Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь юбілейнай выставы «Пагоні» выдалілі яшчэ дзьве карціны


Уладзімер Крукоўскі. Што ж мы за людзі?. Фрагмэнт карціны
Уладзімер Крукоўскі. Што ж мы за людзі?. Фрагмэнт карціны

З экспазыцыі мастацкай выставы, прысьвечанай 25-годзьдзю творчай суполкі «Пагоня», зьнялі яшчэ дзьве карціны. Гэта мастацкае палатно Алеся Цыркунова, прысьвечанае Другой усясьветнай вайне і ўдзелу беларусаў у баях каля Монтэ-Касіна ў Італіі. А таксама карціна Ўладзімера Крукоўскага пад назвай «Што ж мы за людзі?», прысьвечаная гербу «Пагоня».

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў старшыня суполкі «Пагоня», мастак Генадзь Драздоў.

Выстава адкрылася напярэдадні ў менскім Палацы мастацтва. За некалькі гадзін да адкрыцьця на загад зь Міністэрства культуры былі зьнятыя некаторыя працы Алеся Марачкіна і Алеся Пушкіна. Старшыня «Пагоні» Генадзь Драздоў у зьвязку з новым інцыдэнтам сказаў:

«Тое, што з выставы зьнялі новыя дзьве карціны на дадатак да трох, выдаленых напярэдадні, мы ўгледзелі толькі сёньня. Мы нават ня ведаем, хто, калі, зь якіх прычынаў ці на які загад зьняў гэтыя новыя працы. Прычым адна зь іх прысьвечаная апошняй вайне і змаганьню з фашызмам, а другая — нашай гістарычнай спадчыне. Ні са мной як старшынём суполкі, ні з мастакамі гэтае пытаньне ніхто не ўзгадняў і нават не паведамляў пра гэта. Гэта ня толькі прыкрая, але і абуральная сытуацыя. Таму зараз мы рыхтуем зварот на імя старшыні Саюзу мастакоў Рыгора Сітніцы, каб высьветліць, зь якіх прычынаў і паводле якіх паказчыкаў — мастацкіх, эстэтычных ці ідэалягічных — былі зьнятыя названыя працы, на чый загад, хто і калі гэта зрабіў».

Як паведаміў Генадзь Драздоў, гэта ня першы выпадак, калі без тлумачэньня прычын з экспазыцыяў здымаюць працы мастакоў суполкі «Пагоня». Таму гэтым разам сябры суполкі маюць намер патрабаваць расьсьледаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG