Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар «Русского репортёра» ў Менску: «На Данбасе „амаль дзяржавы“, а ў Беларусі ўсё добра»


Міжнародны мэдыяклюб прывёз у Менск галоўнага рэдактара «Русского репортёра» Віталя Лейбіна. Прарасейскія суполкі ў сацыяльных сетках прадстаўлялі маскоўскага госьця як журналіста, які «актыўна выступае ў падтрымку народных рэспублік Данбасу ў барацьбе з бандэраўшчынай».

Афіцыйна выступ Лейбіна называўся «Репортёрская полевая журналистика как способ познания мира». Мадэратарам выступіў новапрызначаны дэкан філязофска-эканамічнага факультэту БДУ Вадзім Гігін.

Лейбін амаль адразу распавёў, што бабуля зь дзядулем у яго зь Беларусі, бацькі пазнаёміліся ў Маладэчне, а сам ён нарадзіўся ў Данецку, што «моцна паўплывала на ягоную пазыцыю ў апошнім канфлікце».

Вадзім Гігін, задаўшы першае пытаньне выступоўцу, параўнаў яго са Сьвятланай Алексіевіч:

«Вы сказалі, што вы грамадзянін Украіны, вашы бацькі зь Беларусі, а працуеце вы ў Расеі. Атрымліваецца такая Сьвятлана Алексіевіч наадварот... Ці азначае гэта, што мы па-ранейшаму жывем у адзінай культурнай ці моўнай прасторы, ці гэта розныя прасторы, якія дзеліць ідэалёгія?», — запытаўся Гігін. Адказваючы на пытаньне, Лейбін заявіў, што сам ён чалавек савецкі, і ў гэтым сэнсе большасьць людзей, якія жывуць на гэтай тэрыторыі, — носьбіты адной культуры. Аднак гэта не азначае, што яны мусяць жыць у адной дзяржаве, — дадаў Лейбін. — «Галоўнае, каб гэтая культура жыла».

Сярод іншых задалі Лейбіну і пытаньне пра тое, што такое «новыя рэспублікі ва Ўкраіне — ці яны больш падобныя да новай Абхазіі, ці да Прыднястроўя».

Па словах Лейбіна, «хаосу, які быў да жніўня 2014 году, там ужо няма». Кажа, што дагэтуль сапраўды «быў жах... шмат розных людзей са зброяй... нерэгуляваны гвалт». Цяпер, сьцьвярджае Лейбін, гэта амаль падобна да дзяржавы.

«Мы думалі, што там будзе „Самалі“. Але пэўна не. Пакуль падобна да Прыднястроўя», — падсумаваў Лейбін.

На пытаньне, ці сочыць Віталь Лейбін за сытуацыяй у Беларусі і ці бачыць у ёй перамены, рэдактар адказаў, што «ня вельмі». «Думаю, што з пункту гледжаньня таго, якія грандыёзныя крызісы адбываюцца ў суседніх краінах, у Беларусі ўсё добра».

Большая частка выказваньняў Лейбіна была прысьвечаныя прафэсійным журналісцкім праблемам. Аўдыторыю зь некалькіх дзясяткаў чалавек складалі студэнты і актыўныя пэнсіянэры.

Хлапец зь бел-чырвона-белай стужкай на заплечніку пасьля сустрэчы сказаў, што прыйшоў, бо падзея падалася яму цікавай, але для сябе ён зь яе нічога ня вынес.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG