Адбылася онлайн-канфэрэнцыя са старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанай Літвіной.
Ацэньваючы становішча са сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі, у інтэрвію Свабодзе Жана Літвіна сказала:
“На сёньня можна казаць пра чатыры новыя фактары. Гэта вяртаньне ў сыстэму распаўсюду "Народнай волі" і "Нашай Нівы", гэта правядзеньне публічных "круглых сталоў" (адзін прысьвечаны праблеме Інтэрнэту, другі -- прысьвечаны Закону аб СМІ. Трэці момант - увядзеньне заяўнага прынцыпу перарэгістрацыі газэтаў, і чацьвёртае -- на сёньня прыпыненая распрацоўка праекту пастановы ўраду па дзяржаўным рэгуляваньні Інтэрнэту. Гэта мы маем у сваім патэнцыяле. І расцэньваем мы гэта як крокі ў накірунку выкананьняў рэкамендацыяў Эўразьвязу. Казаць пра нейкія сыстэмныя, радыкальныя зьмены са свабодай слова, канешне, не даводзіцца. Тое, што сёньня робіць улада - гэта, у большасьці, крокі вымушаныя, але ёсьць надзея на зьмены сытуацыі, і таму я лічу, што журналісцкая супольнасьць павінна проста выкарыстаць сытуацыю і рухацца наперад у рэалізацыі сваіх патрабаваньняў”.