніцкую дзейнасьць цягам 5 гадоў. Праз палову тэрміну меру зьняволеньня замянілі на выпраўляльна-працоўныя работы. У адкрытым лісьце да суайчыньнікаў Мікалай Аўтуховіч дзякуе ўсім, хто пісаў яму лісты падтрымкі, пакуль ён быў у калёніі, і паведамляе пра намер вярнуць сабе гонар і маёмасьць, адабраную паводле рашэньня суда. Ён кажа, што ў гэтым намеры ён не адзіны – ёсьць шматлікія паплечнікі.

Для пачатку, кажа сп. Аўтуховіч, ён мае намер абскардзіць прысуд паводле прадугледжанай апісанай законам схемы. Калі гэта не дапаможа, будуць іншыя дзеяньні.

А ці ёсьць намер даказваць сваю рацыю ў іншых палітвязьняў, якія нядаўна выйшлі на волю?

Андрэй Клімаў, асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі за інтэрнэт-публікацыі, быў вызвалены тыдзень таму прэзыдэнцкім указам аб памілаваньні. І лічыць гэта кропкай у канфлікце паміж ім і ўладамі:

“Я і мая сям’я задаволены рашэньнем прэзыдэнта па маім пытаньні. Я не пісаў прашэньня пра памілаваньне. Мяне памілавалі. Гэта значыць, што вычарпаны сам прадмет спрэчкі. Паміж намі ўжо няма ніякіх недагаворанасьцяў паводле тых абвінавачваньняў, што прагучалі ў судзе. А ўлічваючы, што вызваленьне маё безумоўнае, то я не ў прэтэнзіях. "

Стваральнік Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Павал Севярынец быў асуджаны да 3 гадоў абмежаваньня волі (хіміі) за арганізацыю акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. З улікам амністыі тэрмін быў скарочаны да 2 гадоў. На думку Паўла, змаганьне за свае правы - абавязак кожнага хрысьціянскага верніка.«Я асабіста не зьбіраюся перасьледваць тых, хто спрычыніўся да рэпрэсіяў да мяне. З тых жа хрысьціянскіх меркаваньняў: не судзіце – і несудзімы будзеце. Але што тычыцца змаганьня за ўласныя правы –дык гэта абавязак кожнага верніка і грамадзяніна. Хто не адстойвае , той грашыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG