Форум

Алег Гулак

Радыё Свабода
13.05.2008

Алег Гулак нарадзіўся ў 1967 годзе ў Жылічах Кіраўскага раёну на Магілёўшчыне. У 1989 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Працаваў юрыстам на “Інтэграле”, з 1996 году – у Беларускім Хэльсынскім Камітэце. Стварыў суполку БХК у Пінску, з 2002 году – выканаўчы дырэктар арганізацыі.
 
Беларускі Хэльсынскі Камітэт быў заснаваны ў 1995 годзе з ініцыятывы Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Янкі Брыля, Карласа Шэрмана ды іншых вядомых пісьменьнікаў і грамадзкіх дзеячаў. Старшынёй БХК з 1995 году зьяўлялася Тацьцяна Процька, 11 траўня г.г. на сходзе прадстаўнікоў БХК яна заявіла пра сваю адстаўку.
 
У інтэрвію “Свабодзе” новаабраны старшыня БХК Алег Гулак сказаў: “Наш агульны падыход такі, што ня трэба нешта мяняць радыкальна. Галоўныя накірункі застаюцца: гэта маніторынгі, прававая дапамога, аналітыка. Так, зьмяняюцца ўмовы, і мы карэктуем нашу працу. Трэба больш рабіць маніторынгаў, вывучаць праблемы, каб ня толькі крытыкаваць, а і прапаноўваць, як зрабіць лепш”.

Гэтая дыскусія закрытая.

Камэнтары 1-11 (з 11)
 
Імя:: Николай Петрушенко Горад:: Толочин
13.05.2008 17:06

Поздравляю с избранием и желаю успехов.
Намерен ли БХК при Вашем руководстве осуществить давно задуманное - мониторинг судебной системы республики.
По сведениям, которыми я располагаю, сами судьи заинтересованы в объективном исследовани их стиля работы со стороны.
Так же хочу проинформировать Ваас о том, что военкоматы республики в нарушение Закона о политических партиях ст. 3 выдают призывникам анкеты в которых просят указать принадлежность родителей к политическим партиям...
Намерены ли Вы потребовать от Министерства обороны прекратить нарушать Конституцию и Закон...
С коммунистическим приветом: член ПКБ Николай Петрушенко

13.05.2008

Па-першае, дзякуй за віншаваньн і добрыя словы. Што тычыцца маніторынгу судовай сыстэмы. Дык БХК заўсёды надзяляў вялікую увагу гэтаму пытаньню і праблеме судовай вытворчасьці. Справа ў тым, што ў дэмакратычных краінах менавіта суд ёсьць галоўны мэханізм, галоўны інструмэнт забесьпячэньня і аднаўленьня правоў чалавека. І праблема права на справядлівы суд – пытаньне вельмі аб’ёмнае і мае шмат складнікаў. Тут можна пачынаць з таго, наколькі грамадзянам зручна карыстацца судом. Напрыклад, ці зручна дабірацца да суда, ці можна ў судзе атрымаць элемэнтарную інфармацыю. Ці можа наведвальнік суда элемэнтарна скарыстацца прыбіральняй? А ўрэшце рэшт, мы таксама правінны казаць і пра глабальную праблему – праблему незалежнасьці судовай улады. Напрыклад, сёньня судзьдзі прызначаюцца на сваю пасаду толькі са згоды кіраўніка мясцовай вэртыкалі. Канешне, вельмі цяжка чакаць справядлівага суда, калі падаеш скаргу на дзеяньні дзяржаўных органаў. І кожная са складнікаў гэтай агульнай праблемы можа быць вывучаная, можна выпрацаваць рэкамэндацыі па іх. Гэта вялікая і няпростая праца. І БХК будзе сыстэмна працаваць у гэтым накірунку, і выпрацоўваць свае рэкамэндацыі, як гэтыя праблемы трэба вырашаць. Наконт ваенкаматаў. Канешне, па-першае, нам трэба паглядзець гэтую анкету, як там гэтае пытаньне сфармулявана. І бузумоўна, калі там закладзена парушэньне правоў чалавека, у такіх выпадках БХК рэагуе і зьвяртаецца ў дзяржаўныя органы з патрабаваньнем выправіць сытуацыю. І мы адкрыты да супрацоўніцтва па такіх выпадках – калі ласка, давайце інфармацыю, і мы гатовыя разам працаваць для вырашэньня праблемы.


Імя:: Ірына
13.05.2008 18:02

Патлумачце калі ласка. што адбылося з вашай папярэдніцай сп. Процькай - чаму зышла і што цяпер робіць?

13.05.2008

На гэтае пытаньне я не змагу адказаць лепей, чым сама Тацьцяна Сяргееўна. Яна давала разгорнуты публічны адказ у інтэрвію журналісту Тамковічу. Тэкст можна знайсьці на сайце nmnby.org. У двух словах – яна выказала сваю пазыцыю, што трэба абнаўляць кіраўніцтва, ка прыходзілі маладыя людзі, у якіх няма цяжару паразаў. Акрамя таго, ёсьць сямейныя прычыны. Але Тацьцяна Процька застаецца ў нашай арганізацыі і будзе працягваць працу. Безумоўна, БХК зацікаўлены, каб яе досьвед, яе думкі, яе патэнцыял быў скарыстаны на карысьць нашай агульнай праваабарончай справы.


Імя:: Алесь Горад:: Менск
13.05.2008 22:01

Спадар Алег, як Вы лічыце, ці будуць тыя, хто зараз зьбівае людзей на акцыях, выносіць несправядлівыя прысуды і г.д. несьці адказнасьць за свае дзеяньні?

13.05.2008

Я лічу, што у жыцьці зло заўсёды будзе пакарана. Гэта такі агульначалавечы маральны падыход, не юрыдычны. Калі ж казаць пра юрыдычны бок пытаньня, дык я ўпэўнены, што тыя, хто незаконна і найбольш жорстка дзейнічаюць, парушаючы правы чалавека, будуць несьці юрыдычную адказнасьць. Але трэба ўлічваць, што такая адказнасьць будзе тады, калі суды будуць судамі. Але ж праваабаронцы будуць выконваць свае абавязкі і абараняць права гэтых злачынцаў і нягоднікаў на справядлівы суд. Хачу зьвярнуць увагу, што я бачу сваю галоўную мэту перш за ўсё тым, каб дапамагаць усталёўваць сыстэму, пры якой такія брутальныя парушэньні былі наогул немагчымыя. І пакараньне, канешне, нясе выхаваўчую функцыю, але ўсё ж такі пакараньне – гэта не галоўнае, гэта не панацэя. Важна стварыць такую сыстэму, каб гэтага не паўтаралася.


Імя:: Улад
14.05.2008 13:01

Якія шанцы прыцягнуць да крымінальанй адказнасьці беларускіх дзяржаўных асобаў -- па прыкладу Мілошэвіча, ці аргентынскай хутны, чылійскай?

14.05.2008

Хачу ізноў жа сказаць, што прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці – ня ёсьць самамэта. Дзякуй Богу, што ў нас няма тых ахвяраў, што былі на сумленьні Мілошавіча ці аргентынскай і чылійскай хунтаў. І а крымінальнай адказнасьці павінны быць і будуць прыцягнутыя людзі, віна якіх у злачынствах будзе даказаная. І, адпаведна з законам, такія людзі будуць адказваць, калі беларуская прававая сыстэма будзе здатная дзейнічаць у межах закону.


Імя:: Павал Горад:: Магілёў
14.05.2008 13:09

Ці мае БХК кантакты з аўтарытэтнымі міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, і з якімі канкрэтна?

14.05.2008

На гэта пытаньне можна адказаць адназначна станоўча. З усімі аўтарытэтнымі міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі БХК мае кантакты і партнэрскія сувязі. Гэта і Human Right Watch, і Міжнародная Амністыя, і Фэдэрацыя правоў чалавека. І Артыкул 19. і іншыя.


Імя:: Мікалай
14.05.2008 13:14

Ці ўдалося супрацоўнікам Гэльсінскага камітэту рэальна каго-небудзь уратаваць ад прысуду, перасьледу?

14.05.2008

Так, такіх выпадкаў, калі наша дзейнасьць прынесла рэальныя выпадкі для канкрэтных асобаў, за дванаццаць гадоў нашай дзейнасьці хапае. Найбольш я ганаруся тым, што некалькі гадоў таму мы змаглі ўратаваць чалавека ад сьмяротнага пакараньня, скарыстаўшы працэдуры па Камітэту па правах чалавека ААН. Хаця, канешне, заўсёды хочацца бачыць сваю працу яшчэ больш эфэктыўнай.


Імя:: СВіслач
14.05.2008 13:24

Сп Алег, ці не дублюе ваш камітэт Вясну і да тп Чаму м б вам усім не аб"яднацца ў адну арганізацыю?

14.05.2008

Канешне, нашая дзейнасьць вельмі падобная, таму што ўсе мы займаемся абаронай правоў чалавека. І ў нас вельмі добрыя стасункі з рознымі праваабаронцамі, і мы часта працуем у цесным партнэрстве. Аднак у тым і адметнасьць, у тым і сэнс, што мы , робячы адну справу, можам яе рабіць з розных бакоў, крыху рознымі спосабамі, з крыху іншым бачаньнем. І гэта, на маю думку, робіць нашу працу больш эфэктыўнай і карыснай для грамадзтва.


Імя:: Игорь
14.05.2008 13:27

Что реально можно сделать в условиях сегодняшней конституции и власти? Как можно реально защитить права самому человеку?

14.05.2008

Рэальна сёньняшняя Канстытуцыя і заканадаўства прадугледжваюць даволі шмат мэханізмаў і магчымасьцяў для абароны чалавекам сваіх правоў. Гэта і падача скаргаў у дзяржаўныя ворганы, выкарыстаньне магчымасьцяў і кампэтэнцыі пракуратуры, іншых спэцыяльных кантрольных органаў. І, урэшце рэшт, суд. Калі чалавек недастаткова падрыхтаваны ў прававым сэнсе, існуе адвакатура, якая павінна дапамагаць людзям абараняць свае правы. Канешне, мы можам канстатаваць, на практыцы гэтая сыстэма не працуе эфэктыўна, асабліва калі гаворка ідзе пра палітыку. А палітыка вельмі шырока сёньня трактуецца. Важна перш за ўсё мець жаданьне адстойваць свае правы, мець гонар і годнасьць, крыху пачытаць кніжкі, зьвярнуцца па парады да юрыстаў. І паверце, нават у сёньняшніх умовах можна шмат чаго дамагацца. Асабліва калі аб’ядноўваць свае намаганьні з іншымі людзьмі, якія трапілі ў падобныя сытуацыі. Калі ж нічога не рабіць – тады не абаронішся.


Імя:: ВОльга
14.05.2008 13:28

Cп. гулак, як скончылася гісторыя з падаткамі на грант? Заплацілі?

14.05.2008

Не, не заплацілі. Гэтая гісторыя яшчэ ня скончылася. На сёньняшні дзень мы павінны больш за 170 мільёнаў беларускіх рублёў. Але мы па-ранейшаму не прызнаем законнасьць гэтага судовага рашэньня. Падаецца, што абсурднасьць сытуацыі разумеюць і дзяржаўныя ворганы. Таму нядаўна Мінюст адклікаў свой зыск з Вярхоўнага суда аб прыпыненьні дзейнасьці БХК за падаткавыя парушэньні. Зараз мы працягваем спрабаваць вырашыць гэтае пытаньне і спадзяемся, што гэта нам удасца.


Імя:: Валянцін
14.05.2008 13:52

Сп. Гулак, як далучыцца да БХК?

14.05.2008

Адказ просты – патэлефанаваць і прыйсьці. І потым можна неяк абмяркоўваць агульныя пляны. БХК мае сваіх прадстаўнікоў ва ўсіх рэгіёнах краіны, ва ўсіх буйнейшых гарадах краіны. Але паколькі аўтар пытаньня ня піша, дзе ён жыве, магу даць тэлефоны менскага офісу, куды можна пазваніць – 222-48-00 і 222-48-01. Падрабязней можна даведацца пра нашу працу на нашым сайце belhelkom.org. Канешне, мы рады супрацоўніцтву з асобамі і арганізацыямі, якія падзяляюць нашы мэты і каштоўнасьці.


Імя:: Вэб-рэдактар Горад:: Прага
14.05.2008 15:41

Завяршаем онлан -- канфэрэнцыю.

14.05.2008

Жадаю слухачам Свабоды і наведнікам сайту быць, перш за ўсё, свабоднымі. Жадаць гэтай свабоды, змагацца за яе, дамагацца яе і, у выніку, дамагчыся!

Камэнтары 1-11 (з 11)