Форум

Валер Булгакаў

Валер Булгакаў

Радыё Свабода
22.01.2008

23 студзеня ў 13 гадзін па менскім часе адбудзецца онлайн-канфэрэнцыя з палітолягам, галоўным рэдактарам часопісу АРХЭ Валерам Булгакавым.

Валер Булгакаў – галоўны рэдактар часопісу ARCHE.

Нарадзіўся ў 1974 годзе ў Менску, скончыў філялягічны факультэт і асьпірантуру Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і Інстытуту філязофіі ў Кіеве пры Нацыянальнай акадэміі навук. Зь 1996 па 1998 год зьяўляўся адказным сакратаром, намесьнікам галоўнага рэдактару часопісу "Фрагмэнты". З 1998 году – галоўны рэдактар "ARCHE". Нейкі час працаваў карэктарам часопісу “Студэнцкая думка”. Валодае беларускай, польскай, расейскай, нямецкай, ангельскай, украінскай і чэскай мовамі. Аўтар кнгі “Гісторыя беларускага нацыяналізму” (2006). Рэдактар і ўкладальнік  каля 20 выданьняў, у тым ліку збору мовазнаўчых твораў Яна Станкевіча “Язык і языкаведа” (2007) і “Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў” Андрэя Катлярчука (другое выданьне, 2007). Дасьледчыцкія інтарэсы: гісторыя нацыяналізму ў Эўропе 19-га стагодзьдзя. У 2006-2007 г. стыпэндыят Вышэйшай школы гандлю і права імя Р. Лазарскага ў Варшаве. Разам з аднадумцамі рыхтуе поўны збор твораў пісьменьніка і літаратуразнаўцы Адама Бабарыкі, загіблага ў сталінскіх лягерах.

Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-20 (з 20)
 
Імя:: хлопчык з-пад Менску
22.01.2008 20:53

Дык "Как спасти Россию?" :)

22.01.2008

Гэтае пытаньне будзе бадай усім ўдзельнікам форуму незразумелае. Патлумачу: у мой скайп “забіты” выраз “Я знаю, как спасті Россію”. Выраз гэта ня мой, а паходзіць з аўдыявізуальнай творчасьці легендарнай расейскай групы “”НОМ” канца 1990-х. Ён абыгрывае схільнасьць постсавецкіх палітыка да безадказнай дэмагогіі і папулізму. У Беларусі таго часу вы чулі выразы накшталт “Я знаю, як запусьціць заводы” і пад. З гэтага самага шэрагу сёньняшнія эскапады “Власть не должна быть раз і навсегда быть застывшей должна проісходіть ротація”. Калі палітыкі, якія ўжываюць такія формулы, займаюць ключавыя пазыцыі ў тым ці іншым грамадзтве, значыць, ступень дэмаралізацыі як яго эліт, так і “простых людзей” не падаецца апісаньню. Задача інтэлектуала – рэагаваць на такі стан рэчаў. “Спасті ж Россію” на дадзеным этапе азначае прадухіліць яе ператварэньне ў фашысцкую дзяржаву сучаснага тыпу. Калі гэтага ня ўдасца зрабіць, яе будучы распад выглядае непазьбежным.


Імя:: Віктар
22.01.2008 20:58

Вітаю шаноўны сп. Валер! Дзякуй Вам за арганічную працу на карысьць беларушчыны. Хацеў у вас запытацца, прачытаўшы рэцэнзію Алеся Пашкевіча на зборнік "Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ ст.", у Вашым часопісе і азнаёміўшыся з самім зборнікам, як вы ацэньваеце сёньняшнія стасункі пратэстантаў з беларускім рухам? І якія ў гэтым кірунку пэрспэктывы? Нагадаю, што патэстанты хіба адзіныя, хто прымусіў улады адступіць падчас галадоўкі ў абарону будынка царквы "Новае Жыцьцё". Шчыра дзякую!

22.01.2008

Беларускі нацыяналізм і беларускі пратэстантызм маюць шмат супольнага. І першы, і другі (у выглядзе нэапратэтанцкіх рухаў) нават зарадзілася ў прыкладна аднолькавы час (другая палова XIX ст.). Яны разам супрацьстаялі таталітарнай малоху ў савецкі час, абодва адчуваюць на сабе жорсткі перасьлед сучаснай рэпрэсіўнай палітычнай машыны. Нарэшце, і за беларускімі нэапрастантамі, і за беларускімі нацыяналістамі замацавалася мянушка “сэктанты” (магчыма, таксама і таму, што ў беларускія нацыяналісты рэкрутуюцца людзі з павышаным узроўнем рэлігійнасьці). Разам з тым, ёсьць шмат такога, што падзяляе “адраджэнцаў” і нэапратэстантаў. Апошнія, як правіла, арыентуюцца на культурныя нормы, прынятыя ў беларускім грамадзтве, і не ўспрымаюць беларускую мову як фундамэнтальную вартасьць. Яна выкарыстоўваецца для адчапнога, на поўнай пэрыфэрыі царкоўнага жыцьця. Ува ўмовах слабасьці і фрагмэнтаванасьці нацыянальнага руху існуе, бадай, адзіны рэалістычны сцэнар разгортваньня ўзаемаадносін з пратэстантамі. Абедзьве сілы мусяць працаваць у імя свабоды, а і іх лідэры абавязаны падтрымліваць і ўмацоўваць цёплыя нефармальныя ўзаемаадносіны. Нас больш лучыць, чым разьядноўвае.


Імя:: Ліс
22.01.2008 20:59

Шаноўны спадар, Валер! Па-першае, вялікі дзякуй за вельмі добры часопіс, які злучае Беларусь са светам. Па-другое, скажыце, калі ласка, хто з беларускіх пісьменнікаў можа атрымаць нобелеўскую прэмію, калі гэта магчыма.......

22.01.2008

Думаю, ніхто. Чаму? Знаеце, я пару гадоў таму назад размаўляў у адным стакгольмскім рэстаране зь віцэ-старшынём Швэдзкага пэн-клюбу. Калі зайшла мова пра беларускую літаратуру, ён, як і мае быць, сказаў пару дзяжурных фраз аб яе багацьці і росквіце. Каб падтрымаць размову, я запытаўся, творчасьць якіх беларускіх пісьменьнікаў яму даспадобы. Некалькі хвілін ён намагаўся пыкаўся-мыкаўся, а пасьля здаўся. Вы можаце сказаць, за гэты час нешта зьмянілася – на швэдзкую за гэты час перакладзены апавяданьні Барыса Сачанкі ці Ўладзімера Арлова. Аднак і гэтыя вельмі пазытыўныя зрухі не павінны ўводзіць у зман: на швэдзкую і іншыя эўрапейскія мовы творы беларускіх пісьменьнікаў перакладаюцца прыкладна ў такой жа прапорцыі, як і творы з афрыканскіх і іншых неэўрапейскіх літаратур. Беларусь нецікавая Эўропе, бо ня здольная прапаноўваць сьвежы інтэлектуальны і мастацкі досьвед, які б крышку выпярэджваў свой час, падтрымліваць зь ёй паўнаварты культурны дыялёг. Яго падмяняюць анахранічная літаратура, самапрыніжальныя крыкі аб дапамозе і спэкуляцыі вакол асобы першага беларускага прэзыдэнта. У беларускай літаратары два бічы: графаманія і правінцыйнасьць. Да росквіту першай прыклалі сваю руку дзьве акалічнасьці: мэтаскіраваная культурная палітыка савецкай дзяржавы, пры якой беларускія пісьменьнікі ператварылася ў яе кліентаў або былі фізычна вынішаны, і цяжар нацыянальнай традыцыі, якая доўгі час дапускала пашырэньне беларускай нацыянальнай сьвядомасьці толькі пры дапамозе мастацкага тэксту. У выніку часам здаецца, што ў чыста колькасным пляне беларусамоўных пісьменьнікаў у XX ст. было ня так ужо і мала ў параўнаньні зь літаратурамі суседніх нацый.. Але пры гэтым забываюцца дадаць, што яны рэкрутавался толькі з таго пласта беларускага грамадзтва, для якога нешта значыла нацыянальная ідэя, а ён, у сваю чаргу, ніколі не перавышаў пары дзесяткаў працэнта. Другі біч – правінцыйнасьць. Беларускія творцы падсьвядома мараць аб сытуацыю, калі іх будуць узнагароджваць за сам факт публічнага прамаўленьня па-беларуску. Пры гэтым яны ня хочуць разумець, што літаратура, якая ставіць мэтай ўмацаваньне нацыянальнай сьвядомасьці або выкрыцьцё крывавага гэбісцкага рэжыму, можа быць цікавая адно ў межах Беларусі. Каб здабыць міжнароднае прызнаньне, літаратура зь неабходнасьцю мае быць трансгрэсіўнай. Я мяркую, што першы беларускі нобэлеўскі ляўрэат у галіне літаратуры як і Архан Памук будзе мець заходнюю гуманітарную адукацыю і вольна гаварыць на асноўных заходніх мовах.


Імя:: Міхась
22.01.2008 22:23

Чым Вы патлумачыце жорсткія дзеяньні ўлады ў адносінах да акцыі прадпрымальнікаў?

22.01.2008

Гэтая размова. Коратка можна рэзюмаваць так: кантроль над беларускай эканомікай для нашага рэжыму азначае прадухіленьне самастойных эканамічных агентаў, якія могуць гуртавацца з існуючай палітычнай апазыцыяй для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў. Груба кажучы, цяпер у Беларусі ёсьць сотні бізнэсоўцаў, якія маглі б укласьці мільёны ў палітычныя кампаніі, калі б толькі не баяліся за свой бізнэс і сваё жыцьцё… Улада жорстка кантралюе буйны бізнэс, у тым ліку праз увядзеньне элемэнтаў кругавой парукі, у той час жа яна не знаходзіць больш эфэктыўных інструмэнтаў для кантролю над малым бізнэсам, як адміністрацыйная сваволя і рэпрэсіі. Кампанія перарэгістарцыі іпэшнікаў тыпалягічна падобная да зьмяненьня парадку функцыянаваньня няўрадавых аб’яданьняў і палітычных партыяў напярэдадні буйных палітычных кампаніяў. Беларускі рэжым трымаецца ня толькі на раўнавазе страху. Ён імкнецца фрагмэнтаваць беларускае грамадзтва на асобныя замкнёныя кланы, абагароджаныя паміж собку мурам нянавісьці. Акурат таму трэба не паддавацца на фабрыкаванае афіцыйнымі мэдыямі ўяўленьне пра беларускіх прадрымальнікаў як пра драбязьлівых таргачоў, схільных да падману. Якраз таму важна выражаць салідарнасьць. Беларускія прадрымальнікі – розум, гонар і сумленьне сучаснай эпохі.


Імя:: Дзьмітры Вінчэўскі Горад:: Горадня
22.01.2008 23:46

Шаноўны Валер! Шчыра дзякую за тую вялікую працу, якую Вы і Вашы сябры робіце. Ці цікава Вам пад час паездак і выступленьняў у розных мясьцінах Беларусі? Якая з апошніх паездак пакінула найлепшыя/найгоршыя ўражаньні?

22.01.2008

Так, мы сапраўды многа езьдзім, і заўсёды чакаем вашага запрашэньня выехаць у якісьці куток Беларусі (для тых, хто хоча памагчы з прэзэнтацыяй “ARCHE” і “Нашай Нівы” ў сваёй мясцовасьці, на ўсякі выпадак падам свой мэйл analityka@yahoo.com). Нашы падарожжы доўжацца ўжо ня першы год, таму мае назіраньні, казаў той, падмацаваныя практыкай. Знгаджуся з Паўлам Севярынцам – найлепшыя пазыцыі нацыяналльны рух мае на Гарадзеншчыне, і нас там заўсёды найлепш прымаюць. У Горадні існуе вялікая беларуская суполькасьць, якая выгаладася па беларускай кнізе і слова, не апошнюю чаргу таму, што беларускія кнігарні ператварыліся ў ўстанвоыя ідэалягічныя, а не камэрцыйныя: нашу літаратуру на рэалізацыю туды не бяруць ўжо каторы год. Мы паставілі сабе мэту абведваць Горадню штодвамесяцы. 28 лютага заплянаваная чарговая прэзэнтацыя на гарадзенскай сядзібе Таварыства беларускай школы з удзелам рэдактара беларускага выданьня “Карлсана-з-даху” Лявона Баршчэўскага і перакладчыка “Віні-пыха” Віталя Воранава. За Гарадзеншчынай найлепшыя пазыцыі беларуская культура мае на Віцебшчыне і Берасьцейшчыне. Дарэчы, заўтра ў Берасьці адбудуцца 2 прэзэнтацыі кнігі Пятра Рудкоўскага “Паўстаньне Беларусі”, а 9 лютага мы ізноў адведаем Віцебск і яго ваколіцы. Ну і нарэшце Магілёў і Гомель. Рэальнасьць такая. Што пару месяцаў таму нас напаткаў значна больш гарачы прыём у райцэнтры Бяроза, чым ува ўнівэрсытэцкім цэнтры Магілёў. Відаць, гэта наша віна – таму будзем выпраўляцца перад магілеўцамі. Мая мара – адведаць сёлета Брагін і прылеглыя мясьціны. Мяркую, што і там ёсьць нашы чытачы.


Імя:: Балахонаў Горад:: Галацічаск
23.01.2008 00:34

Спадар Валер, прывітаньне! Сёлета часопісу "ARCHE" будзе 10 гадоў. Што-кольвек адмысловае з гэтай нагодзе рыхтуецца?

22.01.2008

Перш за ўсё нашым радзімым Міністэрствам інфармацыі. “ARCHE” на канец мінулага гду меў 3 папярэджаньні ад гэтай арганізацыі. Сёньня зь невялікай затрымкай выходзіць апошні нумар за 2007. На яго воклдцы зьмешчана карыкатура з выявай “найвышэйшай службовай асобы”. У цяпершняй Беларусі друкаваць такія матэрыялы з удзелам першай асобы дэ факта забаронена. Паглядзім, як адрэагуюць на гэта ўлады. А пакуль хачу паведаміць, што на наш часлпіс прымаецца падпіска ўва ўсіх аддзяленьнях “Белпошты”. Карыстайся шанцам, якога заўтар можа і ня быць.


Імя:: А.
23.01.2008 09:09

Ваi прагноp: ці патрапіць хоць адзін прадстаўнік апазыцыі ў палатку прадстаўнікоў на будучых" выбарах"?

23.01.2008

Не для таго Лукашэнка выбары праводзіць, каб на іх перамаглі прадстаўнікі апазыцыі.


Імя:: Gorliwy Litwin
23.01.2008 09:35

наколькі сінанімічныя паняцці "апазіцыя", "трэйці сэктар", "незалежнае грамадства"? Калі казаць пра апошняе - ад каго канкрэтна яно незалежнае?

23.01.2008

Апазыцыя складаецца з палітычных суб’ектаў, зацікаўленых у палітычных пераменах. Трэці сэктар яднае няўрадавыя арганізацыі, якія могуць ставіць перад сабой абсалютна непалітычныя мэты, напрыклад, арганізацыю сьвятаў і ці раздачу гуманітарнай дапамогі. Незалежнае грамадзтва – гэта беларускі эўфэмізм грамадзянскай супольнасьці. Яно ўключае ў сябе індывідаў, уплыў на якіх з боку дэспатычнай дзяржавы абмежаваны. Як пісаў Віталь Сіліцкі, у XXI ст. можна жыць у грамадзтве і быць вольным ад грамадзтва.


Імя:: Ян Максімюк
23.01.2008 11:50

Добры дзень, Валер! Чаму Вы ўбухалі (не магу падабраць іншага слова) „Кароткі нарыс беларускага пытаньня” (усяго толькі на 320 старонак!!) у „Архэ” н-р 11-2007? Матэрыял, па-мойму, цікавы адно для вельмі абмежаванага кола гісторыкаў, якія пра яго, дарэчы, ведаюць і без публікацыі ў „Архэ”. Яшчэ пару такіх публікацыяў, і Вы самі даканаеце свой часопіс, без дапамогі Белпошты і Белсаюздруку. Гавару гэта як Ваш пастаянны чытач і ад сёлета — падпісчык.

23.01.2008

Ну нарэшце пачынаецца прадметная размова пра “ARCHE”... Я з вамі прынцыпова не згаджуся ў тым, што такога роду публікацыі дабіваюць часопіс. Пазалетась мы апублікавалі падобны тэкст – нарыс “Кампанія 1660 году ў Літве” Кшыштафа Касажэцкага ” (http://arche.org.by/2006-6/kasazecki606.htm). Вынік быў у тым, што нумар купляўся за двайную цану значна лепш, чым звычайны нумар за стандартную цану. Мы ў мінулую суботу былі ў Наваполацку і там найбольшы інтарэс сярод нумароў “ARCHE” за 2006 выклікаў акурат той тоўсты. Прыкладна тое самае і з апошнім нумарам “ARCHE”. Больш за тое, ў гэтую суботу будзе адмыловая прэзэнтацыя гэтага тэксту ў Маладэчне з удзелам гісторыкаў Алеся Пашкевіча і Андрэя Вашкевіча. Людзям цікава. Мне цяжка пагадзіцца з тым, што якасна падрыхтаваныя творы з беларускай гісторыі (а “Кароткі нарыс беларускага пытаньня” рыхтаваўся не адзін год) адпужваюць чытача. Мой рэдактарскі досьвед адваротны. Разам з тым я прымаю вашу ідэю ў той частцы, што тэкст гэты нефарматны для “ARCHE”. Гэта не ад добрага жыцьця мы яго далі ў часопісе. Увесь 2007 аўтары перакладу спрабавалі адшукаць выдаўца тэксту, і, на жаль, тэкст нікога не зацікавіў. Тое самае было ў 2006 г. з Касажэцкім. У такой сытуацыі мы былі проста змушаныя падставіць плячо, хоць на нас леглі лішнія выдаткі. Я, дарэчы, не хаваю, што ў 2007 г. наклад “ARCHE” падаў. Цяпер ён складае палову ад накладу “Дзеяслова”. Гэтаму ёсьць розныя тлумачэньні, але публікацыя вялікіх тэкстаў на гістарычную тэматыку найменш пераканаўчае зь іх. Хутчэй у варунках прымусовай дэпалітызацыі адбываецца агульнае падзеньне інтарэсу да друкаванага слова і спад колькасьці людзей, якія могуць і любяць чытаць па-беларуску. Тэндэнцыя гэтая адбіваецца і на папулярнасьці сайту беларускай рэдакцыі “Радыё Свабода”, і на падзеньні накладу “Звязды” і г.д. Да таго ж “ARCHE” загнаны ў субкультурную нішу. Многія “нармальныя” рупліўцы беларушчыны паняцьця ня маюць, што “ARCHE” дагэтуль входзіць і на яго можна свабодна падпісацца. Нарэшце, трэба сказаць і пра сілу традыцыі. Беларускамоўныя чытачы значна лягчэй чытаюць мастацкую літаратуру ці газэтную публіцыстыку, чым заходнюю інтэлектуалістыку.


Імя:: чытач
23.01.2008 13:08

Вы сказалі, што у выпадку фашызызацыі Расеі лічыце яе распад непазьбежным. А на колькі краінаў і якіх? Ну, зразумела, што "Русь", "Сібір" -- а якія яшчэ?

23.01.2008

Думаю, што існуючыя адміністрацыйныя адзінкі, заснаваныя на этнічным прынцыпе, могуць напоўніцца новым зьместам на новым вітку гісторыі.


Імя:: Адмарожаны, але зялёны
23.01.2008 13:10

Ваша думка пра гучныя заявы кіраўніка краіны адносна будаўніцтва АЭС і наогул што да тэмы мірнага атаму ў Беларусі і свеце? (Дарэчы, учорашні мой водгук на апошні Праскі акцэнт Свабода чамусьці не паставіла).

23.01.2008

Наконт мэтагзгоднасьці я ў цэлым разьдзяляю пазыцыю польскіх правых, якія ў сваім назвалі росквіт “зялёных” у Нямеччыне і як вынік рэзкае згортваньне атамных элекстнацый і павялічэньне залежнасьці ад расейскага газу самай пасьпяховай апэрацыяй КГБ. Іншая рэч, што нашым правіцелям тут бракуе рашучасьці.


Імя:: Вовчик
23.01.2008 13:12

Валерий, как Вы относитесь к проведению в Минске гей-парада?

23.01.2008

Для мяне гэта новае. Летась у Варшаве я выпадкова стаў сьведкам такога відовішча, калі пайшоў з дачкой ў Лазенкаўскі парк. Было шумна і весела. Гей-парады – той маркер, які адрозьнівае заходнюю публічную прастору ад рэшту сьвету. Які к чорту ў Менску гей-парад, каі тут садзяць за карыкатуру.


Імя:: Чорная Ласка
23.01.2008 13:26

Валер, я тут паспрачалася з калегам за пляшку Мэтаксы, што беларускі народ ніколі не паўстане супраць рэжыму (груба фармулюючы). А вы некалі пісалі, што паўстане, толькі калі Лукашэнка пачне паядаць немаўлят. Ці набраліся вы з той пары аптымізму?

23.01.2008

Тут тонкасьць у нюансах. Штодня беларусы паўстаюць супраць рэжыму –гаворачы публічна па-беларуску, аддаючы сваіх дзетак у беларускія клясы, клеячы да сваіх аўто Пагоню і Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Вы,мабыць, маеце на ўвазе перамогу над рэжымам. А для гэтага трэба ўзроень нацыянальнай салідарнасьці і кансалідацыі, якім наша нацыя ня можа пахваліцца. Таму абодвум бакам – і ўладнаму, і апазыцыйнаму – ёсьць на чым працаваць.


Імя:: Назіральнік
23.01.2008 13:28

Спадар Валер, як вы ацэньваеце спробы бацькоў утвараць беларускамоўныя групы і садкі? Ці могуць гэтыя дзеянні перарасці ў рух, які ўзмоцніць і пашырыць беларушчыну на Беларусі?

23.01.2008

Толькі так і можна змагацца, калі вы толькі не палітычны актывіст і ня кніжны выдавец. І тут беларусам ёсьць над чым працаваць. Нашы гісторыкі ня любяць афішаваць факт, што пад канец існаваньня міжваеннай Польшчы ў гэтай дзяржаве было амаль паўтысячы ўкраінскіх школаў і нуль беларускіх. Праз пяцьдзясят гадоў гэта мела плёнам пераход Украіны да дэмкратыі і рэзкі паварот Беларусі назад да аўтарырызму.


Імя:: Георгі Несьцер Горад:: Берасьце
23.01.2008 13:40

1. На Вашу думку, адкуль пайшоў Лукашэнка і чаму ў нашым грамадзтве існуе забарона ператварэньня несьвядомых беларусаў у беларускамоўных з разьвітай нацыянальнай сьвядомасьцю. Як вам падаецца, чаму ў Лукашэнкі такая нянавісць да беларускай мовы і культуры? 2. На Вашу думку, калі адбудуцца перамены ў Беларусі? Што стане іх перадумоваю? Што самае галоўнае цяпер для Грамадзянаў, а што другаснае? 3. Якім Вам прадбачыцца Беларускае будачае? 4. Чым Вы найбольш даражыце са зробленага вамі? Якія з праектаў найдаражэйшыя Вашаму сэрцу? 5. Хто для Вас узоры ў навуцы, палітыцы, жыцьці? 6. Хто зрабіў на Вас найбольшы ўплыў? Я маю на увазе і жывых людзей і асобаў мінулага. 7. Скажыце, калі ласка, каго з сучасных беларускіх пісьменьнікаў вы любіце чытаць.

23.01.2008

Стаўленьне Лукашэнкі да нашай мовы і культуры ў цэлым не адрозьніваецца ад агульнапрынятага ў нашага грамадзтве. Як і бальшыня беларусаў, Лукашэнка ўспрымае беларускую мову як нешта культурна неабавязковае. Як палітык, ён працягвае лінію, калі наша мова была ўсяго толькі аб’ектам маніпуліцый і ўмацаваньня палітычнай легітымнасьці. Трэба адмовіцца да утапічных уяўленьняў пэрыяду росквіту нацыяанльна-дэмакратычнага руху, што купка апантаных беларушчанай людзей, заваяваўшы дэпутацкія мандаты, зможа зьверху беларусізаваць наша грамадзтва. Перамены наступяць адно тады, калі акурат зьнізу наша мова перастане быць аб’ектам кпінаў. Каб гэтага дасягнуць, патрэбная цяжка і шматгадовая культурная праца, якая не адразу дасьць эфэкт. Будучыня Беларусі ў найбліжэйшых пару дзясяткаў гадоў будзе разгротвацца па 2-х найбольш верагодных сцэнарыях. Першы азначае ўмацаваньне статусу Беларусі як дзяржавы-кліента Расеі. Дургі – ператварэньне ўва ўсходнеэўарпйескую дзяржаву накшталт Малдовы, Для гэтага неабходная зьмена палітытычнай адміністарцыі. І пры першым, і пры другім сцэнару Беларусь ня стане членам ЭС. Мне абурае ашуканства нашых аналітыткаў, якія з году ў год пашыраюць байкі аб тым, што Беларусь трапіць у ЭС хутчэй, чым Україна. Больш палітычнай нізкавокасьці цяжка сабе ўявіць. На рэшту пытаньняў няма часу адказваць – пачытайце, кнігі, якія я выдаў, і вы ўсё зразумееце (http://arche.org.by/knihi.htm).


Імя:: Віня-Пых
23.01.2008 13:45

Правільна не Віні-Пыха, а Віня-Пыха, першая частка імя не скланяецца.

23.01.2008

Цікава было б даведацца, што думаюць і іншыя ўдзельнікі форуму на гэты конт.


Імя:: Ваалеры Грыцук
23.01.2008 13:46

СпадарБулгакаў, я разумею, што гэта вашая права займацца чым заўгодна, але вы маеце добры філалягічны і філязофскі патэнцыял, а таму лічу вы прынеслі б больш карысьці Беларусі, калі б ратавалі беларускую культуру і мову, якія знішчаюцца штодня. Вашыя філязофскія і паліталагічныя опусы я не прыймаю і не згоденз імі, асабліва, у кіжках Фундацыі С.Баторего і выступах р.Свабода. Ці задача вашача часопіса - гэта захаваньне і развіцце беларускай культуры ? Ці лічыце, што пасля ўходу у палітыку" "нашай Нівы", ваш часопіс адзіны прытулак беларускай культуры ?

23.01.2008

У вашым пытаньні для мяне многа няяснага. Сьпярша вы сьцьвярджаеце, што робячы тое, што я раблю, я не ратую нашай мовы і культуры. Пасьля кажаце пра опусы у кніжках Фундацыі С.Баторего, хоць я для гэтай арганізацыю за ўсё жыцьцё напісаў адзін тэкст у паўстаронкі. Калі ласка, ясьней фармулюйце пытаньні.


Імя:: Алесь
23.01.2008 14:11

У якім беларускім горадзе, натуральна, за выключэньнем сталіцы, найбольш прыхільнікаў і чытачоў часопіса "Архэ"?

23.01.2008

У Горадні.


Імя:: Алесь
23.01.2008 14:19

Ці не плянуе Архэ заснаваць сваю бібліятэчку, як, напрыклад, Дзяўслоў і НН?

23.01.2008

У нас дэ факта існуе свая бібіліятэчка, адно што на кніжкай з гэтай сэрыі няма адпаведнага надпісу (гл. http://arche.org.by/knihi.htm). Сёлета ў яе рамках выйдзе перавыданьне “Мадэрнай гісторыі Беларусі” Ю. Туронка. Першае выданьне было сьпехам падрыхтаванае, і ў другое мы ўнесьлі больш за 4 тыс. паправак. Сёлета таксама выйдзе Збор твораў Адама Станкевіча, у які ўвойдуць ўсе большыя творы гэтага аўтара, выдадзеныя пры яго жыцьці і пасьля яго заўчаснай гібелі. Таксама сёлета маюць выйсьці 5 кніжак гісторыкаў зь беластоцкага ўнівэрсытэту – “Беларускаія вайсковая фармаваньні” А. Латышонка, “Ад белых русінаў да беларусаў” таго самога аўтара, зборнік яго драбнейшых гістарычных працаў, сумесная манаграфія з Я. Міранвоічам “Гісторыя Беларусі” і нарэшце кніжка Я. Мірановіча пра беларусаў у Польшчы. Нарэшце, цяпер мы рыхтуем Збор твораў Адама Бабарэкі. Я зьвяртаюся да ўсіх людзей добрай волі з просьбай падтрымаць гэтую ініцыятыву. Ёсьць яшчэ іншыя ідэі, але ці ўдасца іх зрэалізаваць, пакажа час.


Імя:: Вэб-рэдактар.
23.01.2008 14:33

Завяршаем нашую онлайн-канфэрэнцыю.

23.01.2008

Дзякую за форум, шаноўныя сябры! Спадзяюся, што ў новым 2008 годзе наша нацыя стане больш разьняволенай, а яе культурны капітал будзе расьці.

Камэнтары 1-20 (з 20)