Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Жызьнеўскі пасьмяротна атрымаў царкоўную ўзнагароду


Бацькі Міхася Жызьнеўскага, які загінуў падчас Рэвалюцыі годнасьці ў Кіеве, атрымалі мэдаль «За ахвярнасьць і любоў да Ўкраіны». Цырымонія прайшла ў Міхайлаўскім саборы ў Кіеве.

«Калі б не падтрымка Ўкраіны, нам увогуле вельмі цяжка было б у Беларусі», — сказала маці Міхася Ніна Жызьнеўская.

Мэдаль «За ахвярнасьць і любоў да Ўкраіны» заснаваў Кіеўскі патрыярхат Украінскай праваслаўнай царквы па блаславеньні патрыярха Філарэта сёлета ў студзені для адзнакі тых, хто прадэманстраваў актыўную грамадзянскую пазыцыю, гераізм і самаахвярнасьць падчас Рэвалюцыі годнасьці, падзеяў на Данбасе і ў Крыме, а таксама за валантэрскую дзейнасьць і дапамогу Ўзброеным сілам і добраахвотніцкім батальёнам. Гэтую царкоўную ўзнагароду сёлета атрымалі сотні ўкраінскіх патрыётаў.

«Перад кожным чалавекам паўстае пытаньне — героі Нябеснай сотні існуюць толькі ў нашай памяці ці яны працягваюць сваё існаваньне ў іншым жыцьці? Мы перакананыя, што ня толькі ў нашай памяці, а і ў іншым жыцьці. Так сказаў Бог, і калі так сказаў Бог, то гэта і ёсьць праўда. Яны аддалі сваё жыцьцё ў любові да сваёй бацькаўшчыны, у любові да свабоды і да сваёй сям’і. Яны аддалі сваё жыцьцё, бо былі перакананыя, што іх сем’і маюць жыць у свабодзе», — з такімі словамі зьвярнуўся да сваякоў герояў Нябеснай сотні патрыярх Філярэт.

Міхась Жызьнеўскі браў удзел у ахове Эўрамайдану і загінуў падчас штурму на вуліцы Грушэўскага. У лістападзе 2014 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзнагародзіў Міхася Жызьнеўскага ордэнам Герояў Нябеснай сотні. І паабяцаў: яму, як і іншым замежным грамадзянам, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці, будзе прысвоена званьне Героя Ўкраіны.

Украінская грамадзкая арганізацыя «Сям’я Нябеснай сотні» штораз нагадвае Пятру Парашэнку пра гэтае абяцаньне.

«Мы ня можам ня выказаць свайго абурэньня тым, што тром чалавекам у нашай „Сям’і Нябеснай сотні“ не далі званьня герояў. Я яшчэ раз прашу Пятра Парашэнку, нашага прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў, настойліва просім усе, каб паскорылі прысваеньне нашым героям гэтага высокага ганаровага званьня. Слова трэба трымаць. Мы чакаем. Заканадаўчыя магчымасьці цяпер ёсьць. Зараз на працягу месяца можна нашым героям спачатку даць грамадзянства Украіны, яны гэта заслужылі, а тады ўжо аўтаматычна ім прысвоіць і званьне Героя Ўкраіны», — сказаў прадстаўнік арганізацыі «Сям’я Нябеснай сотні» Пятро Сіненка.

Бацька Жызьнеўскага, Міхаіл Пятровіч
Бацька Жызьнеўскага, Міхаіл Пятровіч

Бацькі Міхася Жызнеўскага таксама чакаюць гэтага рашэньня Пятра Парашэнкі, яны мяркуюць, што гэта спыніць абвінавачваньні на іх адрас у Беларусі:

«Мішу называюць нацыстам і бандытам. Разумееце? Я нават не магу выйсьці на вуліцу, таму што бягуць і крычаць наўпрост мне ў вочы „бандэраўка“, „здраднікі беларускага народу“, „мы яшчэ вас усіх не забілі, але ўсё роўна вас усіх паб’ём, задушым“. Я ўжо стамілася ад усяго гэтага. Нам Парашэнка, калі ўручаў ордэн Героя Нябеснай сотні, сказаў, што для яго гэта справа гонару, каб Мішу прысвоіць званьне Героя Ўкраіны, але да гэтага часу ён нешта маўчыць. Я хачу, каб мае словы дайшлі да Парашэнкі. Бо Міша загінуў за мір і свабоду Ўкраіны. За што ён і яшчэ двое хлопцаў аддалі сваё жыцьцё? Яны ж не свае сем’і баранілі, а абаранялі Ўкраіну, украінскіх грамадзянаў, украінскі народ, таму трэба неяк падумаць пра гэтых вось менавіта трох хлопцаў», — сказала Ніна Жызьнеўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG