Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавічы: судзяць арганізатараў мітынгу


Судзьдзя Баранавіцкага гарадзкога суду Жана Капачэўская аштрафавала прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса на 1 мільён 50 тысяч рублёў. Яго зьвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу 11 лютага.


Прадпрымальнік Мікалай Чарнавус выступіў сёньня ў судзе з наступнай заявай:

“Мой дзед быў раскулачаны. Дзеда расстралялі. Бацька мой быў на вайне. Калі б ён сёньня быў жывы, то варта было б у яго запытаць: “За што ты змагаўся?!” Сёньня атрымліваецца, што раскулачваюць сына і ўнука”.

Мікалай Чарнавус пераконваў суд, што больш як паўтысячы прадпрымальнікаў з Баранавічаў прасілі яго арганізаваць агульны сход 11 лютага. Улада забараніла гэта зрабіць. Заяўнік вырашыў выканаць волю прадпрымальніцкай грамады.

Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша лічыць, што Мікалай Чарнавус меў на гэта маральнае права:

“Нават савету рынка не давалі магчымасьці правесьці справаздачны сход. Дык што ж гэта такое?! Прадпрымальнікі ж загадзя падалі заяўку. А ім не далі дазволу. Дарэчы, Баранавіцкі гарвыканкам у апошнія два гады нікому не дае дазволы на сходы, мітынгі, пікеты і іншыя акцыі. Улада сама парушае Канстытуцыю! І вось, калі ласка, вынік гэтага”.

У Баранавіцкім судзе сёньня таксама разглядаліся адміністрацыйныя справы супраць прадпрымальнікаў Алега Пашко, Андрэя Макарава і Анатоля Радзько. Аднак суд прызнаў, што зьвесткі міліцыянтаў сфальшаваныя. Пратаколы вярнулі ў Баранавіцкі гарадзкі аддзел міліцыі на дапрацоўку.

“Сёньня старшы лейтэнант міліцыі прызнаўся, што ён атрымаў загад скласьці пратакол.Так і заявіў: “Гэты загад мне дало вышэйшае кіраўніцтва”. А асабіста я гэтага чалавека бачу ўпершыню”, - гаворыць Алег Пашко.

Таксама сёньня стала вядома, што ў Баранавічах прадпрымальнікі падалі ў гарвыканкам заяўку на правядзеньне калектыўнага сходу 28 лютага. Тлумачыць заяўнік акцыі Мікалай Чарнавус:

“Трэба нам аб’ядноўвацца — ствараць свой прафсаюз. Трэба заяўляць пра гэта на сходзе. Мы ж тут у Баранавічах маем ажно пяць тысяч прадпрымальнікаў, а ў Свабодным прафсаюзе — толькі 125 сябраў”.

Паведаміў лідэр баранавіцкіх прадпрымальнікаў Мікалай Чарнавус. Нагадаю, што 11 лютага ў Баранавічах адбыўся несанкцыянаваны мітынг прадпрымальнікаў супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760. Паводле Мікалая Чарнавуса, удзельнічалі ў акцыі каля двухсот прадпрымальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG