Форум

Сяргей Будкін

Радыё Свабода
29.01.2008

Сяргей Будкін – нарадзіўся 23.02.1982 году. Скончыў школу з музычна-харавым ухілам і факультэт журналістыкі БДУ. Абараніў на "выдатна" дыплёмную працу "Праблемы беларускага шоў-бізнэсу ды іх асьвятленьне ў пэрыёдыцы".
 
У 2005 годзе скончыў Беларусі калегіюм па спэцыяльнасьці "журналістыка". Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Друкаваўся з 1999 году ў газэтах "Беларуская маладзёжная", "Згода", "Белорусская деловая газета", "Салідарнасьць", часопісе "Мастацтва" ды інш.
 
Укладальнік і адзін з аўтараў кнігі "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу". Выступаў у якасьці суарганізатару шэрагу музычных акцый, сярод якіх "Рок-рэвалюцыя" з удзелам N.R.M. (Вільня, 16.03.2006) і канцэрта памяці Анатоля Сыса ў Чырвоным касьцёле (Менск, 3.11.2007). Сябра журы фэстывалю "Рок-Кола", Полацак (2003-2007). Прадусар цырымоніі "Рок-Каранацыя" (2005-2007). Музычны аглядальнік газэты "Наша Ніва".
 
30 студзеня 2008 года – прэзэнтацыя трэцяй па ліку складанкі "Прэм'ер Тузін", куды ўвайшлі 42 лепшыя беларускамоўныя песьні мінулага году.

Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-20 (з 20)
 
Імя:: Slaver Горад:: Менск
29.01.2008 21:18

Сяргей, ты ніколі не жадаў займацца аўтамадэлізмам?

29.01.2008

Не маё, аддаю перавагу больш цікавым як для мяне справам:)


Імя:: фанат
29.01.2008 21:47

Вашыя адносіны да паходу нашых рок-ідалаў у адміністрацыю прэзыдэнта.

29.01.2008

Сам факт сустрэчы наўрад ці можа выклікаць нейкія нараканьні. Патрэба высьветліць, на якім сьвеце знаходзіцца беларускі рок вісела ў паветры больш за тры гады. Адзіная бяда, што музыкі між сабой не скаардынаваліся, не дамовіліся што канкрэтна казаць грамадзкасьці, з чаго і ўсчаўся вэрхал. Але ў дадзенай сфэры па выніку кожнае абмеркаваньне, кожная спрэчка, а тым больш скандал - толькі на карысьць музыкам.


Імя:: Ivan
30.01.2008 00:08

Сяргей, ці не падаецца Вам, што на Тузіне звычайна выйграюць гурты, якіх нармальны чалавек слухаць ня будзе. А неблагія песьні вышэй за перадапошняе месца не ўзьнімаюцца? Можа адлік лепей весьці з канца "турнірнай" табліцы? Дзякуй.

29.01.2008

Неаднойчы казалася пра тое, што месцы ў "турнірнай табліцы" -- вялікая ўмоўнасьць. Музыка -- ня спорт. Галоўная задача чарту на ТГ - знаёміць слухачоў з самымі сьвежымі, актуальнымі і цікавымі кампазыцыямі. Мае ж асабістыя густы таксама даволі часта не адпавядаюць выбару наведнікаў, але кожнаму сваё – “Таварыш Маўзэр” кранае сэрцы нашай аўдыторыі куды болей за “Камэрату”, гэта аб'ектыўная дадзенасьць:). Вялікая роля, заўважце, і ў згуртаванасьці прыхільнікаў таго ці іншага выканаўцы. У таго ж “Маўзэра” - і сайт, і фэн-кам'юніці ёсьць, а ў “Камэраты” - толькі працоўны кабінэт у філярмоніі...


Імя:: roker
30.01.2008 00:44

каго з сённяшніх рок-гуртоў можна было б прадставіць як аблічча Беларусі?

29.01.2008

У рэдакцыі ТГ часьцяком пра гэта пытаюцца, асабліва замежныя прадусары. Летась мы адказалі арганізатарам літоўскага фэсту be2gether, што гэта могуць быць Iq48, NRM і "Ляпіс Трубяцкой". Самае цікавае, што сапраўды ёсьць з чаго абіраць і ёсьць што паказаць, асабліва тое датычна цяжкай музыкі і фолку (фолк-мадэрну).


Імя:: Снежны Чалавек
30.01.2008 01:55

Беларускі рок памёр?

29.01.2008

Не сказаў бы.


Імя:: Ігар
30.01.2008 09:09

Сірога, трымайся, Лёлік табе гэта не даруе!


Імя:: Дар'я
30.01.2008 14:51

Чым вы цікавіцеся ў жыцці, акрамя музыкі? :) Хобі, захапленні...

30.01.2008

Сям'я займае першае месца. А цікавіцца даводзіцца ўсім - прафэсія такая. Другое ж захапленьне пасьля музыкі хутчэй за ўсё літаратура беларуская, асабліва 20-30 гадоў XX ст. - Зарэцкі, Ластоўскі, Гарэцкі, Мрый, паэзія Жылкі. І, пэўна яшчэ назваў бы кіно - добрае, якаснае ды ўдумлівае (Фэліні, Бэрталючы, Лінч, Джармуш, Кубрык).


Імя:: Алесь
30.01.2008 15:55

Сяргей, як Вы ставiцiся до беларускамоуных блюзавых гуртоу (напрыклад, "Мадера Хард Блюз")? Якi cэнс бычыце зараз наогул у блюзе? Можа гэта пратэст супратиу РБ папсы?

30.01.2008

Ну, скажам "Мадэра хард блюз" мае ў сваім рэпэртуары толькі адну беларускамоўную песьню (яна неяк удзельнічала ў нашым чарце), а колісь прасоўвалася пад слёганам "настояшчій русскій блюз", хоць іх лідэр Юры Міхайлаў - чалавек правільны. Вельмі цікавыя рэчы ў гэтым кірунку робяць Свет Бугі Бэнд і Юры Несьцярэнка. Гэта такі кірунак, да якога найбольш пасуе азначэньне "музыка душы". А папсу можна назваць "музыкай цела"-:). Нейкім пратэстам супраць папсы можна было бы назваць, але хутчэй нясьведамым.


Імя:: Літвін
30.01.2008 16:07

Ці не было б лепей праводзіць рэйтынгі на Тузіне паасобку для рок- ды поп-музыкі? А то цяпер вынікі адлюстроўваюць больш музычныя густы наведвальнікоў сайту, чым папулярнасць самых песень.

30.01.2008

...Больш за тое, у нашых плянах разьвесьці таксама іншыя кірункі музыкі - стварыць асобны фолк-чарт, хіп-хоп-чарт, "цяжкі" чарт, мо нават і бардаўскі. Пакуль жа маем агульны гіт-парад і ня бачу анічога кепскага ў тым, што яго вынікі "адлюстроўваюць музычныя густы наведвальнікоў сайту".


Імя:: arbogast
30.01.2008 23:36

З вашага сайту можна спампаваць добрую беларускую музыку, але пра гэта мала хто ведае нават у Беларусі, пагатоў за мяжой. Я разумею, Вам прыемна быць міжвольным манапалістам у гэтай справе. Але хацелася б, каб беларускую музыку ведалі шырэй - знаходзілі на розных сайтах. На ўкраінскіх і расійскіх. Заўважыў, што ўкраінцы не саромеюцца запампоўваць сваю музыку на расійскія сайты - варта пра тое падумаць і прамоўтэрам беларускай музыкі.

30.01.2008

Ня ведаю, чым вы кіруецеся, калі кажаце, што пра ТГ мала хто ведае, пагатоў за мяжой. У мяне крыху іншая інфармацыя: цягам мінулага году на наш сайт зайшлі 200 000 чалавек, а штомесяц песьні, зьмешчаныя ў нас, спампоўваюць ля 50 000 разоў. Прычым заходзяць шмат людзей з іншых краінаў, асабліва суседніх ды ЗША. Скажу яшчэ, што сёньня на “Тузіне Гітоў” працуюць навігацыйныя вэрсіі на ангельскай, расейскай, польскай, украінскай і швэдзкай мовах. А запампоўваць музыку беларускіх выканаўцаў на расейскія сайты – гэта, па-першае, парушэньне аўтарскіх правоў, калі не падпісваць аніякіх папераў, а па-другое справа неўдзячная.


Імя:: Адам Горад:: Гародня
31.01.2008 12:56

Як вы ставіцеся да сённяшніх апазіцыйных палітыкаў, якія нічым не паспрыялі развіццё беларускага року

31.01.2008

Ну як так нічым? А культурніцкія ініцыятывы БНФ? А падтрымка (хай сабе і маральная) з боку Мілінкевіча? Сама пастаноўка пытаньня падаецца ня надта слушнай - палітыкі мусяць займацца сваёй справай, музыкі - сваёй. Тым больш шмат хто з айчынных выканаўцаў і ня хоча завязвацца з палітыкай. Што да майго стаўленьня, то крыху бянтэжыць адсутнасьць нейкай пераемнасьці, практычная адсутнасьць новых яркіх асобаў. Паглядзіце архівы той жа Свабоды і Хартыі: пра што вялося, скажам, шэсьць год таму, тое і засталося актуальным па сёньня, пры тым гульцы на палітычным поле таксама тыя ж самыя...


Імя:: Макс
31.01.2008 13:01

Ці маюць беларускія рок-гурты шанец на эўрапэйскае прызнаньне і пры якіх умовах (пагодзімся, штоваршаўскія канцэрты Н.Р.М. -- гэта даніна хутчэй апазыцыі, чым музыкам).

31.01.2008

Дарма вы так пра N.R.M. Якраз у Польшчы яны маюць не абы-якую вядомасьць. І ўжо ня дзівішся нават польскаму памежніку, які пытаецца: "Беларусь?", а потым пачынае напяваць "Гэй, ля-ля-ля, ты не чакай...":-). N.R.M. мела сумесны тур з Pidzhama Porno па Польшчы, у іх там нават сваё прадстаўніцтва ёсьць. Што да агульнасусьветнага прызнаньня, дык гэта справа часу. Часу і грошай. Як толькі белшоў-біз будзе функцыянаваць па сусьветных законах, тады і будзе нам шчасьце...


Імя:: Касенька Горад:: Менск
31.01.2008 13:10

Прывітаньне,Сяргей! Мяне заўсёды цікавіла і ўражвала: ты так шмат працуеш... Ці знаходзіш час для адпачынку? Як ты ўвогуле адпачываеш? Маючы вельмі прыгожую жонку і цудоўнейшае дзіця, ці шмат часу ты праводзіш у сямейным коле? І апошняе - ці зьбіраесься ты выхоўваць свайго нашчадка ў беларускіх традыцыях, прывучаць да беларускай мовы, музыкі?;) Загадзя дзякуй і віншую з нагоды рэлізу "ПТ-2007". Посьпехаў!

31.01.2008

Дзякуй за добрыя словы! Час для адпачынку ёсьцека, з той нагоды ў сваёй хаце інтэрнэт і не праводжу:). Найлепшы адпачынак - у сямейным коле і тая каштоўнасьць набывае яшчэ больш сэнс з увагі на тое, што даводзіцца шмат езьдзіць і мне, і жонцы (яна вучыцца ў Вільні). Выхаваньне ж дачунькі ў беларускіх традыцыях пачалося ад першага дня яе нараджэньня, бо яе бацькі - беларускамоўныя, ды і засынае яна часьцяком пад калыханкі Янкі Маўзэра і Вайцюшкевіча:).


Імя:: Макс
31.01.2008 13:44

Што магло б пераламіць сытуацыю на эстрадзе РБ, дзе палітыку вызначае расейская прысутнасьць (мара выканаўцы - праславіцца ў Маскве).

31.01.2008

Найперш дзяржаўная палітыка ў дачыненьні да сваёй мовы, культуры і гісторыі. Калі будзе створана "мода на сваё", тады і некаторыя выканаўцы задумаюцца: ці ня лепей прасоўваць нешта Ўласнае, а не рабіць нейкія калькаваныя прыпадабненьні да расейцаў. Пакуль жа поп-прадусары сыходзяць з таго, што беларускамоўныя песьні - нефармат, а значыць прадавацца такі прадукт будзе горш. І зноў жа -- фармаваньне сваёй структуры шоў-бізу, тады сэнсу лезьці ў Маскву будзе меней. Але я асабіста не бачу анічога заганнага ў імкненьні выканаўцаў выйсьці за межы сваёй краіны -- Масква тое, Кіеў альбо Лёндан, -- тут не істотна.


Імя:: Ігар
31.01.2008 13:47

Сягей, перамога менскага хлапца на дзіцячым Эўрабачантьні - гэта на карысьць беларускай эстрадзе ці лукашэнкаваму рэжыму?

31.01.2008

Гэта проста перамога на песенным конкурсе, якіх па ўсім сьвеце - сотні. Мяркую, што ня варта тут казаць пра нейкую карысьць эстрадзе альбо рэжыму - выканаўца здолеў запаліць на сцэне -- малайчына, але глябальную падзею з таго рабіць навошта?


Імя:: Боб Горад:: Менск
31.01.2008 14:00

Чаго бракуе беларускаму Інтэрнэту?

31.01.2008

Крэатыўнасьці, рэклямы, жаўцізны, вельмі часта апэратыўнасьці. Праблема таксама ў практычнай адсутнасьці выбару. Сам факт, што ў ТГ няма аніводнага (!) канкурэнта тут яскравае сьведчаньне.


Імя:: Вэб-рэдактар Горад:: Прага
31.01.2008 14:04

Завяршаем нашую онлайн-канфэрэнцыю.

31.01.2008

Жадаю слухачам Свабоды і наведнікам вэбсайту, найперш, шанаваць сваё і рабіць гэта па-свойму. Быць адэкватнымі. І аптымістычна глядзець у будучыню!


Імя:: Сяргей Горад:: Менск
31.01.2008 14:08

прывітанне Сяргей,як Вы ставіціся да гурта Крамбамбуля?непадаецца Вам,што гэта лепшы беларускі "прадукт"?


Імя:: Сяргей Горад:: Менск
31.01.2008 14:11

прывітанне Сяргей,як Вы ставіціся да гурта Крамбамбуля?непадаецца Вам,што гэта лепшы беларускі "прадукт"?


Імя:: Васіль
31.01.2008 14:47

Як у нашых умовах удалося правесьці добрачынны канцэрт памяці Анатоля Сыса? Гэта цуд? Ці ўсё можна зрабіць, калі мець жаданьне?

Камэнтары 1-20 (з 20)