Форум

Івонка Сурвіла

Радыё Свабода
18.03.2008

Старшыня Рады БНР Iвонка Сурвіла (Шыманец) нарадзілася ў 1936 годзе ў Стоўпцах. З 1944 годуу эміграцыі. Жыла ў Францыі‚ Даніі‚ Гішпаніі. Цяпер жыве ў Канадзе. Мае дзьвюх дачок.

Скончыла вышэйшую Мастацкую Школу ў Парыжы‚ пазьнейлінгвістычнае аддзяленьне Сарбонскага Ўнівэрсытэту (1959).

Акрамя
роднае мовы‚ валодае яшчэ васьмю: францускай‚ гішпанскай‚ ангельскай‚ нямецкай‚ дацкай‚ лацінскай‚ нарвэскай‚ польскай.

У 1958-1965 гадох працавала ў беларускай рэдакцыі Гішпанскага Нацыянальнага Радыё. З 1969 году і да апошняга часу працавала англа-францускім перакладчыкам у Фэдэральным Урадзе Канады.

Займалася жывапісам‚ удзельнічала ў мастацкіх выставах.

У 1989 годзе арганізавала Канадзкі Фонд Дапамогі Ахвярам Чарнобыля ў Беларусі і заставался яго кіраўніком да моманту абраньня Старшынёю Рады БНР.

Гэтая дыскусія закрытая.

Камэнтары 1-14 (з 14)

Імя:: БР
18.03.2008 20:11

Вы так часто употребляете в отношении БНР слово "легитимность", что создаётся впечатление, что вы совершенно не знаете значение данного термина. Просветите нас, когда белорусские граждане путём выборов или референдумов выражали желание создать независимое государство (а только в этом случае можно говорить о легитимности).

18.03.2008

Рада БНР ёсьць беспасярэднім пераемнікам паўнамоцтваў тае Рады, якая была абраная Усебеларускім з’ездам і якая абвясьціла Незалежнасьць Беларусі. Яна была голасам тых 1872 дэлегатаў, абраных у розных рэгіёнах і рознымі слаямі насельніцтва. Гэтыя дэлегаты былі разагнаныя бальшавікамі 31 сьнежня 1917 году, таму што бальшыня іх выказалася за Незалежнасьць. Цяпер радныя абіраюцца беларускай дыяспарай, і яны выбіраюць Старшыню Рады. Хацелася б, каб так свабодна і дэмакратычна праводзіліся выбары ў Беларусі – бяз фальсыфікацыяў і іншых таталітарных мэтадаў. Таксама немагчыма назваць “рэфэрэндумам” тое, што праводзіць у Беларусі Лукашэнка.. Цяпер пра Вашыя словы, што нібыта беларусы ніколі не выказаліся шляхам выбараў ці рэфэрэндуму за незалежную дзяржаву. У 1991 годзе Вярхоўны Савет 12 скліканьня, абраны у 1990 годзе (у якім, нагадаю, значную частку складалі камуністы) і чыя легітымнасьць у той час не ставілася пад сумнеў – прагаласаваў за аднаўленьне Незалежнасьці Беларусі. Што да вынасу пытаньня аб Незалежнасьці на рэфэрэндум – дык патрэбы ў гэтым не было д ля нацыі, якая мае засабой тысячагадовую гісторыю і стагодзьдзі змаганьня за Незалежнасьць. Гэтак жа, як не было патрэбы праводзіць рэфэрэндумы аб незалежнасьці, напрыклад, Гішпаніі, Францыі, Нямеччыны, Польшчы ды іншых краінаў.

Імя:: Чытач
19.03.2008 13:12

Што для Вас было найбольш цяжкім у працы над кнігай успамінаў?

19.03.2008

Найбольш цяжка даваліся успаміны пра вайну. Перажыла ізноў тыя страшныя моманты, калі жыцьцё вісела на валаску. Напрыклад, калі ва Ўсходняй Прусіі на беразе мора нас абстрэльвалі самалёты, мы ляжалі на пяску, і кулі траплялі літаральна між пальцамі. Пасьля кожнага абзацу пра вайну мусіла рабіць перапынак, каб прыйсьці ў сябе. А іншае пісалася з вялікай прыемнасьцю.

Імя:: Уладзімер Горад:: Берасьце
19.03.2008 13:56

Хто з дзейнічаючых беларускіх палітыкаў Вам больш імпануе? Пры якіх умовах Вы можаце наведаць Беларусь? З павагай, Уладзімер.

19.03.2008

Шаноўны Уладзімер! Рада БНР ня ёсьць партыяй. Яна падтрымоўвае ўсіх палітыкаў, якія стаяць на пазыцыях Незалежнасьці Беларусі і Акту 25 Сакавіка. І таму ня буду называць таго ці іншага палітыка. Мушу сказаць, аднак, што я захопленая шмат якімі апазыцыйнымі беларускімі лідэрамі, іхняй мужнасьцю і ахвярнасьцю ў страшэнна цяжкіх умовах. Вельмі перажываю, калі чую, што кагосьці кідаюць у турмы. У такіх выпадках я і мае калегі па Радзе БНР зьвяртаемся да ўрадаў краінаў, дзе мы жывем, з просьбай паўплываць на дыктатара. Адносна магчымасьці наведаць Беларусь – я ўжо недзе казала, што аднойчы менскі амбасадар сказаў, што каб я напісала да Лукашэнкі, дык ён, напэўна, даў бы мне візу. Уважаю такую прапанову зьняважлівай.

Імя:: Сяргей Горад:: Вільня
19.03.2008 15:00

Маё пытанне датычыцца вашае стаўляння да ўвядзення ўрадам Польшчы Карты паляка. Відавчна, што з тое нагоды, што заходняя частка Беларусі да 39-ага году знаходзілася ў складзе Польшчы, якая праводзіла палітыку паланізацыі, многія нашы суайчыннікі моюць дакуманты, якія сведчаць аб тым, што хтось зь іх продкаў — паляк. Такім чынам многія, кіруючыся перш за ўсё эканамічнымі матывамі (з Картай танней наведваць Польшчу, а можна там і працаваць), захочуць стаць "палякам". Прычым, з аднаго боку іх можна зразумець: на сам рэч яны робяць выбар не паміж Беларуссю і Польшчай, а паміж Расеяй і Эўразвязам. Але з іншага боку можа так стацца, што рэзка ўзросшая колькасць "палякаў" апынецца праблемай. Відавочна, што цяперашняя дзяржсістэма будзе ўсяляк супрацьстаяць сацыяльнай групе, якая мае зашмат блізкія стасункі з Захадам. Польшчай гэта будзе разглядацца як парушэнне правоў чалавека на падставе нацыянальнасці. З дапамогай Эўразвязу, які канешне ж будзе патакаць Польшчы, гэта можа быць раздута да вельмі вялікай праблемы. Канешне тут трэба разумець, што праблема перш за ўсё ў самой Беларусі. Калі б мы, як і краіны Балтыі ці хаця б Украіна, малі палітычную арыентацыю на нацыянальныя каштоўнасці і Эўропу, ніхто б станавіцца "палякам" не збіраўся. Але мы маем тое, што маем. І мне цікавыя вашыя думкі на гэты конт менавіта ў гэтым кантэксце.

19.03.2008

Калі Вы маеце рацыю, дык страшэнна сумна, што беларусы ў сваёй уласнай краіне вымушаныя сябе называць палякамі, каб было лягчэй жыць Сумна дзелі іх, і сумна – дзеля краіны. Магу тут толькі выказаць надзею, што прыйдзе час, калі ня будзе такой патрэбы, і калі кожны грамадзянін Беларусі будзе ганарыцца звацца беларусам.

Імя:: Рыгор
19.03.2008 15:57

вашае стаўленьне да "Маладога Фронту" і ягонага выхаду з АДС?

19.03.2008

Захапляюся мужнасьцю юнакоў і дзяўчат з “Маладога Фронту”. Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча прыгадваю ў сакавіцкім прывітаньні беларускаму народу. Я, безумоўна, жыву спадзяваньнем, што ўсе незалежніцкія партыі , пры іх адрозьненьнях, знойдуць супольную мову, бо толькі тады будзе магчымай перамога дэмакратыі над дыктатурай.

Імя:: Кастусь Горад:: Вільня
19.03.2008 21:24

Добры дзень. У мяне больш нефармальнае пытанне. Раскажыце калі ласка як Вы будзеце святкаваць 90-годдзе БНР. Як першы раз яго святкавалі і якія былі пачуцці. Я вучуся ў Вільні. Ці не збіраецеся Вы ў Літву са сваёй новай кнігай? Адразу вялікі дзякуй.

19.03.2008

Пакуль што, у бліжэйшы час, ў Літву прыехаць не магу, хаця і маю запрашэньне і мела намер гэта зрабіць, бо хацела б, акрамя іншага, павіншаваць з юбілеем цудоўнага беларуса Хвёдара Нюньку. Але справа ў тым, што мушу прысутнічаць на імпрэзах, якія былі даўно заплянаваныя і на якіх я паабяцала быць, і перанесьці тут ужо нешта немагчыма. Усе яны зьвязаныя з 90-мі ўгодкамі БНР. Бліжэйшыя дні правяду ў Празе. А першае сьвяткаваньне 25 сакавіка, якое добра памятаю, было ў 1948 годзе ў горадзе Кольдынгу, у Даніі, перад выездам нашай сям’і і іншых беларусаў ў Францыю. Былі там таксама дацкія госьці. Як заўсёды, гучалі даклады, вершы і лунаў Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.

Імя:: Беларус
19.03.2008 22:57

Што сёння рада БНР робіць у Беларусі?

19.03.2008

Рада БНР бароніць Незалежнасьць Беларусі. Спадзяюся, што Рада адыгрывае тую ролю, пра якую ў свой час казаў Васіль Быкаў.

Імя:: Сяргей Горад:: Піншчына
20.03.2008 00:50

Вы чалавек ва ўзросьце, ці часта думаеце пра сьмерць і што будзе пасьля? Ці няма жаданьня спачыць на роднай зямлі?

19.03.2008

Спачыць на роднай зямлі – ёсьць вялікае жаданьне. Але муж мой Янка пахаваны ў Канадзе, і калі я думаю пра тое, пра што Вы кажаце – уяўляю, што буду побач зь ім. Калі б мы абодва спачывалі ў Беларусі -- гэта было б ідэальна. І ён пра гэта марыў...

Імя:: Николай Горад:: Санкт-Петребург
20.03.2008 03:07

Во-первых, искренне поздравляю Вас с наступающим юбилеем - 90-ем БНР.
Интересно узнать, какие мероприятия, посвященные 90-ю БНР, состоялись (идут сейчас) среди диаспоры в Канаде, США, странах Европы, Австралии?
Также интересно узнать, имеются ли в США , Канаде, других странах научные центры, где изучают Беларусь (как, например, центры по украинистике - Канадский институт украинских студий Альбертского университета или Центр украинских исследований в Гарварде), а также где хранятся документы по истории диаспоры (например, документы по русской эмиграции есть в Стэнфорде, Колумбийском университете; украинские коллекции (борьба УПА) - при Торонтском ун-те и тд) : архивы БНР, послевоенной эммиграции, воспоминания и другой интереснейший для историков материал?
С наилучшими пожеланиями дождаться свободной и демократической Беларуси. Жыве Беларусь!!!

20.03.2008

90-ыя ўгодкі БНР шырока адзначаюцца ва ўсім сьвеце там, дзе жывуць Беларусы – у краінах Эўропы, у ЗША. Канадзе, ў Аўстраліі. Пералік іх ўзяў бы шмат часу, інфармацыя пра гэта даступная ў Інтэрнэце і яе лёгка знайсьці, наведаўшы сайты дыяспары. Канешне, мы ўважаем, што галоўныя падзеі павінны адбыцца на Бацькаўшчыне. Наконт цэнтраў беларусістыкі. Больш як паўстагодзьдзе ў Нью-Ёрку працуе Беларускі Інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ). Таксама з 1967 году працуе БІНІМ у Канадзе, які я, між іншым, ўзначальвала некалькі гадоў. У Лёндане дзейнічае ўсім вядомыя Скарынаўская бібліятэка і музэй, дзе таксама вядуцца дасьледаваньні. Усе гэтыя ўстановы маюць багатыя архівы. У красавіку ў ЗША будзе афіцыйна адкрыты Цэнтар беларускіх дасьледваньеняў ў штаце Канзас. Яго мэтай таксама ёсьць збор беларускай калекцыі, выдавецкая і навуковая дзейнасьць.

Імя:: Сяргей Івановіч Горад:: менск
20.03.2008 11:38

Дзень добры, спадарыня Івонка!
Адкажыце, хто на вашу думку самы перспэктыўны палітык ў Беларусі цяпер?
Выкажыце свае стаўленьня да камуніста Калякіна. Нехта кажа, што ён дэмакратычны камуніст, але пры гэтым ускладае кьветкі помніку леніна і ня прызнае існаваньне БНР. для яго дзяржава прататып - БССР!

20.03.2008

Часам я чытаю, што цяперашняму кіраўніку Беларусі няма альтэрнатывы. Гэта абсурд , каб 10-ці мільённы народ ня меў каго іншага, хто мог бы кіраваць краінай У Беларусі шмат пэрспэктыўных палітыкаў, не хацелася б вылучаць кагосьці аднаго. Шмат каго зь іх уяўляю на чале краіны. Перакананая, што яны здольныя прывесьці Беларусь да росквіту. Адносна пытаньня пра спадара Калякіна. Тыдзень таму ён прысутнічаў ў Страсбургу, у Эўрапарлямэнце на Беларускім тыдні ў гонар 90-ых угодкаў БНР. Магчыма, гэтым ён выказаў сваё стаўленьне да БНР? Што да Леніна, дык я б не клала кветак да ягонага помніка, гэта факт. Ленін ня быў прыяцелем беларускага народу.

Імя:: Алена Горад:: Менск
20.03.2008 12:12

У Вашай кнізе Вы пішаце шмат пра беларускіх жанчын. А якую ролю жанчыны ўвогуле маглі б адыграць ў лёсе краіны?

20.03.2008

Жанчыны маглі б адыграць вялікую ролю ў змаганьні за вольную. Дэмакратычную, эўрапэйскую Беларусь. Як і ў кожнай краіне, насельніцтва складае ў Беларусі болей жанчынаў, чым мужчынаў. Гэта значыць, што калі б жанчыны пажадалі, маглі б зьмяніць лёс краіны. Да гэтага, ў Беларусі шмат жанчын папросту выдатных, разумных і энэргічных. Ведаю, што яны клапоцяцца пра тое, каб забясьпечыць штодзённае жыцьцё сваім дзецям. Але лепшую будучыню сваім дзецям яны забясьпечаць толькі ў вольнай дэмакратычнай і эўрапейскай Беларусі. Я перакананая, што, як казаў Караткевіч – “і адзін можа”. Дык моцна разьлічваю на актыўны ўдзел жанчын у беларускім жыцьці.

Імя:: Раман Горад:: Менск
20.03.2008 12:17

Добры дзень!Якое ваша стаўленне да А. Казуліна як палітыка?Ці ўяўляеце сабе яго ў якасці прэзыдэнта Беларусі? З надыходзячымі вас святамі! Раман

20.03.2008

Я падпісала ліст за наданьне Аляксандру Казуліну прэміі Эўрапарлямэнту імя Андрэя Сахарава. Ён чалавек мужны і шчыра верыць у свае сілы. Спатыкалася ў Страсбургу з ягонай дачкой Вольгай, цудоўнай разумнай жанчынай, якая шмат робіць для вызваленьня свайго бацькі. Гэта, між іншым, робім і мы. Але выказвацца пра будучых кандыдатаў (якіх бы ні было) мне як Старшыні Рады БНР не выпадае.

Імя:: БР
20.03.2008 12:23

А как насчёт референдума о сохранении СССР. Вам напимнить, сколько белоруссов проголосовало за сохранение СССР?

20.03.2008

Пэўна, Вы маеце на ўвазе так званы “гарбачоўскі” рэфэрэндум у сакавіку 1991 году? Дык нагадаю Вам, што ў Беларусі ён прайшоў з парушэньнямі, зафіксаванымі прадстаўнікамі БНФ і дэмакратычных партыяў. Пра волевыяўленьне волі народа казаць не выпадае і таму, што тады апанэнты захаваньня імпэрыі не былі дапушчаныя да сродкаў масавай інфармацыі і не маглі выкласьці свае аргумэнты. У тэлеэфіры адмовілі нават дэпутатам Вярхоўнага Савету з ліку Апазыцыі БНФ, хаця яны мелі на гэта права паводле закону. Гэта была такая ж нелегітымная акцыя, як, напрыклад, і лукашэнкаўскія “рэфэрэндумы”.

Імя:: Вэб-рэдактар Горад:: Прага
20.03.2008 12:26

Завяршаем нашую онлайн-канфэрэнцыю.

20.03.2008

Я моцна веру, што яшчэ пабачымся ў вольнай Беларусі, дзе будзе паважацца беларуская мова, будзе квітнець нацыянальная культура, і дзе ўсе ідэалы Акту 25 сакавіка стануцца рэчаіснасьцю. Жадаю ўсім слухачам Свабоды і наведнікам вэб-сайту Радасна правесьці нашае вялікае сьвята 25 Сакавіка і надыходзячы Вялікдзень. Жыве Беларусь!

Камэнтары 1-14 (з 14)