На перамовы з уладамі пайшлі прадстаўнікі рынкаў і аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу. Прадстаўніка «Пэрспэктывы» не дапусьцілі.
Пад віцебскім аблвыканкамам 22 сьнежня адбываецца сход прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі а 13-й гадзіне сабраліся ў гандлёвым цэнтры «Эвіком», па выніках сходу вырашылі пайсьці да аблвыканкаму, каб патрабаваць скасаваньня ўказу № 222.
Да некалькіх соцень прадпрымальнікаў на ганак выканкаму выйшаў начальнік абласнога дэпартамэнту па разьвіцьці прадпрымальніцтва, які спрабаваў растлумачыць, што пытаньні ўказу № 222 рашаюцца ня ў Віцебску, а на вышэйшым узроўні. Але пусьціў прадпрымальнікаў на перамовы зь мясцовымі ўладамі.
Такі адказ не задаволіў прадпрымальнікаў, яны не разыходзяцца і чакаюць вынікаў перамоваў. Яны скандуюць «Работу!» і «Адмена!».
На перамовы ў аблвыканкам зайшлі чацьвёра прадстаўнікоў прадпрымальнікаў з розных рынкаў, у іх ліку старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч.
На сходзе ў Ляшкевіч адбыўся канфлікт з прадстаўніком рэспубліканскага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатолем Шапавалавым — яна заявіла, што ня стане весьці перамовы ў аблвыканкаме, калі на іх трапіць Шапавалаў. У выніку Ляшкевіч пайшла на перамовы — Шапавалаў застаўся на ганку.
Акрамя таго, віцебскія прадпрымальнікі чакаюць, каб да іх выйшаў старшыня аблвыканкаму ці прынамсі яго намесьнік — маўляў, у розных гарадах чыноўнікі сустракаліся з народам, у Віцебску ж ігнаруюць людзей. Перамовы вядуцца на ўзроўні падатковай інспэкцыі.
У Віцебску, як і па ўсёй краіне, ад пачатку 2016 году большая частка прадпрымальнікаў ня выйшла на працу ў сувязі з указам № 222. Як кажа Анатоль Шапавалаў, рынкі пустуюць прыблізна на 85%.