Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Шыла


3 чэрвеня сёлета Іван Шыла абсалютна беспадстаўна і супрацьзаконна быў выключаны са школы напярэдадні апошняга экзамэну.

17-гадовы Іван Шыла - звычайны падлетак, жыве разам з бацькамі і братам у звычайнай аднапакаёвай кватэры. Любіць гісторыю. Як і іншыя аднагодкі, неабыякавы да футболу, цікавіцца Інтэрнэтам, глядзіць МТV. Бацькі – тыповыя прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі. Маці Сьвятлана працуе інжынэрам у праектным інстытуце. Бацька Ўладзімер займаецца прадпрымальніцтвам у будаўніай сфэры. Малодшы брат Ільля зьяўляецца капітанам юнацкай каманды ФК “Шахтар”.

Іванаў бацька зьяўляецца сталым ўдзельнікам апазыцыйных акцый і мітынгаў з пачатку 90-х. Самаму Івану сутыкнуцца з грамадзка-палітычнай дзейнасьцю давялося яшчэ на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году.

Прэзыдэнцкая кампанія 2006 году стала пераломнай у лёсе Івана. Знаёмства з “Маладым Фронтам”, са Зьмітром Дашкевічам, удзел у першых Днях Салідарнасьці, пікеты ў падтрымку Мілінкевіча, першыя затрыманьні, выклікі да дырэктара школы, допыты ў КДБ і, нарэшце, Плошча. Пяць дзён у намётавым мястэчку разам з бацькай і братам. 10 сутак арышту для бацькі і новы пэрыяд змаганьня для сына...

На рахунку Івана - дзясяткі затрыманьняў і адміністратыўных пратаколаў, безьліч гутарак са школьным кіраўніцтвам, допыты ў пракуратуры й КДБ. Усё гэта - за дзясяткі акцыяў і пікетаў, тысячы распаўсюджаных улётак і газэт.

XS
SM
MD
LG